Меркаваннi

Плошча-2006. Страх адступае, калі нас шмат

Супрацоўнікі АМАПу разганяюць пратэстоўцаў з Кастрычніцкай плошчы беларускай сталіцы ў шосты дзень дэманстрацый супраць пераабрання Аляксандра Лукашэнкі на пост прэзідэнта краіны. Менск, Беларусь. 24 сакавіка 2006 года. Фота: AFP / East News
Супрацоўнікі АМАПу разганяюць пратэстоўцаў з Кастрычніцкай плошчы беларускай сталіцы ў шосты дзень дэманстрацый супраць пераабрання Аляксандра Лукашэнкі на пост прэзідэнта краіны. Менск, Беларусь. 24 сакавіка 2006 года. Фота: AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Дзевятнаццацьгадоў таму тысячы грамадзян Беларусі зрабілі для сябе адкрыццё – страх адступае, калі нас шмат і ёсць агульная мэта. 

Выбары. Людзі патрабавалі вярнуць ім права абіраць. Тое самае права, якое было гарантаванае ім Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам, але якога яны былі пазбаўленыя ўжо 12 гадоў. Бо прэзідэнцкія выбары былі толькі аднойчы - 10 ліпеня 1994 года. Яны былі дэмакратычнымі і прызнаныя сусветнай супольнасцю. Потым ужо не мела ніякага значэння, каго менавіта хацелі людзі бачыць на пасадзе прэзідэнта. Напэўна, тым, хто галасаваў за Лукашэнку, павінна быць асабліва крыўдна. Бо іх галасы таксама ігнаравалі. Але нічога не зробіш – альбо фальсіфікацыя, альбо сумленныя выбары.

Чаму Плошча не здарылася раней? Адразу пасля перавароту 1996-га людзі пачалі выходзіць на вуліцы. Ніхто тады не меў ніякага досведу – ні дэманстранты, ні ўлады. Апошнія пачкамі выдавалі Указы і Дэкрэты. Як гэта працавала? Прыводзілі амапаўцы выкладчыка ці студэнта ў суд, а судзьдзя яму: «Я не пытаюся чаму вы выйшлі, мяне цікавіць ці былі вы ў той момант на вуліцы. Якая Канстытуцыя?! Ёсць Дэкрэт №5 і будзьце гатовы адправіцца ў камеру або заплаціць штраф. Так, даражэнькі, выхад на такія мерапрыемствы зараз платны. Дорага? Гэта не да мяне».

Таму да Плошчы-2001 народ ужо быў у прававым сэнсе падрыхтаваны. Але чаму ж яна не адбылася? 

,,

Што павінна было здарыцца, каб чалавек рызыкнуў сваім дабрабытам і нават свабодай? Чаму апазіцыя не стала арганізоўваць ніякіх мерапрыемстваў? 


Праўда быў адзін кур’ёзны выпадак. Маладыя людзі з «Край» і «Зубр» пасярод ночы занялі будынак прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы. Казалі, што гэта пад штаб Ганчарыка, але ніхто тады з журналістаў не атрымаў выразнага адказу на пытанне: а каму патрэбен штаб у будынку, які і так быў зачынены на рамонт?

Магчыма, прычына была яшчэ і ў тым, што на тых выбарах не было адзінага кандыдата. Яго, праўда, ніколі і потым не было. А тады кандыдатуры выставілі ажно 22 чалавекі. У выніку зарэгістравалі чацвярых - акрамя Лукашэнкі, яшчэ Сямёна Домаша, Уладзіміра Ганчарыка і Сяргея Гайдукевіча. Многія апазіцыянеры былі расчараваныя, калі Домаш зняў сваю кандыдатуру на карысць былога прафсаюзнага дзеяча Ганчарыка.

Я памятаю той вераснёўскі дзень, калі на плошчы сабраліся людзі. Журналісты налічылі пару соцень чалавек. Людзі перагаворваліся паміж сабой, маросіў дожджык, нічога не адбывалася. Раптам некалькі дзясяткаў маладых мужчын рэзка амаль бегам пайшлі ў бок вуліцы Янкі Купалы. Журналісты падумалі, што, магчыма, намячаецца нейкае шэсце і кінуліся за імі следам, а за журналістамі ўсе астатнія. І тут аказалася, што гэта сілавікі ў цывільным атрымалі загад садзіцца ў аўтобусы, каб вяртацца «на базу». Смяяліся тады ўсе – і самі сілавікі, і ўдзельнікі акцыі. Так скончылася першая і апошняя мірная Плошча.

Перад Плошчай-2006 ужо былі масавыя выступленні супраць фальсіфікацыі вынікаў Рэферэндуму-2004. Ужо прайшлі суды над удзельнікамі акцый, некаторыя з якіх і зараз знаходзяцца за кратамі. Рэпрэсіі ўзмацняліся. Улады рыхтаваліся пагасіць выступы – былі ліквідаваныя шматлікія незалежныя СМІ, з'явіліся новыя артыкулы аб «дыскрэдытацыі дзяржавы», забарона дзейнічаць ад імя незарэгістраваных арганізацый, рэпрэсіі ў адносінах да рэлігійных арганізацый. 

