Нават унутры Беларусі, ад якой суседнія еўрапейскія краіны літаральна адгарадзіліся плотам ды калючым дротам, амаль не засталося месцаў, дзе чалавек не трапляе пад татальны кантроль. Паводле афіцыйных звестак, каля 60 тысяч «разумных» камераў сочаць сёння за кожным крокам беларусаў: ад пад’езду дому – да вуліцы і крамы. Як тэхналогіі, створаныя нібыта для бяспекі, ператварыліся ў механізм татальнага кантролю за кожным чалавекам, разбіраемся ў нашым матэрыяле.
За апошнія пяць гадоў колькасць камераў відэаназірання, што сочаць за беларусамі, павялічылася ў 600 разоў!
Сістэма татальнага відэаназірання ў Беларусі з'явілася не раптоўна. Яна падкрадалася паступова, пакуль беларусы не адчулі, што кожны іхны крок застаецца пад наглядам «вялікага брата».
Усё пачалося ў 2017 годзе, калі ўлады абвясцілі пра стварэнне Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі (РСМГБ). Афіцыйна гэта падавалася як тэхналогія барацьбы са злачыннасцю, папярэджання тэрактаў ды гарантыя бяспекі грамадзянаў.
У 2018 годзе адбыўся конкурс на выбар тэхнічнага аператара, у якім перамагла кампанія «24×7 Панаптэс» – структура вядомай ІТ-кампаніі «Synesis». Яна прапанавала «разумную» платформу «Kipod», што дазваляе распазнаваць твары людзей і нумары аўтамабіляў у рэжыме рэальнага часу. Цікава, што іншых удзельнікаў конкурсу не было, а незадоўга да пачатку пошуку аператара кампанію ўзначаліў былы сілавік Аляксей Кныш, які да гэтага часу працаваў у Аператыўна-аналітычным цэнтры (ААЦ).
На пачатковым этапе да «Kipod» былі падлучаныя менш за 100 камераў. Але ўжо ў 2020 годзе, пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыяў на выбарах і наступных рэпрэсіяў, колькасць камераў імкліва павялічылася да 700, з якіх 515 паставілі ў менскім метро.
У пастанове Савету Міністраў № 384 ад 30 чэрвеня 2020 года змешчаны пералік, у якім фігуруе 261 найменне менскіх кавярняў, бараў і крамаў, што «падлягаюць абавязковаму абсталяванню сродкамі сістэмы відэаназірання за станам грамадскай бяспекі».
Сістэма «Kipod» неўзабаве пачала выклікаць пытанні і падазрэнні. Пасля выбараў 2020 года менавіта яе абвінавацілі ў супрацы з сілавікамі для ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў пратэстаў і наступных рэпрэсіяў.
Журналісты-расследавальнікі заяўляюць, што версія «Kipod» для РСМГБ інтэграваная з аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмай (АІС) «Пашпарт» і АІС «ДАІ-Цэнтр», а кожнаму грамадзяніну і асобе з дазволам на жыхарства ў гэтай сістэме нададзены лічбавы ідэнтыфікатар.
Пазней супраць кампаніі «Synesis» і яе кіраўніка Аляксандра Шатрова былі ўведзеныя санкцыі Еўразвязу і ЗША. У дакументах Еўразвязу было сказана:
«Генеральны дырэктар і ўладальнік "Synesis" Аляксандр Шатроў адказны за пастанову кампаніі даць уладам Беларусі платформу назірання "Kipod", здольную аналізаваць відэазапісы з выкарыстаннем тэхналогіі распазнання асобаў. Такім чынам, ён спрыяе задушэнню грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі».
Рэч у тым, што «Kipod» здольны з аднаго відэакадру ідэнтыфікаваць асобу з імавернасцю 94,21 %. З дапамогаю гэтае сістэмы сілавікі не толькі могуць ідэнтыфікаваць удзельнікаў акцыяў пратэстаў, але і вызначаюць «эпізоды вулічнай пратэснай актыўнасці» ўжо затрыманых грамадзянаў.
