Аб’яднаны пераходны кабінет плануе перадаць інфармацыю пра пагрозы і рэпрэсіі ў дачыненні беларусаў замежжа для разгляду ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе. Такім чынам АПК рэагуе на запалохванні менскімі ўладамі беларусаў і беларусак, якія за мяжой бяруць удзел у вулічных акцыях, паведамляе АПК.
У Італіі з’явіцца шэлтар для беларусаў, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю праз палітычны пераслед у Беларусі. Плануецца, што прымаць людзей ён пачне ў кастрычніку, паведамляе Народная Амбасада Беларусі ў Італіі.
Праваабаронцы «Вясны» прызналі палітычнымі вязнямі яшчэ васьмярых чалавек. На дзень 30 ліпеня ў Беларусі – 1183 палітвязні.
У Гомлі пакаралі 70-гадовую Соф’ю Бачурынскую паводле чатырох палітычных артыкулаў. Пра гэта паведамляе «Гомельская вясна».
Былы палітвязень, грамадзянін Латвіі Дмітрыйс Міхайлаўс, які быў вызвалены ў адзін дзень з Сяргеем Ціханоўскім, паказаў фота з СІЗА ў Беларусі, зробленае на мабільны тэлефон, якім карысталіся зняволеныя. Фота мужчына апублікаваў на сваёй старонцы ў Instagram.
Палітвязень Дзмітрый Семчанка цалкам адбыў тэрмін зняволення і выйшаў на волю, паведамляе «Наша Ніва».
Палітзняволеныя ксёндз Генрых Акалатовіч і айцец Анджэй Юхневіч не ўвайшлі ў лік 16 памілаваных зняволеных, пра якіх сталася вядома 2 ліпеня, пры гэтым ёсць надзея на хуткае вызваленне Акалатовіча – яго перавялі ў менскае СІЗА, піша «KATOLIK.LIFE» са спасылкаю на інфармацыю вернікаў.
Літоўскі паэт і савецкі дысідэнт, адзін з першых праваабаронцаў у СССР Томас Венцлова звярнуўся да Папы Рымскага Лео XIV з просьбай умяшацца і патрабаваць неадкладнага вызвалення з турмы палітвязня, лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Пра гэта паведамляе былы палітвязень і праваабаронца Леанід Судаленка.
Гісторыка і бізнесмена Алега Зелянко пакаралі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Верагодна, ён у калоніі, піша «Наша Ніва».
У цэнтры Варшавы з 17 чэрвеня працуе арт-інсталяцыя «Нязломныя», прысвечаная палітзняволеным праваабаронцам «Вясны» Валянціну Стэфановічу, Алесю Бяляцкаму, Уладзю Лабковічу і Марфе Рабковай, піша «Вясна».
ЗША могуць дамовіцца з Аляксандрам Лукашэнкам пра зняцце санкцыяў у абмен на вызваленне палітвязняў. Такую думку выказаў у эфіры «Белсату» дарадца Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі ў сувязі з чаканым візітам спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША ў справах Украіны Кіта Келага ў Беларусь.