Аналітыка

Жыллёвая палітыка да 2030 года: усе на вёску!

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: brest.1prof.by
podpis źródła zdjęcia

У жыллёвай палітыцы беларусам абяцаюць сур’ёзныя змены. Прынамсі такія заяўкі прагучалі з вуснаў беларускіх чыноўнікаў у СМІ на фоне прыняцця Канцэпцыі дзяржаўнай жыллёвай палітыкі да 2030 года. Што ў выніку зменіцца і як збіраюцца чыноўнікі забяспечваць жытлом беларусаў цягам наступных пяці гадоў?

За адказам на гэтае пытанне мы звярнуліся да Канцэпцыі, зацверджанай пастановаю Савету Міністраў № 144 за 7 сакавіка 2025 года і апублікаванай на Нацыянальным прававым партале.


Ёсць праблемы з жыллёвым фондам?


Мы паглядзелі, як, згодна з канцэпцыяй, ацэньваецца актуальная сітуацыя ў сферы жыллёвага фонду.

Гэтак, адзначаюць аўтары дакументу, дзяржаўны жыллёвы фонд застаецца адносна невялікі – усяго 5,8 % ад агульнага аб'ёму (15,9 млн кв.м), што істотна абмяжоўвае магчымасці дзяржавы ў правядзенні гнуткай жыллёвай палітыкі.

Адначасова ў краіне назіраецца значная колькасць пустога і аварыйнага жытла: 110 тысячаў жылых дамоў (5,95 млн кв.м) і 17,3 тысячы пустых кватэраў (904 тыс. кв.м), у тым ліку 4,9 тыс. кватэраў дзяржаўнага фонду, у якіх ніхто не зарэгістраваны і не жыве. Пры гэтым 190 тыс. кв.м жылля цяпер у ветхім і аварыйным стане, больш за дзве траціны такіх дамоў размешчаныя ў сельскай мясцовасці.

Сярод галоўных праблемаў жыллёвага фонду аўтары канцэпцыі вылучаюць пагаршэнне стану жылых дамоў і камунікацыяў, рост колькасці аварыйнага жытла, якое немэтазгодна рамантаваць, нізкі ўзровень добраўпарадкавання ў сельскай мясцовасці, асваенне новых тэрыторыяў без рэнавацыі старых дамоў, што, у сваю чаргу, стварае дысбаланс у жыллёвых умовах.

У гэтым святле, гаворыцца ў дакуменце, асноўная ўвага павінна быць звернутая «не на валавыя паказнікі будаўніцтва жытла, а на забеспячэнне ім асобных катэгорыяў грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў дзяржаўным падтрыманні, а таксама на рэнавацыю існых жылых дамоў, непрыдатных для пражывання».

Калі казаць простымі словамі, то новага жытла збіраюцца будаваць менш, робячы акцэнт на рэнавацыі старых дамоў.

Гэта ж фактычна пацвердзіў і міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч. Ён адзначыў, што плануецца надаваць «больш увагі не колькасным, а якасным паказнікам добраўпарадкаванасці, камфортнасці жытла».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: vestnikstroy.ru
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: vestnikstroy.ru

Аперацыя «Рэнавацыя»


Панятак «рэнавацыя» ў новай жыллёвай канцэпцыі робіцца адным з асноўных. Пад ёй у дакуменце разумеецца «паляпшэнне тэхнічна-эканамічных характарыстык існых жылых дамоў або ўзвядзенне новых жылых дамоў узамен тых, што зносяцца, у тым ліку з выкарыстаннем існых падмуркаў і інжынерных сетак».

Паводле начальніцы ўпраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Іны Пінкоўскай, за ўзор тут браўся расейскі прыклад. Падчас рэнавацыі праводзіцца не проста капітальны рамонт, а знос і ўзвядзенне новага будынку. Але, паводле чыноўніцы, цяпер абмяркоўваюцца крытэры для вызначэння зносу канкрэтнага дому, а таксама акрэсліванне таго, «як будуць рэалізоўвацца маёмасныя правы грамадзянаў, якія пражываюць у гэтым фондзе». 

І гэтае пытанне сапраўды вострае, бо ў Маскве некалькі гадоў таму сутыкнуліся з праблемамі, калі жыхароў, якія выступалі супраць рэнавацыі, высялялі з кватэраў праз адключэнне ад камунікацыяў. Ці наканавана гэткім жа шляхам прайсці беларусам, залежыць ад таго, якія захады прымуць чыноўнікі. Пакуль у канцэпцыі прадугледжваецца «стварэнне аптымальнага алгарытму рэалізацыі правоў уласнікаў жылых дамоў, якія падлягаюць рэнавацыі, на атрыманне грашовай кампенсацыі або раўназначнага паводле плошчы жытла». Як будзе на практыцы, час пакажа.

Пад прыцэл у справе рэнавацыі трапляюць «4–5-павярховыя дамы, якія масава ўзводзіліся ў 1955–1975 гадах», проста кажучы – хрушчоўкі. Такія дамы, як адзначаецца, «не адпавядаюць сучасным спажывецкім патрабаванням насельніцтва», а таксама патрабуюць шмат энергарэсурсаў на ацяпленне. У сувязі з гэтым іх рэнавацыя – пытанне «найбліжэйшай будучыні».

У той жа час у канцэпцыі прадугледжваецца стварэнне спрыяльных умоваў для прыцягнення бізнесу да мадэрнізацыі жытла. Як гэта будзе рэалізавана на практыцы, пакуль невядома.

