Кітай – наш сябар. Прынамсі, менавіта так рэгулярна паведамляюць у тэлевізары. Настолькі сябар, што дзеля 2,5-гадзіннай гутаркі з таварышам Сі адзін сталы падарожнік гатовы правесці ў самалёце амаль 20 гадзінаў (туды і назад). Праўда, і гэтыя 2,5 гадзіны – ацэнка завышаная: з улікам «добры дзень, да пабачэння», а таксама перакладаў з расейскай на кітайскую ды назад, чыстых зносінаў атрымалася менш за гадзіну.
«Мы к вам заехали на час – привет, бонжур, хеллоу…». Адчуванні, што яго там чакалі, не было зусім. Але сёння гаворка не пра гэта. Кітай нам сапраўды сябар? Калі так, то ў чым гэта выяўляецца? У гандлі? Неяк не відаць. Сочым за лічбамі.
За першыя чатыры сёлетнія месяцы мы прадалі ў Кітай тавараў прыкладна на $ 650 млн. З іх палову склалі калійныя ўгнаенні, якія Кітай купляе за вельмі нізкую цану, бо прадаваць такія аб'ёмы нам проста больш няма куды. Пакінутыя пазіцыі – рапсавы алей, малочная прадукцыя, дрэваапрацоўчыя вырабы і сёе-тое з дробязі – пагоды ў нашым экспарце не робяць.
У адваротны бок плынь куды больш магутная: за чатыры месяцы – $ 2 млрд. То бок дэфіцыт за гэты перыяд – мінус $ 1,35 млрд на карысць Кітаю. Ідзём на рэкорд. Калі тэмпы захаваюцца, да канца года атрымаем мінус $ 4 млрд гандлёвага балансу. Для параўнання: у 2023 годзе было ўсяго мінус $ 3,2 млрд.
Купляем камп'ютары, абсталяванне, запчасткі, але галоўны артыкул – аўтамабілі, амаль на паўмільярда долараў.
,,І вось тут паўстае пытанне. Калі лічыць паводле цаны самага папулярнага аўтамабіля («Geely Coolray», ён жа «БелДжы Х50»), а ў Кітаі ён каштуе каля $ 10 000, выходзіць амаль 50 000 аўтамабіляў за чатыры месяцы.
Нагадаю: увесь рынак Беларусі за гэты час – усяго 17 000 штук. Так, ёсць «кітайцы» і даражэйшыя, ёсць грузавікі, але нават з улікам гэтага выходзіць, што, па-першае, частку машынаў мы перапрадаём у Расею, а па-другое, ёсць падставы падазраваць, што і «беларускія» аўтамабілі ў кітайскай статыстыцы праходзяць як «родныя», з улікам глыбіні рэальнай лакалізацыі.
Увогуле, у гандлі – прагназаваны мінус 4 млрд за год. Для параўнання: кошт «падарунку» ад Кітаю, новага футбольнага стадыёну ў Менску, – 235 млн.
Што акрамя гандлю? Ці ёсць кітайскія інвестыцыі ў Беларусь? Ну-ну.
Яны выглядалі так: Кітай абяцаў вылучыць каля $ 15 млрд, але Менск знайшоў праектаў толькі на суму, крыху большую за $ 4 млрд. Сярод іх – мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі, цэментнай галіны, Светлагорскі ЦКК, новы БНБК. І ў кожным выпадку Кітай за кошт уласных крэдытаў прадаваў нам сваё ж абсталяванне, прычым не заўсёды найлепшай якасці.
,,Ніводзін з праектаў не акупіўся. Кітай атрымаў плату за абсталяванне, а цяпер рэгулярна і без замінак спаганяе з бюджэту і адсоткі, і асноўную суму доўгу. То бок ізноў «сяброўства» на карысць Кітаю.
Больш-менш прыстойна выглядае толькі «Вялікі камень». Цяпер там працуюць крыху больш за 50 кампаніяў, занятыя 3000+ асобаў, выручка – паўмільярда долараў, экспарт – 150 млн. Выглядае нядрэнна... калі не ўспамінаць, што першапачаткова планавалі лічбы ў 50 разоў большыя. Гэты праект меўся стаць прамысловым «акном у Еўропу», а стаў падсанкцыйным тупіком. Стратэгічны сэнс знік: на Захад прадаваць складана, а на Усходзе і сваіх такіх паркаў стае.
Такім чынам, што мы атрымалі ад «усепагоднага» сяброўства, акрамя сяброўскага паляпвання па плячы? Дзе прыбытак?
Кітай не мае сяброў, яму яны не патрэбныя. Ён займаецца стратэгічным скупляннем рэсурсаў. Так адбываецца ў Афрыцы, дзе яго цікавяць урадлівыя землі, так здарылася і ў Расеі, дзе Кітай праінвеставаў «Сілу Сібіры» і цяпер дзесяцігоддзямі будзе атрымліваць вельмі танны газ. Тое ж самае Кітай пракруціў і з нашым «Слаўкаліем» (памятаеце «сябра Мішу»?): паводле ўмоваў крэдытнай дамовы, мы абавязаныя пастаўляць у Кітай калійныя ўгнаенні цягам 20 гадоў.
Можа быць, так і выглядае сяброўства?
Калісьці, даўным-даўно, кітайцы лічылі еўрапейцаў, якія дабіраліся да іх, варварамі, якія туга цямяць. Выглядае, што цяпер адбываецца нешта падобнае ў рамках адной невялікай еўрапейскай краіны.
belsat.eu / МВ