На пачатку XX стагоддзя зубры былі практычна вынішчаныя на волі. Апошні дзікі зубр у Еўропе загінуў у Белавежскай пушчы ў 1919 годзе. Дзякуючы праграме аднаўлення ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў Беларусь завезлі першыя асобіны з заапаркаў і рэзерватаў. За дзесяцігоддзі аховы і аднаўлення іх колькасць вырасла да 2 тысячаў. І зараз зуброў стала зашмат, што для дзяржавы таксама праблема.
Папуляцыя зуброў дасягнула рэкордных памераў, і цяпер усплываюць новыя выклікі: яны топчуць палі, прыходзяць на прыватныя падворкі, нават прыбіваюцца да статкаў кароваў. Усё часцей гучаць заклікі кантраляваць іх колькасць, ажно да адстрэлу. Як склалася такая сітуацыя з жывёлінай з Чырвонай Кнігі, ці сапраўды колькасць зуброў стала пагрозаю і як вырашаць гэтую сітуацыю? Разбіраемся.
Поспех і праблема адначасова
Некалі зубры жылі па ўсёй Еўропе, але чалавек іх актыўна вынішчаў праз паляванне і высечку лясоў. На канец XIX стагоддзя засталіся толькі дзве папуляцыі: у Белавежскай пушчы і на Паўночным Каўказе. У час Першай сусветнай вайны зуброў забівалі на мяса. У 1919 годзе ў Белавежскай пушчы загінуў апошні зубр.
У 1929–1930 гадах, калі Белавежская пушча была ў складзе Польшчы, у ёй пачалі аднаўляць папуляцыю з групы трох белавежска-каўказскіх зуброў – прывезлі самца з Нямеччыны і дзвюх саміц са Швецыі. Пасля Другой сусветнай вайны мяжа Польшчы і БССР прайшла акурат па Белавежскай пушчы, зубры засталіся на польскім баку. У 1946-м на беларускую частку пушчы прывезлі трох самцоў і дзвюх саміц.
З тых часоў пагалоўе зуброў у Беларусі пачало паступова расці. І ўжо ў 1953 годзе яно дасягнула 18 асобін, якіх пазней выпусцілі з вальераў на вольнае развядзенне. Вядома таксама, што да 1968 года з Белавежскай пушчы ў іншыя лясы СССР вывезлі 114 белавежска-каўказскіх зуброў, але пры гэтым дадаткова ў пушчу выпусцілі 38 чыстакроўных белавежскіх зуброў з гадавальніка.
На пачатку 1990-х з’явілася праграма аднаўлення папуляцыі зуброў. Мінула трыццаць гадоў – і ўжо сёння Беларусь стала ўладальніцай найбуйнейшага ў свеце статку зуброў, якія жывуць на волі.
На сакавік 2020 года колькасць беларускіх зуброў перавысіла 2000 асобін і набліжаецца да паловы ўсёй сусветнай папуляцыі (усяго іх каля 4500 асобін).
У Беларусі было створана 11 мікрапапуляцыяў зуброў, доля якіх выглядае наступным чынам:Белавежская – 30 %, асіповіцкая – 25 %, азёрская – 16 %, палеская – 8,7 %, краснабардская – 8,21 %, налібоцкая – 4,5 %, азёранская – 3,12 %, найдзянская – 1,27 %, ляскавіцкая» – 1,2 %, дзятлаўская – 1 %, барысаўска-бярэзінская – 1 %.

Але ёсць праблема. На тры найбуйнейшыя папуляцыі прыпадае больш за 70 % «зубровай нагрузкі». Колькасць статкаў на гэтых тэрыторыях значна перавышае рэкамендаваныя нормы. Так, да прыкладу, у сельгаспрадпрыемстве «Азёры» (Гарадзенская вобласць) перавышэнне складае 2,2 разу, у Белавежскай пушчы – 1,7 разу.
Тым часам колькасць зуброў штогод павялічваецца, бо абмежаванняў на ўзнаўленне няма. Самкі прыносяць нашчадкаў штогод, а адзіныя страты папуляцыі звязаныя з натуральнай смяротнасцю ці адстрэлам старых і хворых асобін, якія становяцца аб'ектамі палявання.
