Меркаваннi

Чаму ўкраінцы забараняюць беларускую мову?

img
Фота: online.vsu.by
podpis źródła zdjęcia

Інфармацыя аб тым, што ў Кіеве адбудзецца міжнародная навуковая канферэнцыя мовазнаўцаў, на якой можна будзе карыстацца рознымі славянскімі мовамі апроч расейскай і беларускай, выклікала розгалас у асяродку і беларускай, і ўкраінскай акадэмічнай супольнасці.

Арганізатарам мерапрыемства выступае Інстытут Украінскай мовы Нацыянальнай акадэміі навук. Канферэнцыя «Дыялекты ў сінхраніі і дыяхраніі: даследчыя парадыгмы ў сучаснай дыялекталогіі» прызначана на восень (9-10 кастрычніка).

Некаторыя ўкраінскія навукоўцы цягам двух дзён з абурэннем выказваюцца ў сацыяльных сетках на ініцыятыву сваіх калегаў-філолагаў. Доктар філасофскіх навук, прафесар Аляксандр Саган напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбук: «Чамусьці нашыя вучоныя вырашылі дапамагчы знішчыць беларускую мову. Рэжым Лукашэнкі не размаўляе па-беларуску. На мой погляд, гэта няправільная і недальнабачная пазіцыя». Кандыдат навук, супрацоўнік Інстытуту філасофіі імя Рыгора Скаварады НАН Украіны Уладзімір Валкоўскі звярнуўся да арганізатараў канферэнцыі з Інстытуту Украінскай мовы: «А чаму вы забараняеце беларускую мову на сваёй канферэнцыі? Вы на баку Расеі?»

Ілюстрацыйны здымак. Беларускія кнігі на кніжнай выставе ў Беластоку. (Фота: Радыё Рацыя)

Ці папросяць прабачэння арганізатары канферэнцыі ў беларускіх даследнікаў?

навіны

Згадваецца падобная сітуацыя, якая была ў лістападзе 2023 года. Тады канферэнцыя «Інавацыі ў філалогіі: меры засцярогі ці патрэба часу» была запланавана ў Акадэміі паланістыкі ў польскім Чэнстахове. І тады таксама арганізатарамі забаранялася беларуская мова. Пасля дыскусіі, якая разгарэлася ў навуковым асяродку, дырэктар рэктарату Акадэміі паланістыкі ў Чэнстахове Шыман Полаць паведаміў «Белсату», што яны не зʼяўляюцца арганізатарамі канферэнцыі, а эмблема і назва Акадэміі ў абвестцы выкарыстана незаконна.

Усе чакалі, што нехта з арганізатараў мерапрыемства папросіць прабачэння за такую шчырую дыскрымінацыю. Бо і слова «Беларусь» было напісана з маленькай літары. Але здаецца ніякіх пісьмовых прабачэнняў так і не прагучала. І вось прайшло амаль паўтара года. І гэтым разам таксама канферэнцыю арганізоўваюць украінскія мовазнаўцы. Нічога не змянілася. Тыя ж патрабаванні. Чаму?

Доктар гістарычных навук, прафесар Святлана Куль-Сільвестрава ўжо сутыкалася з аналагічнай сітуацыяй. Яна лічыць, што праблема ў вельмі слабой інфармаванасці ўкраінцаў у беларускім парадку дня. «Беларускія рэаліі ім амаль не вядомыя і не цікавыя, яны прызначылі нас, дзякуючы прапагандзе, на ролю акупантаў і памагатых расейскай агрэсіі. На канферэнцыі па міграцыі, якую мы арганізоўвалі год таму, давялося бурыць гэтую перакананасць у калег-навукоўцаў. Яны абсалютна не ведалі пра нашыя пратэсты. Для іх было шокам, калі мы прадставілі факты і лічбы. То ў дадзеным выпадку маем тую ж глухую інфармацыйную абмежаванасць», – такое меркаванне даследчыцы.

