У Польшчы пры нявысветленых умовах загінуў 50-гадовы беларус Сяргей Дубінін з Рэчыцы. Яго знайшлі мёртвым у кватэры ў Кракаве, дзе ён жыў, 15 красавіка.
Пра выпадак паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook праваабаронца Леанід Судаленка. Цела беларуса з прыкметамі гвалтоўнай смерці знайшлі ў доме, у якім ён жыў. Увесь пакой быў у крыві, а на падлозе побач валяўся нож. Сяргей ужо без прыкметаў жыцця ляжаў у агульнай ваннай.
Сусед Дубініна, Аляксандр Алмаеў, з якім яны жылі ў адной кватэры, першым пабачыў трагедыю.
,,«Я ўзяў ключ і зайшоў у дом. Усё было ў крыві. Сяргей ляжаў у ненатуральнай позе, ужо халодны...» – так апісаў убачанае Алмаеў.
Хуткая дапамога, што прыехала на месца здарэння, канстатавала смерць. На падставе здарэння паліцыя пачала расследаванне. Але пакуль казаць, суіцыд гэта быў ці забойства, рана.
Сяргей Дубінін быў вядомы як грамадзянскі актывіст, незалежны назіральнік за выбарамі і ўдзельнік палітычнай кампаніі 2020 года ў Беларусі. З прычыны рэпрэсіяў ён мусіў пакінуць краіну і працаваў на будоўлі ў Польшчы. Як адзначыў Леанід Судаленка, яны сустракаліся з Дубініным у студзені ў Вільні, Сяргей тады выглядаў жыццярадасна, нічога не сведчыла пра крызіс.
Гэта ўжо не першы выпадак, калі беларускія актывісты за мяжой гінуць пры загадкавых абставінах. У кастрычніку 2023 года ў камеры следчага ізалятару ў Варшаве знайшлі павешаным былога палітвязня Кірыла Кятурку. Паводле следчых, гэта быў суіцыд, аднак у такую версію паверылі тады не ўсе. На момант смерці Кірылу споўнілася ўсяго 19 гадоў.
Тэса Анэйда besat.eu