«Белсат» апавядае, калі краіны пачалі пераводзіць гадзіннікі на зімовы і летні час ды які ў гэтым сэнс. Падаецца, тут усё як з падаткамі: перавод часу існуе, хоць людзі ў асноўным супраць.
Хто, як і куды пераводзіць гадзіннікі?
Стрэлкі на разумных дэвайсах бальшыні еўрапейцаў аўтаматычна перавядуцца на летні час 30 сакавіка – у ноч з суботы на нядзелю на гадзіну наперад. Напрыклад, у Польшчы замест 2:00 адразу наступіць 3:00, а ў Латвіі і Літве замест 1:00 адразу прыйдзе 2:00.
Бальшыня краінаў Еўропы з 1996 года пераводзіць гадзіннік кожныя паўгода ў адзін і той жа дзень, хоць спрэчкі вядуцца дзесяцігоддзямі.
Напрыклад, усе еўрапейскія суседзі Беларусі (а таксама Украіна) перавядуць у нядзелю стрэлкі на гадзіну наперад. Але апытанне 2018 года паказала, што 84 % жыхароў ЕЗ супраць пераводу, таму пазней выбар пакінулі да кожнай асобнай краіны Звязу. Праўда, пасля здарылася пандэмія, таму пытанне з месца так і не ссунулася.
Не будуць пераводзіць стрэлак гадзіннікаў Беларусь, Расея і Грузія, а таксама ўсходнія постсавецкія краіны. Грузія перастала рухаць стрэлкі ў 2008 годзе, Беларусь і Расея – у 2011-м.
Але калі вышэй відавочная палітычная падаплёка, шмат якія краіны не пераводзяць гадзіннікаў з іншых прычынаў. Напрыклад, экватарыяльныя і трапічныя краіны – проста таму, што ў іх і так заўсёды лета, а даўжыня дня амаль не мяняецца. Японія адмовілася праз традыцыі: да часу ўзыходу сонца тут прывязаныя шмат якія святы.
Акрамя таго, не ўсе краіны дадаюць роўна гадзіну да часу ў адзіны дзень. Напрыклад, Аўстралія 6 красавіка перавядзе стрэлкі на 30 хвілінаў назад, ЗША дадасць гадзіну 9 сакавіка, а Антарктыда дадасць адразу 2 гадзіны 16 сакавіка.

Калі ўвогуле гадзіннікі пачалі пераводзіць?
У Сярэднявеччы час вызначалі на галоўнай плошчы гораду з прывязкаю да сонца, і гэты гадзіннік у гарадах па ўсім свеце не быў ніяк сінхранізаваны.
Нават на тэрыторыі Беларусі стагоддзе таму розніца ў часе паміж Менскам і Гомлем складала 14 хвілінаў: у той час арыентаваліся на астранамічны час для кожнага паселішча.
З развіццём транспарту гэтае бязладдзе трэба было спыніць, каб неяк складаць расклад. Таму ў ХІХ стагоддзі разам з чыгункай у нас з'явілася сістэма гадзінных паясоў. З таго моманту хвіліны амаль нідзе не адрозніваюцца, а вось становішча кароткіх стрэлак гадзіннікаў паміж краінамі бывае розным.
Навошта пераводзіць час? За і супраць
У пераводу гадзіннікаў – дзве галоўныя функцыі. Па-першае, гэта дазваляе ашчаджаць электраэнергію: памяншэнне часу ўлетку і павелічэнне ўзімку дае магчымасць даўжэй працаваць пры натуральным, а не штучным асвятленні. Але, гледзячы на даследаванні, гэтая эканомія звычайна складае не больш за 1–3 %. Па-другое, прытрымліванне «унутраным біярытмам». Любому жывому арганізму для нармальнай жыццядзейнасці трэба сонечнае святло. Груба кажучы, людзям лепш прачынацца, калі светла, і класціся спаць, калі цёмна. Ад святла залежыць выпрацоўванне мелатаніну ды іншых гармонаў, якія рэгулююць рытмы ў арганізме, таму нястача святла можа выклікаць дэпрэсію, ператамленне, заняпад сілаў і бессань.
Да іншых плюсаў пераводу часу адносіцца бяспека – пры дзённым святле кіроўцы лепш ацэньваюць становішча на дарозе, людзі атрымліваюць менш траўмаў, зніжаецца колькасць дробных злачынстваў.

Але ёсць і хібы. З пераводам гадзінніка ўзнікае больш блытаніны. Адныя электронныя гаджэты пераводзяць гадзіннік самастойна, іншыя могуць «затупіць» праз налады і геалакацыю. Механічныя гадзіннікі не ўсе своечасова ўспамінаюць перавесці, таму магчымыя спазненні на транспарт або важную сустрэчу.
Акрамя таго, людзям даводзіцца перастройвацца на новы час. Хоць для большасці гэтая гадзіна можа прайсці амаль незаўважна, для людзей з начнымі і раннімі працоўнымі зменамі, а таксама працаўнікоў на іншыя краіны і нават кантыненты, гэта ўжо можа быць крытычна.
Тэса Анэйда / belsat.eu