Нягледзячы на тое што дзяржава зрабіла шэраг захадаў, каб хаваць выпадкі палітычнага ціску, рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца ні на хвіліну. Пра гэта сведчаць звесткі, апублікаваныя ўладамі Гомельскай вобласці.
Як паведаміў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гомельскага аблвыканкаму Андрэй Майсейкаў, толькі за студзень 2025 года тут пачалі 50 крымінальных справаў «экстрэмісцкай накіраванасці», а колькасць падазраваных дасягнула 34 чалавек, паведамляе выданне «Флагшток» са спасылкай на газету Гомельскага гарвыканкаму.
Сілавікі сцвярджаюць, што ў большасці выпадкаў гаворка ідзе пра публічную знявагу Аляксандра Лукашэнкі і чыноўнікаў, распальванне варожасці і спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці. Пры гэтым значная частка гэтых справаў можа быць звязаная яшчэ з падзеямі 2020 года: улады працягваюць вышукваць і караць людзей за каментары ў сацсетках і чатах.
Адначасова ўзмацняецца і адміністратыўны пераслед. У студзені ў Гомельскай вобласці склалі больш за 120 адміністратыўных пратаколаў за «лайкі і падпіскі» на незалежныя медыі, прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі. Фармальна гэта кваліфікуецца як распаўсюджванне і захоўванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе яе.
Цікава, што судовая статыстыка не адлюстроўвае рэальнай колькасці справаў, адзначаюць аўтары выдання. Гэта можа сведчыць або пра намеры ўладаў утойваць рэальны маштаб рэпрэсіяў, або пра тое, што суды фізічна не паспяваюць разглядаць такую колькасць справаў.
Майсейкаў сцвярджае, што выпадкова пастаўлены лайк не становіцца падставай для пакарання – нібыта кожны выпадак правяраецца асобна. Аднак вядома, што ў Беларусі ўжо неаднаразова каралі людзей за падпіскі на незалежныя каналы або за звычайныя каментары.
Акрамя таго, прадстаўнік УУС заявіў, што за апошнія два гады нібыта павялічылася колькасць «радыкалаў», якія рыхтуюць «тэрарыстычныя акты». Пры гэтым ніякіх дакументальных доказаў ці афіцыйных паведамленняў пра рэальныя тэракты не было – вядомыя толькі адзінкавыя справы, якія выглядаюць сфабрыкаванымі.
Нагадаем, што ў пачатку лютага з заявай пра тое, што гомельскія сілавікі працягваюць пошук людзей, якія ўдзельнічалі ў пратэстах у 2020–2021 гадах, выступіў пракурор Гомельскага раёну Аляксандр Шынкароў.
Пры гэтым у канцы лістапада 2024 года тэлеграм-каналы, набліжаныя да беларускіх сілавікоў, як на загад перасталі публікаваць так званыя пакаянныя відэа (менавіта з іх найчасцей праваабаронцам удавалася высветліць колькасць затрыманых за палітыку чалавек).
Паводле паведамленняў праваабаронцаў, цяпер можна назіраць новы віток рэпрэсіяў паводле артыкулу 342 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), які з выбараў-2020 называюць народным за шырокае выкарыстанне супраць удзельнікаў мірных пратэстаў. Рэч у тым, што ў яго хутка скончыцца тэрмін даўніны, цягам якога людзей можна прыцягваць да адказнасці.
Раман Шавель belsat.eu