Лідар апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч раздае аўтографы сваім прыхільнікам пасля мітынгу ў Менску, Беларусь. 12 сакавіка 2006 года. Фота: Sergei Grits / AP Photo / East N
Лідар апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч раздае аўтографы сваім прыхільнікам пасля мітынгу ў Менску, Беларусь. 12 сакавіка 2006 года. Фота: Sergei Grits / AP Photo / East N

З тэлеэкранаў штодня ліліся страшылкі ад КДБ. Чаго толькі каштавала апавяданне шэфа КДБ Сцяпана Сухарэнкі аб дохлых пацуках, якіх нібыта апазіцыя планавала кінуць у Мінскводаканал, каб атруціць насельніцтва сталіцы. Дзякуючы гэтай байцы, ён увайшоў у гісторыю як «той з дохлымі пацукамі».

Адзіным кандыдатам ад апазіцыі быў абраны Аляксандр Мілінкевіч. Аляксандр Казулін, у якога не было ні досведу, ні людзей, якія маюць досвед працы ў штабе, сваю кандыдатуру не зняў. Агітацыяй займацца было вельмі складана. Улады прадэманстравалі, што не будуць больш абмяжоўвацца адміністратыўнымі справамі і распачалі крыміналку супраць актывістаў «Партнерства». Сітуацыя ускладнялася. Прайшлі ператрусы і затрыманні актывістаў дэмакратычнага руху. Людзей без усялякіх тлумачэнняў прэвентыўна хапалі на вуліцы і адпраўлялі за краты.

За дзень да даты выбараў шэф КДБ палохаў з экранаў людзей нават смяротным пакараннем за выхад на Плошчу. А ў дзень галасавання ўсім абанентам сотавай сувязі прыйшла СМС з папярэджаннем, што на плошчы плануюцца тэракты.

Журналістам упершыню было загадана знаходзіцца ў спецыяльных камізэльках за агароджай каля прэс-афіцэра МУС. Падавалася, што ў такой сітуацыі на Кастрычніцкай будуць адны сілавікі і журналісты. Да 20-й вечара застаецца 20 хвілін, 15 хвілін, 10 хвілін – нікога. Стаялі высокія начальнікі ў цывільным з МУС і КДБ. Стаялі ўпэўнена, некаторыя пачалі ўхмыляцца. 

,,

Раптам як па камандзе з усіх бакоў моўчкі са сціснутымі зубамі на Плошчу пайшлі людзі. Людзі ішлі па адным, гуртамі. Раптам узвіліся бел-чырвона-белыя сцягі, раздаўся свіст, а за ім: «Жыве Беларусь!!!». За нейкіх пару хвілін уся прастора была занята людзьмі.


Ніякіх тэрактаў, ніякіх выбухаў. Замяшанне на тварах сілавікоў. Нехта з міліцыянтаў узяў мегафон: «Грамадзяне!»… Але свіст заглушыў яго словы. «Ідзі гэта дохлым пацукам раскажы!», – крыкнула яму пажылая жанчына пад рогат натоўпу.

Кадры Плошчы-2006 абышлі тады ўвесь свет. Усе памятаюць чалавека са сцягам на аўтобусе, памятаюць, як людзі ўначы будавалі намётавы лагер, як потым хадзілі на Плошчу з тэрмасамі і бутэрбродамі, як разграмілі потым сілавікі той лагер і як потым у Дзень Волі расправіліся з тымі, хто вырашыў прайсці дэманстрацыяй, каб выказаць салідарнасць з арыштаванымі ўдзельнікамі Плошчы.

Пасля гэтага будзе Плошча-2010, на якую прыйдуць не апазіцыянеры, а тыя грамадзяне, якія ніколі раней не выходзілі на вуліцу. Улады ўлічылі сумны досвед і хоць ніхто ніякіх намётаў ставіць не збіраўся, натоўп разганялі пасля заканчэння шэсця і мітынгу. Кроў на снезе, адарваныя капюшоны, пальчаткі, шалікі. Масавае збіццё людзей на прыпынках. Ператрусы і арышты ў дамах апазіцыянераў. Пагромы ў офісах грамадскіх арганізацый і ў рэдакцыях незалежных СМІ.

Што ж адбылося? Хто выйшаў на вуліцу? Гэта тыя, якія бачылі Плошчу ў 2006-м. Не магла яна не аказаць уплыву на народ. Прапагандысты паказвалі Плошчу кожны дзень і для народа было ўжо ўсё роўна, што яны казалі за кадрам. Людзі разумелі, што салідарнасць выратуе народ. І мы гэта ўбачылі праз 10 год. І гэта не канец.

belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10