У вайскоўцаў і ветэранаў войскаў супрацьпаветранай абароны – прафесійнае свята. Лукашэнка ў сваім віншаванні назваў СПА «надзейным шчытом Айчыны», аднак не згадаў залёту ў беларускае неба расейскіх дронаў і ракетаў.
«Войскі супрацьпаветранай абароны Рэспублікі Беларусь – гэта надзейны шчыт Айчыны, залог мірнай будучыні краіны», – цытуюць дзяржаўныя крыніцы віншаванне Аляксандра Лукашэнкі.
Ён адзначыў, што асабовы склад «і ў будні, і ў святы нясе баявую вахту, ахоўваючы мірную працу і спакой беларусаў».
Пры гэтым палітык не згадаў расейскіх дронаў у беларускім небе, а таксама транзітных пралётаў расейскіх ракетаў, што атакуюць Украіну. Знішчэнне гэтых цэляў і ёсць задачаю войскаў супрацьпаветранай абароны.
Зусім нядаўна, напрыканцы сакавіка, намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў заявіў, што дроны залятаюць у Беларусь ледзь не штотыдзень. Паводле яго, «вось колькі яны ў палях падалі, столькі яны выбухалі, аднак колькі яны падалі ў паселішчах, вы ведаеце, яны не выбухаюць».
«Яны вось проста паміж дамоў падаюць, на дарогу падаюць, да дому застаецца 50-60 метраў», – наракаў Карпянкоў.
Міністр абароны Віктар Хрэнін у сваім віншаванні таксама нічога не сказаў пра «сяброўскія» беспілотнікі ў беларускай паветранай прасторы. Затое ён адзначыў «нязменныя якасці» вайскоўцаў СПА: «вайсковую доблесць, гераізм, мужнасць, самаадданасць і вернасць вайсковай прысязе».
Пра «надзейны шчыт Айчыны» ідзецца і ў віншаванні Палаты прадстаўнікоў. Дэпутаты ўпэўненыя, што войскі СПА «надзейна забяспечваюць недатыкальнасць паветраных межаў Беларусі, дэманструючы высокі прафесіяналізм, зладжанасць і выдатную баявую вывучку».
А старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава назвала зенітчыкаў «гарантам бяспекі паветраных межаў Беларусі» і падзякавала вайскоўцам за «ахову неба Беларусі», «забяспечванне мірнай працы і спакойнага жыцця нашых грамадзянаў».
Сцяпан Кубік belsat.eu