Аналітыка

«Ядравыя рэактары», машыны і мэбля. Як змяніўся гандаль Беларусі з ЕЗ пасля пачатку вайны

сцяг ЕЗ
Рабочы ўсталёўвае сцяг ЕЗ на будынку Запарожскай гарадской рады ў Запарожжы, Украіна, 16 красавіка 2025 года. Фота: Dmytro Smolienko/Ukrinform/NurPhoto via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Беларусь зніжае як закупы ў Еўразвязе, гэтак і продажы туды. Аднак імпарт з некаторых краінаў ЕЗ стаўся вышэйшым, чым да поўнамаштабнай вайны ва Украіне, а экспарт у Кіпр павялічыўся ў 5,6 разу ў 2024 годзе. «Белсат» даведаўся, як змяніўся гандаль з ЕЗ за апошнія гады і што за «ядравыя рэактары» Беларусь там рэгулярна купляе.

Экспарт абвальваецца, але сем краінаў купілі ў Беларусі больш


Паводле звестак Еўрастату, у 2024 годзе продажы беларускіх тавараў у Еўропу працягнулі абвальвацца. У 2024 годзе Беларусь зарабіла на экспарце тавараў у ЕЗ € 1,27 млрд. Гэта на € 170 млн менш, чым у 2023 годзе, а з папярэднімі гадамі розніца ўвогуле ў разы. Вынікі 2024 года сталіся ў 3 разы меншы, чым у 2020 годзе, і ў 4,4 разу меншыя, чым у 2021 годзе.


У пачатку 2025 году трэнд зніжэння захаваўся. Калі ў студзені 2024 года Беларусь прадала ў ЕЗ тавараў на € 126,5 млн, то ў студзені 2025 года выйшла толькі € 39,5 млн.


Самымі буйнымі пакупнікамі ў ЕЗ для Беларусі ў 2024 годзе сталі Польшча (35,3 % ад усяго экспарту ў ЕЗ), Літва (15,1 %) і Латвія (14,5 %). Папярэднія гады на трэцім месцы звычайна была Нямеччына, аднак яе выцесніла Латвія, паколькі Нямеччына хутчэй скарачае закупы ў Беларусі. На падставе вынікаў 2024 года яна была чацвёртая (11,6 %), а пяты паводле велічыні партнёр – Чэхія (8 %).


Большасць краінаў ЕЗ купляла ў 2024 годзе ў Беларусі менш, чым у 2023 годзе. Аднак сем павялічылі закупы. Гэта Польшча, Чэхія, Італія, Румынія, Славаччына, Данія і Кіпр. Пры гэтым аб'ёмы продажаў усё роўна сталіся нашмат меншыя, чым у 2020–2022 гадах. Выключэннем сталі толькі Чэхія і Кіпр.


Калі ў 2020 годзе Чэхія купляла ў Беларусі тавараў амаль на € 108 млн, то ў 2024 годзе – амаль на € 103 млн. У 2021 годзе экспарт у Чэхію склаў € 165 млн, аднак гэта быў год «гандлёвага цуду», калі экспарт беларускіх тавараў рос і паводле абʼёмаў, і паводле кошту.


Доля Кіпру ў гандлі Беларусі з ЕЗ заўсёды была невялікая (0,04 % у 2024 годзе), аднак у параўнанні з 2023 годам пастаўкі туды выраслі ў 5,6 разу, да € 537 тысяч, і сталіся самымі высокімі за апошнія пяць гадоў. З гэтай сумы € 507 тысяч прапала на мэблю, рэчы для пасцелі, некаторыя віды лямпаў і шыльдаў. У 2023 годзе гэтыя тавары Беларусь не прадавала ў Кіпр зусім.


Агулам мэбля, пасцельныя рэчы, некаторыя віды лямпаў і шыльды занялі прыкметнае месца ў гандлі не толькі з Кіпрам, але і з усім Еўразвязам. Гэтая група тавараў сталася найбольш буйной па пастаўках 2024 года (10,7 % ад усяго экспарту ў ЕЗ). На другім месцы – жывёльныя або раслінныя тлушчы і прадукты іх расшчаплення, гатовыя харчовыя тлушчы, жывёльныя або раслінныя воскі (8,8 %). А за імі – пластмасы і вырабы з іх (8,1 %).


У 2020–2021 гадах, да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне і санкцыяў супраць Беларусі за суагрэсію, больш за ўсё ў Еўразвяз прадавалася драўніны і вырабаў з яе, вугалю, жалеза і сталі. Беларусь добра зарабляла на гэтых таварах. Напрыклад, у 2021 годзе толькі драўніны, вырабаў з яе і вугалю было прададзена больш, чым усіх тавараў з Беларусі ў ЕЗ у 2024 годзе – на € 1,37 млрд. А жалеза і сталі – амаль на € 0,6 млрд. Паводле леташніх вынікаў Беларусь амаль не прадавала ў ЕЗ драўніны, жалеза і сталі.


