Урад Беларусі чарговы раз перапісвае правілы цэнаўтварэння – гэта ўжо шостая спроба змяніць сістэму, уведзеную па загадзе Аляксандра Лукашэнкі яшчэ ў 2022 годзе.
Цяперашнія змены, як паведамляе тэлеграм-канал ураду, павінны «павысіць фінансавую ўстойлівасць беларускіх вытворцаў і зняць адміністрацыйныя бар’еры пры ўзгадненні цэнаў».
Паводле новай рэдакцыі ўказу, спіс тавараў, на якія цяпер распаўсюджваецца дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў, будзе скарочаны з 331 да 211 пазіцый. Для гэтых тавараў улады ўсталююць максімальную норму рэнтабельнасці. Калі вытворцы будуць яе прытрымлівацца, ім не трэба будзе ўзгадняць цэны з дзяржорганамі. Акрамя таго, уводзіцца адзіная гандлёвая надбаўка на імпартную прадукцыю – яе мэта, паводле афіцыйных фармулёвак, – уніфікацыя і ўпрошчанне працэсу.
Як адзначаецца ў тэлеграм-канале ўрада, да 1 траўня на такія прадукты, як бульба, цыбуля, морква, буракі, капуста і яблыкі, будуць дзейнічаць максімальныя фіксаваныя цэны. Пасля гэтай даты іх заменяць на абмежаваныя гандлёвыя надбаўкі.
Нягледзячы на гэтыя «мадэрнізацыі», эксперты і бізнес адзначаюць: сістэма цэнавага рэгулявання ў Беларусі застаецца ручной і непразрыстай. Яна не вырашае праблем з інфляцыяй і дэфіцытам, а часцей пагаршае сітуацыю. Дзяржава працягвае глыбока ўмешвацца ў эканамічныя працэсы – нават у сегменце цэнаў на моркву.
Нагадаем, у студзені 2025 года цэны ў Беларусі ў сярэднім выраслі на 0,7 %. Найбольш падаражэлі прадуктовыя тавары – адразу на 1 %. Непрадуктовыя зрабіліся даражэйшымі на 0,5 %, а паслугі – на 0,4 %.
За год адносна студзеня 2024 года прадукты выраслі ў цане на 6,5 %, непрадуктовыя тавары – на 3,3 %, а паслугі – на 5,2 %. Агулам гадавая інфляцыя склала 5,2 %. Паводле вынікаў 2023 года, яна мелася скласці не больш за 5 %.
Штомесячныя межы росту адпускных цэнаў вытворцаў былі ўведзеныя ў Беларусі 1 студзеня 2024 года.
Надзея Вольная / belsat.eu