Прадстаўнікі ЗША і Расеі сустрэнуцца ў Саудаўскай Аравіі, каб абмеркаваць частковае спыненне агню ў вайне Расеі супраць Украіны, пра якое прэзідэнт ЗША Доналд Трамп гаварыў з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным 18 сакавіка.
Пра гэта паведаміў памочнік прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Майк Ўолц.
«Сёння я размаўляў са сваім расейскім калегам Юрыем Ушаковым пра высілкі прэзідэнта Трампа для спынення вайны ва Украіне. Мы дамовіліся, што нашыя тэхнічныя групы сустрэнуцца ў Эр-Рыядзе ў найбліжэйшыя дні, каб засяродзіцца на рэалізацыі і пашырэнні частковага спынення агню, якога прэзідэнт Трамп дамогся ад Расеі», – напісаў Ўолц у Х.
Паводле вынікаў размовы Доналда Трампа і Уладзіміра Пуціна Крэмль апублікаваў прэс-рэліз, у якім гаварылася, што Пуцін выставіў патрабаванні для спынення агню. Сярод іх было спыненне заходняй дапамогі Украіне, у тым ліку выведных звестак, а таксама Украіна мусіць спыніць «прымусовую мабілізацыю». Трамп пасля сустрэчы заявіў, што не абмяркоўваў з Пуціным падтрымання Украіны.
На прапанову Трампа спыніць агонь Пуцін нібыта «адразу даў расейскім вайскоўцам адпаведную каманду», аднак абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі працягнуліся.
Арсен Рудэнка belsat.eu