Пры гэтым у 2,6 разу ў параўнанні з 2023 годам выраслі продажы ўгнаенняў (да € 80,3 млн).


Вугоршчына і Швецыя сталі прадаваць машыны ў Беларусь


Пастаўкі з Еўропы ў Беларусь заставаліся адносна стабільнымі. У 2024 годзе яны склалі € 6,83 млрд. Гэта не моцна адрозніваецца ад аб'ёмаў 2020–2022 гадоў. Аднак у параўнанні з 2023 годам адбылося зніжэнне на 15,8 %. Імаверна, гэта звязана з санкцыямі на пастаўкі ў Беларусь шэрагу аўтамабіляў, у тым ліку люксавых. Гэтая забарона зʼявілася ў 2023 годзе пасля таго, як выявілася схема з масавым перапродажам у Расею аўтамабіляў з ЕЗ у абыход санкцыяў.


У студзені 2025 года закупы з ЕЗ склалі € 247 млн, што ўдвая з гакам менш за суму студзеня 2024 года (тады было € 566 млн).


Больш за ўсё тавараў у 2024 годзе Беларусь купіла ў Польшчы (31,8 %), Нямеччыне (22 %), Літве (15,3 %), Італіі (5,3 %) і Вугоршчыны (2,9 %).


Польшча, Нямеччына і Літва знізілі пастаўкі, у тым ліку за кошт продажаў аўтамабіляў, бо з гэтых краінаў і ішла асноўная плынь аўтаў у Беларусь. Пры гэтым аўтамабілі ўсё яшчэ занялі прыкладна траціну ў закупах з Польшчы, Нямеччыны і Літвы. А Італія і Вугоршчына павялічылі продажы ў параўнанні як з 2023 годам, так і з 2020-м. Прычым Вугоршчына шмат у чым – за кошт росту продажаў аўтамабіляў (з € 3 млн у 2023 годзе – да € 48,5 млн). Гэткі рост паставак аўтамабіляў у Беларусь назіраўся са Швецыі (€ 61,7 млн у 2024 годзе супраць € 5,5 млн у 2023 годзе).


У Італіі Беларусь больш за ўсё купляла тавараў з групаў « ядравыя рэактары, катлы, абсталяванне і механічныя прыстасаванні; іх часткі», «дубільныя або фарбавальныя экстракты; дубільныя рэчывы і іх вытворныя; фарбавальнікі, пігменты ды іншыя фарбавальныя рэчывы; фарбы і лакі; шпаклёўкі ды іншыя масцікі; чарнілы», «пластмасы і вырабы з іх». У 2024 годзе гэтыя тавары занялі амаль 40 % продажаў у Беларусь і зрабілі прыкметны ўнёсак у рост імпарту з Італіі.


Зменаў асноўных партнёрах Беларусі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны амаль не было. Толькі Вугоршчына, якая ўвайшла ў топ-5, выцесніла Чэхію.


Ва ўсім ЕЗ Беларусь больш за ўсё купляла транспартныя сродкі, за выключэннем чыгуначнага транспарту (28 % ад усяго імпарту з ЕЗ). На другім месцы апынуліся тавары з групы «ядравыя рэактары, катлы, абсталяванне і механічныя прыстасаванні; іх часткі» (8,2 %), а за імі ідзе фармацэўтычная прадукцыя (7,6 %).


Да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Беларусь таксама актыўна купляла ў ЕЗ «электрычныя машыны і абсталяванне і іх часткі; прылады запісу гуку і рэпрадуктары, прылады запісу і ўзнаўлення тэлевізійнай выявы і гуку, а таксама часткі і прыналежнасці да такіх вырабаў». Аднак у параўнанні з 2020 годам закупы ў 2024 годзе скараціліся ўтрая і склалі 2,6 % ад усяго імпарту з ЕЗ.


Калі разгледзець дэталёва групу тавараў «ядравыя рэактары, катлы, абсталяванне і механічныя прыстасаванні; іх часткі», то становіцца зразумела, што з ядравымі тэхналогіямі ў выпадку Беларусі гэтыя пастаўкі мала звязаныя. Гэтая група тавараў вельмі вялікая і ўключае мноства рознай тэхнікі. У 2024 годзе Беларусь закупіла гэтых тавараў на € 560,5 млн. Большая частка іх прыпала на разнастайную тэхніку – ад даільных да лесанарыхтоўчых апаратаў і пасудамыек. Напрыклад, «частак уборачнай тэхнікі, малатарняў, касілак і машынаў для ачышчэння, сартавання сельскагаспадарчай прадукцыі» было куплена на € 71,5 млн.


Хоць гэтая група тавараў і застаецца адной з найбуйнейшых у пастаўках з ЕЗ, з 2022 года аб'ёмы падаюць і знізілася амаль утрая ў параўнанні з 2020–2021 гадамі. Як раней высветліў «Белсат», Беларусь знаходзіць замену ім у Кітаі.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10