І гаворка ж ідзе аб дыпламаваных навукоўцах. Што ж казаць пра звычайных украінцах? Многія беларусы, калі вымушаны былі апынуцца на тэрыторыі Украіны пасля падзеяў 2020-га, са здзіўленнем яшчэ тады выяўлялі, што ўкраінцы вельмі мала ведаюць пра тое, што адбываецца ў суседняй краіне. Беларусы абмяркоўвалі паміж сабой, што ім увесь час даводзілася адказваць на пытанне: «А чым вас Лукашэнка не задавальняе? Ён жа гаспадарнік, парадак у вас усюды, чыста». Часам цяжка было падабраць словы, каб растлумачыць сваю пазіцыю. Што да беларускай мовы, то зразумела, што яна не на слыху ва ўкраінцаў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас паездкі на Сумшчыну, Украіна. 3 красавіка 2025 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: President.gov.ua

ЗША і Украіна наблізіліся да дамовы аб выкапнях. Але ж ці на ўкраінскім баку Штаты?

Вайна

У Кіеўскай краме я загаварыла з прадавачкай па-беларуску. Яна перабіла мяне: «Ды не гвалтуйце сябе, гаварыце па-руску». Яна вельмі здзівілася, калі пачула, што я размаўляю па-беларуску. Жанчына толькі паціснула плячыма: «Вось як? А дзе я магла яе чуць?». Пра «смешную» мову нам даводзілася чуць не раз. Мусіць, так можа ўспрымацца на слых мова падобная на тваю родную, але пачутую ўпершыню. Хоць і праўда: дзе гэтая маладая ўкраінка магла чуць беларускую мову? Яна нарадзілася тады, калі «Песняры» ужо не гучалі з радыёпрымачоў і з экранаў тэлевізараў. А ўся астатняя музыка ва Украіне была на рускай ці на ўкраінскай.

Не раз я задавалася пытаннем: хто вінаваты ў тым, што ўкраінцы так слаба інфармаваныя аб сітуацыі ў Беларусі? Чаму яшчэ да вайны сярэднестатыстычны беларус мог назваць вобласці Украіны, назвы партый і іх лідараў, прэзідэнтаў, тым больш, што ў іх іх хаця б было некалькі? Чаму мы шукалі на самых розных каналах інфармацыю аб «аранжавай рэвалюцыі»? Чаму тады столькі беларусаў прыехала падтрымаць украінцаў? Чаму ў беларусаў у тэлефонах па некалькі ўкраінскіх тэлеграм-каналаў і яны могуць расказаць якая сітуацыя сёння на фронце? Чаму столькі беларусаў ваююць і столькі загінула, каб Украіна адстаяла сваю незалежнасць?

Магчыма, украінскія СМІ слаба асвятлялі падзеі ў суседняй краіне. Магчыма, ва Украіне былі больш развіты настальгічныя рэфлексы па страчаным СССР, а Беларусь ім нагадвала той астравок «сацыялістычнага раю». Украіна вялікая і ў рэгіёнах настроі адрозніваюцца. Але хто мусіць пераламаць сітуацыю? Бо калі пакідаць усё так як ёсць, то нас па-ранейшаму будуць лічыць памагатымі агрэсара, адказнымі за ўсё разам з ім. Як можна прымусіць народ паважаць культуру і мову суседняга народу? Хто гэтым мусіць заняцца?

Летась, кабінет міністраў Украіны зацвердзіў пералік моў нацыянальных меншасцяў Украіны, якім пагражае знікненне. Іх усяго дзевяць: беларуская, гагаузская, ідзіш, караімская, крымскататарская, крымчацкая, ромская, румынская і ўрумская. Хочацца верыць, што навукоўцы прыслухаюцца хаця б да заканадаўчых актаў, якія былі прынятыя для таго, каб абараніць гэтыя мовы. Забараняць беларускую мову на навуковых канферэнцыях толькі таму, што камусьці здаецца, што носьбіты гэтай мовы ў адказе за вайну ва Украіне, сама меней антынавукова.

Любоў Лунёва belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10