У Польшчы затрымалі падазраваных у дыверсіях, спланаваных расейскімі спецслужбамі
21.05.2024, 10:41
Паліцыя Познані. (Крыніца: gloswielkopolski.pl)
podpis źródła zdjęcia
Сярод іх ёсць грамадзяне Беларусі і Украіны.
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў у інтэрвʼю TVN24, што праваахоўныя органы арыштавалі дзевяць чалавек, якія падазраюцца ў падрыхтоўцы дыверсіяў і актаў сабатажу на заданне расейскіх спецслужбаў.
Паліцыя Познані. (Крыніца: gloswielkopolski.pl)
,,
«Што датычыць дыверсіяў і сабатажу, то справа вельмі сурʼёзная», – заявіў прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск.
Паводле яго, гэта датычыць некалькіх еўрапейскіх краінаў – у прыватнасці, Польшчы, Літвы і Латвіі. Таксама паступаюць сігналы са Швецыі аб тым, што некаторыя дзіўныя падзеі таксама могуць быць вынікам дыверсіі.
Туск паведаміў, што цяпер у Польшчы арыштаваныя дзевяць чалавек, якіх падазраюць у непасрэдным удзеле ў дыверсіях на тэрыторыі Польшчы на заданне расейскіх спецслужбаў. Маюцца на ўвазе наёмныя выканаўцы – часам гэта людзі з крымінальнага свету. Сярод іх ёсць грамадзяне Польшчы, Беларусі і Украіны.
Прэм’ер-міністр распавёў, што ў Вроцлаве была перадухіленая спроба падпалу прадпрыемства для вытворчасці фарбаў, побач з якім месціцца хімічны завод.
,,
«Гэта зроблена на замову расейскіх службаў, пра што ўжо без усялякіх сумневаў было заяўлена», – сказаў Туск.
Ён адзначыў, што выпадкі дыверсіяў таксама фіксаваліся ў Літве – напрыклад, падпал складу Ikea. «Тыя ж людзі, якіх там затрымалі, таксама могуць мець дачыненне да спробаў дыверсіяў, у асноўным падпалаў, таксама ў Польшчы», – сказаў ён. Падрабязнасцяў польскі прэмʼер раскрываць не стаў.
Туск падкрэсліў, што цяпер вядзецца не толькі расследаванне, але і ладзіцца «маштабная акцыя ліквідацыі падобнага роду пагрозаў». Гэта таксама азначае арышт любых іншых патэнцыйных злачынцаў, дадаў ён.
«Я хачу гэта вельмі ясна ўдакладніць. Па-першае, дзяржава дзейнічае ў гэтым пытанні, кансультуючыся з нашымі суседзямі і саюзнікамі. І я вельмі задаволены эфектыўнасцю нашых службаў на дадзены момант, – сказаў прэм’ер. – Па-другое, пагроза такіх дзеянняў, як я ўжо казаў, рэальная не толькі ў Польшчы».