Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп падпісаў пастанову аб працягу дзеяння санкцыяў супраць Расеі, уведзеных яшчэ Джо Байдэнам у 2021 годзе. Пра гэта паведамляецца ў апублікаваным дакуменце Федэральнага рэестру ЗША.
Гаворка ідзе пра захаванне ў сіле надзвычайнага стану ў адносінах з Расеяй, што дазваляе ЗША ўводзіць новыя абмежаванні супраць РФ. Рэжым надзвычайнага стану быў уведзены Указам № 14024 у красавіку 2021 года і пазней пашыраны шэрагам іншых указаў, у тым ліку ў 2022 годзе.
У дакуменце падкрэсліваецца, што «шкодная вонкавая дзейнасць расейскага ўраду» працягвае ствараць сур'ёзную пагрозу нацыянальнай бяспецы, вонкавай палітыцы і эканоміцы ЗША. Менавіта таму надзвычайны стан мае заставацца ў сіле пасля 15 красавіка 2025 года.
Сярод прэтэнзіяў да Расеі згадваюцца ўмяшанне ў дэмакратычныя працэсы ды выбары ў ЗША і краінах-супольніцах, падтрыманне і ўдзел у кібератаках, распаўсюд транснацыянальнай карупцыі для ўплыву на іншыя дзяржавы, пераслед журналістаў і іншадумцаў, а таксама падрыў бяспекі ў геапалітычна значных рэгіёнах.
Акрамя таго, адзначаецца, што дзеянні Расеі супярэчаць прынцыпам міжнароднага права, у тым ліку парушаюць тэрытарыяльную цэласнасць іншых краінаў.
Варта адзначыць, што пры гэтым адміністрацыя Доналда Трампа вядзе цяпер актыўныя перамовы з расейскім кіраўніцтвам у розных пытаннях: пачынаючы ад узнаўлення дыпламатычных сувязяў і заканчваючы замірэннем ва Украіне. 11 сакавіка з гэтаю мэтаю ў Санкт-Пецярбург прылятаў адмысловы пасланнік Доналда Трампа Стыў Ўіткаф, які сустракаўся з Уладзімірам Пуціным. Некаторыя мяркуюць, што Ўіткаф прылятаў, бо Трамп незадаволены тым, што Расея цягне з замірэннем на ўкраінскім фронце.
Раман Шавель belsat.eu