Беларусы працягваюць дзяліцца відэа заснежаных вуліцаў. Найбольш снегу за ноч выпала ў Магілёўскай вобласці. Але цягам тыдня шанец пабачыць снег пасярод красавіка маюць жыхары ўсёй краіны. Што абяцаюць сіноптыкі?
6 красавіка беларусы актыўна дзяліліся здымкамі і відэа заснежаных вуліцаў. Наперадзе ўсіх – Магілёўшчына.
На шматлікіх відэа бачна, што вуліцы і прыватныя падворкі пад снежнымі гурбамі да 20 сантыметраў, такое не заўсёды пабачыш нават пасярод зімы.
Карыстальнікі пішуць, што пры гэтым на Віцебшчыне, на Аршаншчыне і ў Гомлі снегу няма.
Як ужо паведамляў «Белсат», на Меншчыне і Магілёўшчыне больш за 200 паселішчаў засталіся без электрычнасці, энергетыкі ў тэрміновым парадку аднаўлялі электразабеспячэнне.
На наступным тыдні ў Беларусі чакаецца істотнае пахаладанне і нестабільнае надвор’е. Як паведаміў сіноптык Дзмітрый Рабаў, тэмпература будзе на 3–5 градусаў ніжэйшая за кліматычную норму. Магчымыя замаразкі, снег і нават фармаванне снежнага покрыва. Кіроўцам, што перайшлі на летнюю гуму, варта быць асабліва асцярожнымі праз галалёд.
На пачатку тыдня надвор’е будуць фармаваць франтальныя сістэмы з Паўднёвай Еўропы, з дажджамі, снегам, завеямі і галалёдзіцай. У сярэдзіне тыдня сітуацыя будзе вызначацца франтамі з Балтыкі, а ў другой палове – атлантычным цыклонам. Чакаецца воблачнае надвор’е з кароткачасовымі праясненнямі, пераважна ападкі – снег, мокры снег і дождж, месцамі туман. Вецер – пераважна з паўночнага захаду, вільготнасць – 80–90 %. Тэмпература ўначы будзе вагацца ад -7 да +9°C, удзень – ад -2 да +7°C. У выходныя прагназуюцца кароткачасовыя дажджы, уначы да -6°C, удзень – да +12°C на поўдні і захадзе краіны.
Раман Шавель belsat.eu