Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пагавораць праз тэлефон з прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам 19 сакавіка. Пра гэта ён паведаміў на прэс-канферэнцыі падчас сустрэчы з прэзідэнтам Фінляндыі Александэрам Стубам.
«Сёння ў мяне будзе кантакт з прэзідэнтам Трампам. Мы сёння з ім будзем абмяркоўваць дэталі наступных крокаў. У нас ужо была сапраўды добрая сустрэча нашых камандаў. Я мяркую, што ўсё правільна ішло, калі б не Расея, якая заўсёды незадаволеная, калі нешта ідзе правільна», – сказаў Уладзімір Зяленскі.
Ён адзначыў, што, меркавана, пачуе ад Доналда Трампа дэталі ягонай размовы з Уладзімірам Пуціным, якая прайшла 18 сакавіка.
«Нейкія дэталі чуў. Вечар – ноч нашыя каманды размаўлялі, але я хацеў бы казаць пра дэталі, калі буду мець наўпроставы дыялог з Трампам. Мы гатовыя адправіць нашую тэхнічную каманду. Калі гэтая сустрэча і ў якім фармаце будзе – змагу сказаць крыху пазней», – сказаў ён.
Падчас прэс-канферэнцыі Уладзімір Зяленскі адказаў на патрабаванне Пуціна спыніць мабілізацыю ва Украіне, апублікаванае Крамлём пасля размовы з Трампам.
«Я не хачу з імі абмяркоўваць, якая мусіць быць наша армія, бо гэта частка гарантыяў бяспекі для ўкраінцаў. Таксама я не збіраюся з імі прагаворваць эканамічныя гарантыі бяспекі, дзе Еўрапейскі Звяз – галоўная эканамічная гарантыя бяспекі для Украіны», – падкрэсліў Зяленскі.
Апошні раз Зяленскі і Трамп размаўлялі на сустрэчы ў ЗША 28 лютага, дзе спрачаліся на падвышаных тонах.
Арсен Рудэнка belsat.eu