Аналітыка

Беларусь павялічвае продаж угнаенняў у Еўразвяз

kali.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: kali.by
podpis źródła zdjęcia

Беларусь павялічыла экспарт угнаенняў у Еўразвяз у 2024 годзе ў 2,6 разу. Аднак зарабляць атрымліваецца ўсё яшчэ нашмат менш, чым да санкцыяў. «Белсат» пацікавіўся, што і як прадавалася.

Паводле Еўрастату, усяго Беларусь прадала ў 2024 годзе ўгнаенняў у ЕЗ на € 80,3 млн. Гэта ў 2,6 разу больш, чым у 2023 годзе. Тады было паставак на € 29,7 млн. Толькі за студзень угнаенняў было прададзена на € 6 млн.


Асноўны партнёр – Польшча, за кошт якой і адбыўся рост. У 2024 годзе яна купіла беларускіх угнаенняў на € 73,6 млн (у 2023 годзе было € 23,2 млн).


Аднак агульныя продажы ўгнаенняў у ЕЗ летась былі ў разы меншыя, чым у 2020–2023 гадах.


Найбольшы спад у пастаўках угнаенняў пасля санкцыяў 2021 года на беларускі калій адбыўся за кошт таварнай групы «мінеральныя або хімічныя калійныя ўгнаенні (акрамя як у таблетках або аналагічных формах, а таксама ва ўпакоўках агульнай вагой менш за 10 кг)». Напрыклад, у 2020 годзе беларускі калій займаў палову экспарту ўгнаенняў у Еўразвяз. Калі тады было прададзена краінам ЕЗ калію на € 180,5 млн, то ў 2023 годзе Еўрастат паведамляе ўсяго пра € 176, а пазней і ўвогуле ніякіх продажаў калію не было.


Аднак, як высветліў БРЦ, прадукцыя «Беларуськалію» працягвае паступаць у ЕЗ пад выглядам тавару іншых кампаніяў. Гаворка пра галіт, каменную або тэхнічную соль. Яе атрымліваюць пры здабычы калію, а выкарыстоўваюць у прамысловасці, для ачышчэння вады, барацьбы з галалёдам. Пасля таго, як летам 2022 года супраць «Беларуськалію» былі ўведзеныя санкцыі, галіт гэтага прадпрыемства ператварыўся ў ідэнтычны паводле складу прадукт «Notra», вырабляны нібыта не «Беларуськаліем».


Паводле Еўрастату, пасля ўвядзення як сектаральных санкцыяў, так і санкцыяў супраць адрасна «Беларуськалію» пастаўкі солі ўсіх відаў з Беларусі ў ЕЗ значна скараціліся (з € 21,7 млн у 2021 годзе да € 6,1 млн у 2024 годзе). Большую частку соляў склаў менавіта галіт. Яго ў 2021 годзе было прададзена з Беларусі ў ЕЗ на € 18 млн, а ў 2024 годзе – амаль на € 5 млн, што практычна столькі ж, колькі ў 2020 годзе.


У студзені 2025 года тэхнічнай солі ўжо было прададзена з Беларусі ў ЕЗ на € 442 тыс.


Што да ўгнаенняў, то рост іх экспарту ў ЕЗ у 2024 годзе адбыўся ў асноўным за кошт групы тавараў «мінеральныя або хімічныя азотныя ўгнаенні (акрамя як у таблетках або аналагічных формах, а таксама ва ўпакоўках агульнай вагой менш за 10 кг)». З агульнага аб'ёму продажаў угнаенняў на € 80,3 млн гэтая група складае € 56,6 млн. прычым продаж азотных угнаенняў вырас больш чым у 3 разы ў параўнанні з 2023 годам (тады было € 17,9 млн). У студзені 2025 года паставак было толькі на € 36,6 тыс.


На другім месцы паводле паставак у 2024 годзе апынулася група ўгнаенняў «мінеральныя або хімічныя ўгнаенні, што змяшчаюць два ці тры ўгнаяльныя элементы – азот, фосфар і калій; іншыя ўгнаенні; угнаенні жывёльнага, расліннага, мінеральнага або хімічнага паходжання ў таблетках або аналагічных формах або ва ўпакоўках агульнай вагой менш за 10 кг».


Іх было прададзена на € 23,7 млн, што ў 2 разы больш, чым у 2023 годзе (€ 11,7 млн), але амаль у 5 разоў менш паставак 2020 года (€ 105 млн). Пры гэтым экспарт такой групы тавараў набірае абароты ў 2025 годзе. У студзені агулам угнаенняў у ЕЗ было прададзена на € 6 млн. Амаль уся гэтая сума прыйшлася менавіта на пазначаную групу тавараў. У апісанні адзначаецца, што туды могуць уваходзіць азот, фосфар і калій, аднак, паводле звестак Еўрастату, у 2024 годзе прадаваліся толькі прадукты з утрыманнем азоту і фосфару.


Агулам за апошнія пяць гадоў знізілася доля ўсіх угнаенняў у экспарце Беларусі ў Еўразвяз. Калі ў 2020 годзе яна складала 9,6 %, то ў 2024 годзе – 6,3 %.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10