Самая кампанія катэгарычна адмаўляла абвінавачанні, сцвярджаючы, што «Kipod» не можа масава распазнаваць твары і здольны аналізаваць толькі абмежаваную колькасць асобаў. Тым не менш расследаванні паказалі, што «Kipod» быў інтэграваны з базамі МУС, у тым ліку з АІС «Пашпарт» і «ДАІ-Цэнтр», што дазваляла сілавікам атрымліваць інфармацыю пра ўсіх грамадзянаў краіны.

Як сціскалася кола кантролю
Згодна з пастановаю Савету Міністраў № 319 ад 9 чэрвеня 2021 года, усе аб'екты грамадскага харчавання і гандлю, што працуюць у начны час, абавязаныя падлучыць камеры да Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі або наладзіць іх у адпаведнасці з патрабаваннямі сістэмы.
У лютым 2022 года ў РСМГБ адбыліся змены – яе новым аператарам зрабіўся дзяржаўны «Белтэлекам». Гэта выклікала новыя пытанні: цяпер сістэма, якая спачатку прэзентавалася як інструмент грамадскай бяспекі, цалкам перайшла пад кантроль дзяржаўнай структуры, што ўзмацніла падазрэнні наконт яе сапраўдных мэтаў.
У 2023 годзе толькі ў Менску працавала ўжо 6000 такіх камераў.
Да 2024 года па ўсёй краіне колькасць камераў відэаназірання з функцыяй распазнавання твару вырасла да 35 тысячаў, а нядаўна міністр унутраных справаў Іван Кубракоў афіцыйна заявіў, што ў Беларусі працуюць ужо каля 60 тысяч камераў, якія «могуць адсочваць кожны рух беларусаў, распазнаваць твары і счытваць нумарныя знакі аўтамабіляў».
«Калі вы не бачыце на вуліцы працаўніка міліцыі або вайскоўца ўнутраных войскаў, гэта не значыць, што мы сітуацыі не кантралюем. Сітуацыю ў краіне мы трымаем пад поўным кантролем», – сказаў Кубракоў падчас прэс-канферэнцыі.
Гэтак, паступова, нібыта дзеля бяспекі, Беларусь апынулася пад татальным кантролем «разумных» камераў.
Дарэчы, як у 2019 годзе распавядаў сузаснавальнік «Synesis» Аляксандр Шатроў, у планах на той момант было падлучыць 360 тысяч камераў за пяць гадоў. План, як мы бачым, зрэалізаваны не быў, аднак гэта не значыць, што колькасць «разумных» відэакамераў у краіне не будзе павялічвацца.

«Вялікі брат» сочыць за кожным: як беларусаў кантралюе сістэма распазнання твараў
Як такая колькасць камераў відэаназірання ўплывае на адчуванне бяспекі саміх беларусаў?
«Камеры паўсюль: ад офісу і крамы – да грамадскага транспарту. І ў мяне, калі шчыра, гэта, наадварот, выклікае пачуццё небяспекі, – шчыра выказалася Наталля з Менску. – Бо я не ўпэўненая, што інфармацыя, якая будзе пра мяне сабраная, мне не нашкодзіць. Прытым што я ніякая не зладзейка. Напрыклад, апынуся я выпадкова каля акцыі пратэсту – аўтаматычна прызнаюць злачынкай. Зафіксуюць у чырвоным ды белым адзенні – ты зноў падазроная. Паразмаўляла з чалавекам, якога пасля прызналі "экстрэмістам", – і ты ўжо патэнцыйная саўдзельніца. Еўропа ад нас адмежавалася, а цяпер і ўнутры краіны мы ў турме строгага рэжыму».
Беларуская сістэма відэаназірання, пра якую ідзе гаворка, здольная ў аўтаматычным рэжыме распазнаваць твар людзей, нават калі яны трапляюць у кадр толькі на некалькі секундаў. Прычым доступ да гэтай інфармацыі маюць органы ўнутраных справаў, органы дзяржаўнай бяспекі, памежная служба, мытня, Следчы камітэт і нават Служба бяспекі прэзідэнта.
,,Асабліва жорстка, як высветлілася, сістэма кантралюе тых, хто апынуўся ў «асаблівым спісе». Тых, хто атрымаў «хатнюю хімію» паводле палітычных справаў, уносяць у адмысловую базу. Калі такую асобу фіксуе вулічная камера, інфармацыя імгненна трапляе да інспектара.
