Гісторыі

«Я проста напісала водгук». Гаспадар дому пад Варшавай падаў у суд на беларуску, якая здымала ў яго пакой

Абвестка пра арэнду пакою ў доме Рамана К.
Абвестка пра арэнду пакою ў тым самым доме Рамана К. Фота: Марина Лаврик / Facebook
podpis źródła zdjęcia

У кастрычніку 2024 года мы пісалі пра некалькіх беларусаў, якія здымалі пакоі ў доме таксама беларуса з польскім грамадзянствам Рамана К. у гарадку Зомбкі пад Варшавай. Жыльцы распавядалі, што апынуліся нібы ў рэжымным аб’екце, дзе сачылі за кожным іхным крокам. Ганна (імя змененае з меркаванняў бяспекі), адна з арандатарак, апісала ўмовы ў доме ў сацсетках. Раман К. пасля гэтага падаў на яе ў суд за паклёп і распаўсюд асабістых звестак.

«Я ні ў чым не хлусіла»


Першае паседжанне адбылося 7 студзеня 2025 года ў раённым судзе гораду Валомін недалёка ад Варшавы. На другім, што прайшло 18 сакавіка, Раман К. выставіў новыя абвінавачванні ў бок Ганны. Суддзя ў выніку адклаў разгляд справы, даў час Раману на ўдакладненне сутнасці пазову. Калі адбудзецца наступнае паседжанне – пакуль невядома, суд паведаміць пра дату, калі яна будзе вызначаная. Ганна зазначае, што ейны абаронца хацеў бы дасягнуць міравога пагаджэння з Раманам К, але ці пойдзе той на гэта, пакуль незразумела.


Таксама Ганна з абаронцам падалі сустрэчны пазоў у адрас Рамана К. Жанчына раней распавядала, што ён абражаў яе, хапаў за рукі, не вярнуў грошы за пакой (Ганна высялілася раней за заканчэнне дамовы, бо так запатрабаваў Раман К.).

,,

«Я не згодна з абвінавачваннем. Я не паклёпнічала, ні ў чым не хлусіла. Я проста распавядала сваю гісторыю, напісала водгук і свае негатыўныя ўражанні, што мне не вярнулі грошы і пра тое, якія былі мінусы ў пражыванні».


Абвестка пра арэнду пакою ў тым самым доме Рамана К. Фота: Марина Лаврик / Facebook

«Гэта казарма, рэжымны аб’ект». Беларус у Польшчы стварае невыносныя ўмовы ў пакоях, якія здае

навіны

Судовы працэс стаў для Ганны выпрабаваннем і ў маральным, і ў матэрыяльным плане – шмат грошай пайшло на абарону, і немалыя выдаткі яшчэ наперадзе. Аднак беларуска не збіраецца здавацца, бо перакананая, што праўда цалкам на ейным баку, і хоча гэта даказаць.


«Адчуеце сябе, як удома»


Раман К. здае пакоі ў доме ў Зомбках праз рыэлтараў. Пацярпелыя распавядалі пра рыэлтарку Наталлю. Па стане на 20 сакавіка ў яе тэлеграм-канале вісяць свежыя абвесткі аб здачы ў арэнду пакояў у доме Рамана К.


«Добрыя ўмовы пражывання, адчуеце сябе, як удома», – абяцае Наталля.


Аднымі з тых, хто летась зняў пакой у Рамана К., сталі сыны вядомага беларускага прапаведніка, які эміграваў у Польшчу, Сергія Мельянца. Дом адразу ўразіў Сергія і ягоных сыноў сваімі сістэмамі бяспекі – «паўсюль камеры, а каб зайсці ў пакой ці на кухню, трэба адсканаваць адбітак пальца». Замест дамовы хлопцам далі падпісаць анкету госця, у якой былі пералічаныя патрабаванні да жыльцоў і штрафы за парушэнне правілаў.

Пакой у доме Рамана К. Фота: pokojewWarszawie / Telegram
Пакой у доме Рамана К. Фота: pokojewWarszawie / Telegram

Праз некаторы час сынам Сергія выставілі наступныя абвінавачанні: хадзіў у калідоры з кепкай на галаве; неахайна выцерлі стол; адзін з хлопцаў быў з распушчанымі валасамі ў кухні; забылі прыбраць кубачак ад ёгурту; не прыбралі асабісты ручнік з ваннага пакою; паклалі ўсе прадукты на стол; адзін з хлопцаў усміхнуўся ў камеру і паказаў знак перамогі; не ўключылі выцяжку ў кухні – штраф 100 злотых; выкінулі некалькі чэкаў і абгортак ад цукерак у сметніцу на кухні – штраф 100 злотых.


«Увесь час адчувала, што хтосьці за мной сочыць»


Падобная гісторыя адбылася з узгаданай вышэй Ганнай. Жанчына зняла пакой у доме Рамана К. таксама праз рэылтарку Наталлю.


«Яна расхваліла мне пакой, гаспадара: ён такі прыстойны, ваш беларус, у яго жывуць украінцы і беларусы, не было ніякіх скаргаў ні ў каго... За сваю працу Наталля ўзяла 300 злотых», – распавядала нам раней Ганна.


Жанчына таксама падпісала анкету госця з правіламі пражывання. Праз некалькі дзён пасля засялення да Ганны пачаліся прэтэнзіі: вы выйшлі з кухні і не паставілі на месца крэсла, не папярэдзілі, што ўключылі пралку, не апусцілі вечка ўнітаза, пакінулі лішнюю пару абутку ля ўваходу, не прапыласосілі ў пакоі...

,,

«Я ўвесь час адчувала, што хтосьці за мной сочыць. Я спынялася ў гостэлах у вандроўках, і там ёсць відэакамеры, але не ў такім аб’ёме і не з такімі маніпуляцыямі. Я ўпершыню з такім сутыкнулася. <…> Было адчуванне, што яны шукаюць, да чаго прычапіцца, каб чалавеку стала некамфортна. Адзін раз Раман давёў мяне да слёз», – кажа жанчына.


Пасля таго, як Ганна запатрабавала даць ёй на рукі ейны экзэмпляр анкеты, Раман К., са словаў нашай суразмоўцы, абразіў яе і загадаў высяліцца. А калі беларуска распавяла пра свой досвед і сацсетках, Раман К. напісаў на яе заяву ў паліцыю і падаў у суд – за паклёп і распаўсюд асабістых дадзеных.


Падобныя гісторыі распавялі нам яшчэ два беларусы. Са словаў пацярпелых, Раман К. іх прымусіў высяліцца раней за тэрмін, на які дамаўляліся, і не вярнуў частку грошай. Ганна разам з іншымі пацярпелымі двойчы спрабавалі заявіць у паліцыю на Рамана К., але ў іх не прынялі заяву. Белсат падрабязна распавядаў, як развівалася сітуацыя – чытайце па спасылцы.


Мы спрабавалі звязацца з Раманам К., каб выслухаць ягоную пазіцыю адносна гісторыяў, якія мы пачулі, аднак ён не адказаў на нашыя тэлефонныя званкі. Калі нам удасца атрымаць ягоны каментар, мы абавязкова яго апублікуем.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10