навіны

Каля ста ланяў выпусцілі на волю ў Калінкавіцкім раёне

Еўрапейская лань. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Еўрапейская лань. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: animaljournal.ru
podpis źródła zdjęcia

У Калінкавіцкім раёне выпусцілі на волю каля ста ланяў, якіх раней утрымлівалі на спецыяльнай ферме. Паводле спецыялістаў, бальшыня здолее прыстасавацца да жыцця ў дзікай прыродзе.

У лясах лані сутыкаюцца з прыроднымі ворагамі, як ваўкі і рысі. Гэтыя драпежнікі могуць уплываць на колькасць папуляцыі ланяў, што і здарылася ў Беларусі. Таму і спатрэбілася адмысловая ферма для павелічэння папуляцыі.


Тры гады таму на такую ферму ў Калінкавіцкім раёне завезлі каля 60 ланяў. За час перабывання на ферме жывёлінам стварылі добрыя ўмовы: якасны медычны нагляд і збалансаванае харчаванне. Гэта спрыяла ўмацаванню іхнага здароўя і павелічэнню шанцаў на паспяховую адаптацыю ў натуральным асяроддзі. За тры гады папуляцыя ланяў значна павялічылася. Частку ўжо перадалі ў Гарадзенскую і Віцебскую вобласці. Прыйшоў час выпусціць ланяў і ў лясы Калінкавіцкага раёну. Паводле спецыялістаў, каля 90 % жывёлінаў здолеюць прыстасавацца да жыцця ў дзікай прыродзе.


Нагадаем, што дзякуючы дзяржаўнай абарончай праграме ў Беларусі рэкордных памераў дасягнула папуляцыя зуброў. На сакавік 2020 года колькасць лясных волатаў перавысіла 2000 асобінаў і набліжаецца да паловы ўсёй сусветнай папуляцыі (каля 4500 асобінаў). З аднаго боку, рост папуляцыі зуброў сведчыць пра паспяховасць ахоўных захадаў. З другога – узнікаюць праблемы ўзаемадзеяння зуброў з чалавекам і сельскай гаспадаркай. Яны топчуць палі, прыходзяць на прыватныя падворкі, нават прыбіваюцца да статкаў кароў. Таму ўсё часцей гучаць заклікі кантраляваць іхную колькасць.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10