Так адбылося і з жыхаркаю Менскай вобласці Наталляю, якая пагадзілася коратка расказаць сваю гісторыю.
Некалькі гадоў таму жанчыне прысудзілі «хатнюю хімію» за ўдзел у акцыі пратэсту. А нядаўна, калі ёй давялося паехаць у лякарню да маці, яе падлавіла «разумная» камера.
«Праз паўтары гадзіны патэлефанавала інспектарка: "Мы ведаем, што вы былі ў Менску. Прыйшло відэа". Адразу далі парушэнне рэжыму і 15 содняў арышту, бо я "хатні хімік" і мушу жыць згодна з вызначаным рэжымам. У краму толькі ранкам, у дзіцячую лякарню ці яшчэ куды – толькі з дазволу. Ні ў якія начныя клубы ці месцы, дзе ўжываюць алкаголь… Бары мне не патрэбныя. А вось з маленькай дачкой пры такім рэжыме вельмі складана, таму часам даводзіцца парушаць, – кажа жанчына. – І калі такое здараецца, заўсёды хаджу ў акулярах, пажадана яшчэ і ў медычнай масцы, капялюш нацягваю, каб камера мяне не апазнала».
Рэч у тым, што сістэма не можа распазнаць чалавека, на твары якога не відаць антрапаметрычных пунктаў. Найбольш просты для гэтага варыянт – камплект з маскі, што цалкам закрывае нос і рот, або кепкі і цёмных акуляраў, якія шчыльна прылягаюць да твару. Пры гэтым важна не здымаць іх там, дзе ёсць камеры. Бо на ідэнтыфікацыю стае некалькі секундаў.

Як распавяла Наталля, ставячы на ўлік, міліцыянты фатаграфавалі яе і папярэджвалі, што відэа з камераў у выпадку парушэнняў «паступаюць у міліцыю аўтаматычна». З цягам часу праз сарафаннае радыё «хімікаў» можна даведацца, дзе стаяць камеры, але якія з іх распазнаюць твары, усё роўна незразумела, бо гэта нідзе не пазначана.
«Гэта не жыццё, а нейкае штодзённае выпрабаванне, – уздыхае суразмоўца. – Відаць, дзесьці ўсе ж паставілі новую камеру, а я не ведала, вось і трапіла».
У дакуменце, які рэгулюе працу сістэмы відэаназірання, адзначаецца, што гэта не проста камеры, а паўнавартаснае «праграмнае забеспячэнне відэааналітыкі», якое дазваляе аўтаматычна фіксаваць падзеі. Сістэма можа быць абсталяваная сэнсарамі задымлення, агню, выяўлення выбуховых рэчываў, наркотыкаў і нават радыяцыйных рэчываў, а таксама камерамі начнога бачання.
Чыноўнікі, дарэчы, плануюць паставіць такія камеры ля ўваходаў у пад’езды, прычым за кошт саміх жыхароў. Яшчэ ў 2022 годзе намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Павел Ткач заявіў, што такая паслуга можа зрабіцца «камунальнай». З разлікаў «Белтэлекаму», на гэта спатрэбіцца яшчэ каля 100 тысяч відэакамераў.
Эксперты пагаджаюцца: сістэма відэаназірання можа выкарыстоўвацца сілавікамі найперш не для бяспекі, а для ціску і рэпрэсіяў.
«Міліцыя можа атрымаць доступ да вельмі асабістай інфармацыі: ад таго, што чалавек купляе на сняданак, да таго, ці ёсць у яго каханка, – пракаментаваў «Белсату» спецыяліст у сферы інфармацыйнай і кібербяспекі. – Міліцыя, маючы доступ да такіх звестак, можа іх нядобрасумленна апрацоўваць. Вядомыя нават прыклады, калі праваахоўнікі могуць гандляваць асабістай інфармацыяй або выкарыстоўваць яе для шантажу. Нягледзячы на тое, што камераў становіцца больш, гэта не робіць грамадства бяспечнейшым. Калі міліцыя пастановіць, што чалавек выклікае інтарэс, то з дапамогай гэтых звестак можна стварыць кампрамат. Такім чынам звычайны кантроль праз камеры ператвараецца ў інструмент ціску».
Надзея Вольная belsat.eu