Апарат «Саюзнай дзяржавы» ўзначаліў былы намеснік дзяржаўнага сакратара Сяргей Глазьеў. Былы дзяржсакратар Дзмітрый Мезенцаў быў прызначаны прадстаўніком Уладзіміра Пуціна ў Канстытуцыйным Судзе Расеі.
Аляксандр Лукашэнка абвясціў 17 красавіка пра прызначэнне Сяргея Глазьева дзяржаўным сакратаром «Саюзнай дзяржавы» – інтэграцыйнай структуры Беларусі і Расеі. Былы дзяржсакратар Дзмітрый Мезенцаў у той жа дзень быў прызначаны прадстаўніком Уладзіміра Пуціна ў Канстытуцыйным Судзе Расеі.
Са словаў Лукашэнкі, на прызначэнне Глазьева ён дамовіўся з Пуціным – і Пуцін добра выказваўся пра чыноўніка. Глазьеву паставілі задачу працаваць паводле формулы «адзіная Айчына – дзве дзяржавы». Лукашэнка нібы наракаў: «Так атрымалася, што ў нас дзве дзяржавы існуюць, будзем выбудоўваць адносіны».
«Саюзная дзяржава» будуецца аж з 1995 года. І хоць Беларусь з таго часу згубіла шмат самастойнасці, шэраг саюзных праектаў дагэтуль тармозіць або адкладзены. Глазьеў паабяцаў Лукашэнку, што зараз «Саюзная дзяржава» будзе развівацца «згодна з апошнім словам эканамічнай навукі».
Сяргей Глазьеў быў прызначаны намеснікам дзяржаўнага сакратара «Саюзнай дзяржавы» толькі 24 студзеня сёлета. Да таго ён пяць гадоў быў міністрам інтэграцыі Еўразійскай эканамічнай камісіі, у 2012–2019 гадах быў дарадцам прэзідэнта Расеі, яшчэ раней – адказным сакратаром камісіі Мытнага саюзу, намеснікам дзяржаўнага сакратара Еўразійскай эканамічнай супольнасці, дэпутатам Дзяржаўнай думы Расеі. У 1992–1993 гадах быў міністрам вонкаваэканамічных сувязяў Расеі.
Адметна, што Глазьеў радыкальна змяніў партыйную прыналежнасць: у канцы 1980-х быў у клубе эканамістаў-рэфарматараў; у 1994–1996 гадах быў старшынём Дэмакратычнай партыі Расеі, якая дэкларавала кансерватыўныя праеўрапейскія погляды; у 2000-м трапіў у Дзярждуму ад Кампартыі; а ў 2003–2004 гадах быў ужо старшынём ультраправага выбарчага блоку «Родина».
Таксама адметна, што ён нарадзіўся ва ўкраінскім Запарожжы, ягоная маці – украінка, бацька – расеец. Глазьеў вучыўся ў адным класе з будучым намеснікам старшыні ўкраінскай партыі «Батьківщина» Сяргеем Собалевым, але ва ўніверсітэт паступіў у Маскву – там і застаўся жыць.
Алесь Наваборскі belsat.eu