Долар падаражэў на 2,4 капейкі на гандляваннях 19 сакавіка. Цяпер ён каштуе Br 3,0794. Днём раней курс долара знізіўся адразу на шэсць капеек і быў на мінімуме са жніўня 2023 года.
Еўра падаражэў на 5,38 капеек да Br 3,3451. Таксама прадоўжыўся рост расейскага рубля – на 0,15 капеек. Цяпер 100 расейскіх рублёў каштуюць Br 3,6803.
Напярэдадні экспертка BEROC Настасся Лузгіна расказала «Белсату», што з пачатку года на беларускім валютным рынку назіраецца трэнд на зніжэнне курсу долара, але разам з тым – на рост расейскага рубля.
Рост беларускага рубля да долара адбываецца апошні час праз рост расейскага рубля да валюты ЗША. Гэтаму спрыяе станоўчае сальда вонкавага гандлю ў Расеі, пазітыўныя палітычныя чаканні і аслабленне долара ва ўсім свеце.
Унутраныя беларускія чыннікі пакуль асабліва не ўплываюць на курс беларускага рубля да долара. Але адмоўнае гандлёвае сальда краіны паступова павялічваецца, то бок Беларусь усё больш купляе за мяжою, чым прадае. Калі гэтак будзе працягвацца, то курс долара будзе расці, адзначыла Настасся Лузгіна.
Арсен Рудэнка belsat.eu