Польскія памежнікі ўжо пачалі адмаўляць асобным людзям у праве хадайніцтва наконт міжнароднай абароны на мяжы з Беларуссю. Пра гэта паведаміў міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі.
«Гэта невялікія лічбы, але такія асобы ўсё яшчэ маюць права хадайнічаць аб наданні міжнароднай абароны ў Польшчы ў дыпламатычных прадстаўніцтвах краіны ў Менску і Маскве. Нагадаю, што гэта людзі, прывезеныя расейцамі з Блізкага Усходу і перапраўленыя ў Беларусь дзеля таго, каб гвалтам прабіцца ў Еўразвяз», – сказаў Радаслаў Сікорскі ў у эфіры RMF24.
Абмежаванне права на хадайніцтва дзейнічае на ўчастку мяжы з Беларуссю з канца сакавіка. Яно прадугледжвае 60-дзённы тэрмін, які можа быць працягнуты яшчэ на 60 дзён са згоды Сейму. Пастанова стала часткаю захадаў у барацьбе з нелегальнай міграцыяй і гібрыднай агрэсіяй, якую польскія ўлады звязваюць з дзеяннямі рэжымаў у Менску і Маскве.
Міністр унутраных справаў Польшчы Томаш Семоняк раней адзначаў, што новы механізм дае Памежнай ахове «ключавы інструмент» у супрацьдзеянні гібрыдным пагрозам і трансмежавай злачыннасці.
Пры гэтым існуюць выключэнні: падаваць хадайніцтвы змогуць прадстаўнікі ўразлівых групаў – цяжарныя жанчыны, непаўналетнія без суправаджэння, асобы з асаблівымі патрэбамі.
На іншых участках мяжы Польшчы магчымасць хадайнічаць аб прытулку застаецца ў сіле.
Нагадаем, 29 сакавіка ў Беластоку прайшоў пратэст мясцовых прадпрымальнікаў супраць закрыцця аўтамабільных памежных пераходаў з Беларуссю. Падчас іх вуліцамі пранеслі труны, што сімвалізуюць смерць эканомікі Падляшша.

Пераход у Кузніцы («Брузги – Кузніца Беластоцкая») перастаў функцыянаваць яшчэ ў лістападзе 2021 года праз міграцыйны крызіс, справакаваны лукашэнкаўскім бокам. «Баброўнікі» закрылі «з улікам важнага дзяржаўнага інтарэсу ў сферы бяспекі», калі ўлады Беларусі асудзілі Анджэя Пачобута.
Пры гэтым у Люблінскім ваяводстве дзее пераход у Тэрэспалі («Берасце – Тэрэспаль»).
Яшчэ ў студзені міністр унутраных справаў Польшчы Томаш Семоняк адзначаў:
«Мы вельмі хацелі б, каб памежныя пераходы адкрыліся, але для гэтага пакуль няма падставаў», падкрэсліваючы, што «прычыны на баку Беларусі».
У лютым віцэ-прэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Владыслаў Касіняк-Камыш заявіў, што разумее цяжкасці мясцовых прадпрымальнікаў і што «Шчыт Усход» можа стаць выхадам для развіцця бізнесу ў рэгіёне, адзначае выданне.
Надзея Вольная / belsat.eu