Сілавікі ў Беларусі скіравалі ўвагу адразу на некалькіх журналістаў, а 21-гадовага хлопца затрымалі за каментары, якія ён рабіў у 15 – 16 гадоў. Пра гэта і іншыя парушэнні правоў у Беларусі ў аглядзе рэпрэсіяў.
У Гродзенскай вобласці прадаюць машыну былога палітвязня Дзяніса Кірэшчанкі праз пляцоўку «Белюрзабеспячэнне».
Мужчыну затрымалі 8 жніўня 2020 года ў межах справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў у Навагрудку і Карэлічах (ч. 3 арт. 293 КК). Пазней яму прысудзілі 1,5 гады калоніі. 30 кастрычніка 2021 года ён выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
Менскі гарадскі суд аб’явіў перапынак у разглядзе крымінальнай справы журналіста Ігара Ільяша. Суд пачаўся 21 лютага, з таго часу адбылося тры судовыя пасяджэнні.
Ільяша абвінавачваюць у «Дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369–1 КК РБ) і «Садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361–4 КК РБ). Журналісту пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Цяпер аналітычныя публікацыі журналіста адпраўлены на экспертызу, якую будзе праводзіць доктар філалагічных навук, загадчык кафедры на філфаку БДУ Сяргей Лебядзінскі. Суд адхіліў хадайніцтва Ільяша наконт таго, каб экспертыза праводзілася ў Дзяржаўным цэнтры судовых экспертыз.
Латвійца пакаралі 6 гадамі калоніі за «дыскрэдытацыю Беларусі» і «заклікі да санкцый». Яго прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1), «паклёп» на Аляксандра Лукашэнку (ч. 2 арт. 367) і «заклікі да санкцыяў» (ч. 2 арт. 361).
Галоўнага рэдактара «Reform» Фёдара Паўлючэнку абвясцілі ў вышук у Расеі. Звесткі пра яго з'явіліся ў расейскай базе «Вышук», якую вядзе МУС РФ. Пазначана, што ён «шукаецца па артыкуле КК».
Верагодна, у расійскую базу Паўлючэнка трапіў на запыт беларускага боку. Паводле інфармацыі выдання, галоўрэд «Reform» праходзіць у Беларусі па некалькіх палітычных крымінальных справах.
Улады абвясцілі намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева ў міждзяржаўны вышук. Паводле якіх падставаў беларускія і расейскія сілавікі яго шукаюць, невядома. Раней у вышук быў абвешчаны намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
Агееў лічыць, што хутчэй за ўсё беларускія ўлады зрабілі запыт на вышук у Інтэрпал. Верагодна, у Беларусі ў дачыненні да яго распачатая нейкая крымінальная справа.
,,«Але ніякіх паведамленняў наконт гэтага я асабіста не атрымліваў. Наўрад ці мяне падавалі ў вышук як зніклага, гэта не мой выпадак», – кажа ён Агееў.
21-гадовага хлопца арыштавалі за «заклікі» да пратэстаў у Telegram-чаце, піша «Вясна». Пракуратура Рэчыцкага раёна накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачванні ў «Арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады» (ч. 1 арт. 342 КК).
Паводле версіі абвінавачвання, хлопец 12 жніўня 2020 года з дапамогай мабільнага тэлефона «Xiaomi» у публічным Telegram-чаце «Брест 97%» размясціў паведамленні, дзе «схіляў грамадзян да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
З гэтага вынікае, што падчас пратэстаў хлопцу было ўсяго 15 ці 16 гадоў, але затрымалі яго праз некалькі гадоў. Вядома, што хлопец змешчаны пад варту.
Арсен Рудэнка belsat.eu