Пратэст жыхароў Лошыцы супраць зносу дамоў у 2016 годзе. Фота: Tut.by
Пратэст жыхароў Лошыцы супраць зносу дамоў у 2016 годзе. Фота: Tut.by

Пакідаць людзей у раёнах


Адным з кірункаў горадабудаўнічай палітыкі ў канцэпцыі прапісанае скарачэнне аб’ёмаў будаўніцтва ў гарадах і павелічэнне яго ў сельскай мясцовасці. Трэба гэта для стварэння працэсу дэўрбанізацыі. 

,,

«Мы прапанавалі тры асноўныя кірункі, паводле якіх будзе развівацца жыллёвая палітыка. Сярод іх дэўрбанізацыя. Гэта пытанне залішняга ператоку кадраў у сталіцу, абласныя гарады і прыняцця захадаў для вяртання іх у сельскую мясцовасць, у малыя гарады», – адзначаў некалькі месяцаў таму Руслан Пархамовіч.


Гэтак, улады збіраюцца развіваць гарады-спадарожнікі, дзе ў першую чаргу маюць намер будаваць жытло тым, хто стаіць у чарзе на кватэру, у тым ліку шматдзетным сем’ям, сем’ям з дзецьмі-інвалідамі і асобам з інваліднасцю з дзяцінства I і II групаў. У дакуменце нагадалі, што для Менску гарады-спадарожнікі – гэта Смалявічы, Рудзенск, Дзяржынск, Лагойск, Фаніпаль і Заслаўе, для Берасця – Жабінка, для Горадні – Скідзель.

Захадаю для развіцця паселішчаў з колькасцю жыхароў да 20 тысячаў чалавек будзе наданне дзяржаўнага падтрымання тым, хто хоча палепшыць «камфортнасць свайго пражывання ў такіх паселішчах». Сюды будзе адносіцца, напрыклад, вылучэнне льготных крэдытаў на капітальны рамонт, рэканструкцыю жытла, будаўніцтва інжынерных сетак або гаспадарчых памяшканняў у такіх паселішчах.

Усё гэта паказвае, што ўлады сапраўды ўзялі курс на вяртанне людзей з гарадоў у вёску. Пацвярджае гэта выказванне кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрыя Крутога, які адзначыў, што адзін з негатыўных момантаў – гэта адток насельніцтва з рэгіёнаў і эканомікі ў цэлым.

,,

«Новая жыллёвая палітыка, увядзенне арэнднага жытла, добрыя ўмовы жыцця – трэба думаць, як людзей замацоўваць і пакідаць у раёнах», – адзначыў Дзмітрый Крутой падчас пазачарговай сесіі Гарадзенскага аблсавету 1 сакавіка 2025 года. 


Відавочна, што некаторыя механізмы «пакідання людзей у раёнах» замацаваныя і ў Канцэпцыі жыллёвай палітыкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: newgrodno.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: newgrodno.by

Усё індывідуальна


На думку аўтараў канцэпцыі, «павысіць інтэнсіўнасць асваення сельскіх тэрыторыяў» можна, падтрымліваючы індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва, а таксама ствараючы навакольную інфраструктуру і фармуючы камфортнае асяроддзе. Асаблівую ўвагу збіраюцца надаваць будаўніцтву жытла ў вёсках у гадзіннай транспартнай даступнасці ад Менску і абласных цэнтраў.

Дзяржава, пішуць аўтары канцэпцыі, зацікаўленая ў павелічэнні будаўніцтва прыватных дамоў, бо людзі, якія будуюць іх, укладваюць уласныя грошы ў куплю матэрыялаў, аплату будаўнічых паслуг і аздабленне. Гэта, у сваю чаргу, спрыяе развіццю эканомікі. Акрамя таго, уладальнікі такіх дамоў звычайна больш актыўныя ў фінансавым плане, бо імкнуцца палепшыць свае жыллёвыя ўмовы.

Таксама важна, адзначаецца ў канцэпцыі, што ўладальнікі самі адказваюць за ўтрыманне дамоў, рамонт і пошук сродкаў на гэтыя патрэбы. У выніку плануецца, што доля індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва штогод будзе складаць каля 50 % ад агульнага аб’ёму будаўніцтва жытла па краіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: nasedkin.livejournal.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: nasedkin.livejournal.com

Арэнднае жытло


Адным з крокаў павышэння даступнасці жытла побач з павелічэннем аб’ёмаў пабудовы індывідуальных жылых дамоў будзе больш актыўнае ўвядзенне арэнднага жытла, мяркуюць аўтары канцэпцыі.

У дакуменце адзначаецца, што перавагаю такога жытла робіцца «магчымасць развязаць жыллёвую праблему ў бягучы момант, не накопліваючы грошай і не абцяжарваючы сябе крэдытам». Але ў той жа час міністр архітэктуры і будаўніцтва яшчэ ў снежні 2024 года заўважаў, што такі тып жытла мае нізкую прывабнасць у грамадзянаў, бо, пагаджаючыся на арэнднае жытло, яны губляюць месца ў чарзе на будаўніцтва ўласнай кватэры.

Таксама, паводле міністра, у гарадах з насельніцтвам да 20 тысячаў чалавек немагчыма «замацаваць» кадры праз арэнднае жытло, таму разглядаўся варыянт прапрацоўвання магчымасці выкупіць арэнднае жытло.

Але ў зацверджаным варыянце канцэпцыі фінальнага рашэння прапісана так і не было. Ёсць толькі ўдакладненне, што ў далейшым «будуць прапрацаваныя» магчымасць і ўмовы надання «працаўнікам найбольш запатрабаваных пасадаў (прафесіяў рабочых) права на набыць ва ўласнасць арэнднае жытло» пры дасягненні пэўнага стажу працы ў арганізацыі, якая вылучала ім такое жыллё. Але ці развяжа гэта праблему «замацавання» кадраў?

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10