Ёсць яшчэ і эканамічны аспект. Утрыманне статкаў зуброў патрабуе значных выдаткаў, якія павялічваюцца з ростам іх колькасці. Стварэнне кожнай мікрапапуляцыі каштуе каля 150 тысяч долараў, а штогадовае абслугоўванне – ад 6 тысяч (для 50 асобін) да 20 тысяч долараў (для 400–500 асобін). Гэтыя сродкі ідуць на зімовую падкормку, ахову і «па паперах» на кампенсацыю шкоды, нанесенай зубрамі сельскай гаспадарцы. Асаблівыя праблемы ўзнікаюць праз міграцыі жывёлінаў і іх небяспечныя кантакты з транспартам, як, да прыкладу, на чыгунцы Асіповічы – Градзянка. Сутыкненні зуброў з лакаматывамі там адбываюцца прыкладна раз на год. Хуткасці руху на гэтым участку невысокія, таму сурʼёзных наступстваў здарэнні не маюць – калі не лічыць ранаў, якія наносяцца звярам. Як правіла, смяротных.
Гісторыі пра кантакты зуброў з людзьмі таксама ўжо сталі звычайнымі ў беларускіх вёсках. Да прыкладу, у Кобрынскім раёне зубр прыбіўся да статка кароваў і нават спрабаваў пакрыць адну з іх.
,,«Спачатку мы не ведалі, што рабіць. Жывёліны напалохаліся, а зубр паводзіў сябе як гаспадар статка», – распавядае фермерка Таццяна.
У Глыбоцкім раёне зубр далучыўся да статка калгасных каровак і пасвіўся разам з імі.
«Стаў часткай нашага статка. Спачатку было страшна, але потым прывыклі», – распавялі мясцовыя жыхары. Урэшце зубра перасялілі, але гэта каштавала мясцовым значных высілкаў.
У іншым выпадку зубр прыйшоў на прыватны двор, знішчыўшы частку агароду і напалохаўшы гаспадароў.
«Гэта было, як у фільме: вялізны зубр проста стаіць каля дому, і мы не ведаем, што рабіць. Страляць нельга, адпужваць бессэнсоўна. Сядзелі і чакалі, пакуль сам не сыдзе, – распавядае Уладзімір з вёскі каля Полацку. – Але ж зубры топчуць пасевы, і мы нясем страты. Ніхто не кампенсуе нам гэтай шкоды».
Яшчэ адна ўнікальная гісторыя адбылася ў Браслаўскім раёне, дзе калгасная карова, прызначаная на забой, збегла ў лес і далучылася да статка зуброў. І тыя яе прынялі як родную. Нават абаранялі ад людзей, калі тыя паспрабавалі яе вярнуць.

Ці патрэбны кантроль?
З аднаго боку, рост папуляцыі зуброў сведчыць пра паспяховасць ахоўных захадаў. З іншага – узнікаюць праблемы ўзаемадзеяння зуброў з чалавекам і сельскай гаспадаркай.
Былы міністр унутраных справаў і старшыня «Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Ігар Шуневіч нават выказаў меркаванне аб неабходнасці адстрэльваць зуброў «дзясяткамі», бо ўпэўнены, што іхнай папуляцыі не пагражае выміранне.
«Больш за тое, шмат якія мікрапапуляцыі гэтай жывёліны цяпер у тым стане, калі яны ўжо наносяць шкоду сельскай і лясной гаспадаркам, а часам і ствараюць пагрозу для чалавека. Паляваць на яго пры пэўных умовах можна, тым не менш, ён застаецца ў спісах Чырвонай Кнігі», – казаў Шуневіч.
