Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю вызначыла межы штомесячнага дапушчальнага росту цэнаў. Адпаведная пастанова была апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 19 лютага.
У пастанове вызначана, наколькі ў адсотках могуць вырасці цэны да іх узроўню ў снежні 2024 года.
У лютым 2025 года рост цэнаў дапускаецца толькі на 1,9 %, у сакавіку – на 2,2 %, у ліпені – жніўні – на 3,4 %, у кастрычніку – на 4,1 %. Агулам па выніках гэтага года кошты не павінны вырасці больш чым на 5 %.
У студзені 2025 года цэны ў Беларусі ў сярэднім выраслі на 0,7 %. Найбольш у студзені падаражэлі прадуктовыя тавары – адразу на 1 %. Непрадуктовыя зрабіліся даражэйшымі на 0,5 %, а паслугі – на 0,4 %.
За год адносна студзеня 2024 года прадукты выраслі ў цане на 6,5 %, непрадуктовыя тавары – на 3,3 %, а паслугі – на 5,2 %. Агулам гадавая інфляцыя склала 5,2 %. Паводле вынікаў 2023 года, яна мелася скласці не больш за 5 %.
Штомесячныя межы росту адпускных цэнаў вытворцаў былі ўведзеныя ў Беларусі 1 студзеня 2024 года.
Марыя Міхалевіч belsat.eu