«Беларускі Гаюн» спыніў сваё існаванне, але расейскія беспілотнікі над Беларуссю ўсё ляцяць і ляцяць. Сабралі інфармацыю пра дроны, якія заляталі ў Беларусь з моманту спынення працы маніторынгавага праекту і агулам за ўвесь час назіранняў.
Як вядома, 5 лютага праект «Беларускі Гаюн» паведаміў пра несанкцыянаваны доступ да чату тэлеграм-каналу, а праз дзень, 7 лютага, напісаў аб спыненні сваёй працы. Але з гэтага моманту дроны не толькі заляталі ў Беларусь, але і нарабілі нямала шуму.
Гэтак, у ноч на 9 лютага сталася вядома пра залёт на тэрыторыю Беларусі як мінімум 12 беспілотнікаў. Гэта адбылося падчас расейскай атакі на Украіну. Выданне «Флагшток» паведаміла, што жыхары Гомля чулі глухія выбухі (найменей тры) з інтэрвалам у 15-20 секундаў. Верагодна, чутная была праца сродкаў СПА (цалкам магчыма, расейскіх, якія размешчаныя ў Зябраўцы).
Раніцай 10 лютага сталася вядома, што адзін з дронаў упаў каля будынку райвыканкаму ў Хойніках каля 3:30 ночы і ледзь не зачапіў пяціпавярховага жылога дому № 3 на завулку Катоўскага. Увесь дом эвакуявалі, а людзей часова размясцілі ў гатэлі. Крамы побач былі зачыненыя ўвесь дзень. Пасля абеду беспілотнік вывезлі і падарвалі. У горадзе назіралася ўзмоцненая прысутнасць сілавікоў, у тым ліку АМАПу. У той жа час у дзяржаўных СМІ адсутнічала ўсялякая інфармацыя пра гэты інцыдэнт.
У ноч на 13 лютага ў Беларусь чарговы раз заляталі «Шагэды». Гэта адбылося падчас масавай расейскай атакі на Украіну. Дакладную колькасць беспілотнікаў высветліць не ўдалося, аднак людзей ізноў напужалі гукі выбухаў – дрон збівала СПА. Адбылося гэта каля 00:32 над Гомлем. Пра падзенне абломкаў на зямлю паведамілі жыхары цэнтральнай і паўночна-ўсходняй частак гораду.
У той жа час мясцовыя ўлады заклікалі людзей «не разводзіць панікі і не весціся на правакацыі», а пасля пажадалі ўсім добрай ночы.
Залёты з пачатку года
Паводле звестак «Беларускага Гаюна», з 28 студзеня да 2 лютага ў паветраную прастору заходзілі 23 расейскія беспілотнікі тыпу «Shahed». 28 студзеня адзін з іх быў збіты СПА ў Мазырскім раёне.
5 лютага быў зафіксаваны найменей адзін выпадак заходу «Шагэда» на тэрыторыю нашай краіны з Украіны, але пасля ён пакінуў Беларусь і рухаўся ў напрамку Прыпяці. Паведамляецца, што яшчэ адзін дрон рухаўся з Жытомірскай вобласці на Беларусь. Ці заляцеў гэты дрон у выніку на нашую тэрыторыю – невядома.
7 лютага «Беларускі Гаюн» паведаміў пра з’яўленне «Шагэда» ў Беларусі; пазней дрон пакінуў тэрыторыю нашай краіны, вылецеўшы назад ва Украіну. Гэта было апошняе паведамленне маніторынгавага каналу пра з’яўленне варожых дронаў над Беларуссю.
За студзень каманда «Гаюна» зафіксавала 94 расейскія «Шагэды», два з іх былі збітыя. Паведамлялася таксама, што найменей тры беспілотнікі ляцелі наўпрост з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, адзін дрон быў збіты СПА пад Гомлем, другі – пад Мазыром.
Што было ў 2024 годзе
Цягам 2024 года, паводле падлікаў «Гаюна», на тэрыторыю нашай краіны заляцелі 395 дронаў з Расеі і Украіны. Большая частка з іх – гэта так званыя шагэды (расейскія ўдарныя дроны). Сярод іх таксама было адзначана пяць выведчых беспілотнікаў. З іх 196 БПЛА вярнуліся ва Украіну і Расею, 189 папросту зніклі (як кажуць вайскоўцы, былі лакацыйна страчаныя), 10 былі збітыя або ўпалі ў Беларусі і Латвіі.
Асабліва масавымі залёты былі ў лістападзе і снежні. За апошні месяц года маніторынгавая група налічыла як мінімум 145 «Шагэдаў».
Усяго за час назірання «Беларускі Гаюн» налічыў 495 заходаў расейскіх БПЛА ў Беларусь, шэсць з іх заляталі ўжо ў лютым.
Раман Шавель belsat.eu