Сёння ў Беларусі дазволенае камерцыйнае паляванне на жывёлін, якія не залічаныя да асноўнага генафонду. Да студзеня 2021 года ў рэзервовы генафонд заносілі старых, слабых і жывёлінаў з дэфектамі. Аднак пазней пачала дзеяць пастанова Савету Міністраў «Аб зацвярджэнні правілаў аховы і рацыянальнага выкарыстання зуброў». Згодна з дакументам, у рэзерв сталі залічваць і маладых здаровых асобінаў, калі яны жывуць у «перанаселеных» мікрапапуляцыях. Такімі чыноўнікі лічаць групы, дзе больш за 350 асобін.

Колькасці 350 асобін дасягнулі тры групоўкі зуброў – у Белавежскай пушчы, азёрская і асіповіцкая. Пры гэтым усе яны жывуць на розных тэрыторыях з адрознымі памерамі і ўмовамі пражывання зуброў. Навукоўцы запэўніваюць: аптымальная колькасць для кожнай групоўкі павінна вызначацца ў залежнасці менавіта ад памераў і ўмоваў месцаў пражывання, а не быць аднолькавай для ўсіх.
Тым часам за дазвол на паляванне на зуброў замежнікі гатовыя плаціць да 22 тысячаў рублёў. І гэта стварае дадатковую матывацыю для ўключэння зуброў у рэзервовы генафонд, каб на іх можна было паляваць.
«Мы трацім значныя сродкі на захаванне віду, але ў выніку ён становіцца аб’ектам камерцыйнай эксплуатацыі, – мяркуе эколаг Інэса Балоціна. – Лепш перасяляць зуброў, чым адстрэльваць. Зубр – нашая нацыянальная спадчына. Мы павінны шукаць баланс паміж аховай прыроды і патрэбамі людзей».
Што далей?
Дарэчы, праблемы з рэгуляцыяй колькасці зуброў ёсць і ў суседніх краінах. У Польшчы, да прыкладу, папуляцыя зуброў складае каля 1500 асобін. І там таксама здараюцца канфлікты. У адной мясціне зубры захапілі поле фермера і адмаўляліся сыходзіць. Аднак у Польшчы існуе сістэма кампенсацыі шкоды, нанесенай сельскай гаспадарцы зубрамі. У Беларусі пасля распаду СССР такія кампенсацыі існуюць толькі на паперы, і за апошнія дзесяць гадоў не было выпадкаў выплат за пашкоджанні, нанесеныя зубрамі.
У Расеі зубры жывуць у больш абмежаваных умовах, але ўлады таксама імкнуцца перасяляць іх у розныя рэгіёны.
Лепшы прыклад, чым адстрэл чырвонакніжных жывёлаў, ёсць і ў Беларусі. Так, з дазволу Мінпрыроды, у студзені 2025 года Нацыянальны парк «Белавежская пушча» прадаў трох зуброў у Расею.
Нацыянальны парк «Белавежская пушча» прадаваў зуброў у Расею і раней. У 2023-м у Башкартастан адправілі 18 асобін (кошт адной складаў 8-9 тысяч долараў), цяпер іх больш за два дзясяткі. Там іх колькасць плануюць павялічыць да паўсотні.
У тым жа годзе двое беларускіх зуброў пераехалі ў Кітай, іх перадалі пекінскаму заапарку.
Добрым прыкладам застаецца і гісторыя аднаўлення папуляцыі амерыканскага бізона – родзіча еўрапейскага зубра. Гэтыя жывёліны ледзьве не вымерлі ў XIX стагоддзі, іх папуляцыя скарацілася да 541 асобіны, але была адноўленая да цяперашняга паўмільёну бізонаў дзякуючы строгаму кантролю і ахове.
Гэта яшчэ раз падкрэслівае: усе рашэнні аб захаванні і распаўсюдзе папуляцыі зуброў павінны быць заснаваныя на навуковых даследаваннях і з улікам міжнароднага досведу. І найперш размова павінна ісці пра перавод зуброў у менш населеныя рэгіёны або продаж іх за мяжу, павышэнне ўзроўню адукацыі насельніцтва аб важнасці захавання зуброў ды ўвядзенне сучасных тэхналогіяў для маніторынгу і кіравання папуляцыяў.
Надзея Вольная belsat.eu