навіны

Генпракуратура Літвы: За тэрактам у Вільні ў 2024 годзе стаяць спецслужбы РФ

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: nedelia.lt
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: nedelia.lt
podpis źródła zdjęcia

Літоўскія праваахоўныя органы расказалі падрабязнасці расследавання тэракту ў Вільні, што адбыўся 9 траўня 2024 года. Паводле Генеральнай пракуратуры Літвы, да арганізацыі падпалу ў гандлёвым цэнтры «Ikea» датычныя двое грамадзянаў Украіны, якіх завербавалі расейскія спецслужбы.

У ноч на 9 траўня 2025 года ў адным з аддзелаў «Ikea» была закладзеная запальная прылада з таймерам, што актывавалася а 4-й раніцы. Пажар нанёс шкоду на 485 519 еўраў. З версіі следства, падазраваныя знялі на відэа полымя, перадалі запіс сваім куратарам і неўзабаве пазбавіліся доказаў – адзення і тэхнікі, што выкарыстоўвалася ў злачынстве.

Паводле звестак пракуратуры, выканаўцы – двое хлопцаў да 20 гадоў, абодва грамадзяне Украіны. Адзін з іх, непаўналетні, быў затрыманы ў Літве і ўжо паўстаў перад судом. Другога затрымалі ў Польшчы.

Следчыя высветлілі, што арганізатарамі злачынства былі расейскія спецслужбы. Падазраваныя прыехалі ў Польшчу вясною 2024 года, дзе падчас сакрэтнай сустрэчы ў Варшаве атрымалі заданне ўчыніць серыю тэрактаў у Літве і Латвіі за 10 тысячаў еўраў.

Паведамляецца, што адзін з абвінавачаных дзейнічаў з высокім узроўнем канспірацыі: наведваў розныя краіны для рыхтавання злачынстваў, выкарыстоўваў зашыфраваныя каналы сувязі, вывучаў маршруты адступлення, а таксама захоўваў і перадаваў выбуховыя прылады праз схованкі. Пасля здзяйснення падпалу падазраваны адправіўся ў Латвію для новага тэракту, але быў затрыманы пад Панявежысам літоўскімі спецслужбамі. У яго знайшлі матэрыялы, прызначаныя для новага нападу.

Паводле версіі пракуратуры, галоўная мэта тэрактаў – нагнятанне страху сярод насельніцтва, ціск на Літву і ЕЗ дзеля скарачэння падтрымання Украіны, а таксама дэстабілізацыя сітуацыі. Выбар «Ikea» быў невыпадковым – кампанія пайшла з расейскага рынку, што магло стаць дадатковым матывам для атакі.

Следству ўдалося выявіць арганізатараў і пасярэднікаў у гэтай справе, расследаванне працягваецца.

Нагадаем, што ў траўні 2024 года ў Польшчы былі затрыманыя дзевяць асобаў, якіх падазраюць у беспасярэднім удзеле ў дыверсіях на тэрыторыі Польшчы паводле задання расейскіх спецслужбаў. Маюцца на ўвазе наёмныя выканаўцы – часам гэта людзі з крымінальнага свету. Сярод іх былі грамадзяне Польшчы, Беларусі і Украіны.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10