навіны

Амаль 50 тысяч беларусаў звярнуліся па легалізацыю ў Польшчы ў 2024 годзе

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: eurasialegal.info
podpis źródła zdjęcia

10 сакавіка кіраўнік Управы ў справе замежнікаў Польшчы Томаш Цытрыновіч сустрэўся ў Варшаве з намеснікам кіраўніка АПК Паўлам Латушкам і іншымі прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў падчас паседжання створанай Міністэрствам унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы працоўнай групы ў пытаннях легалізацыі беларусаў.

Паводле Томаша Цытрыновіча, больш за 48 тыс. грамадзянаў Беларусі звярнуліся па легалізацыю перабывання на тэрыторыі Польшчы ў 2024 годзе, паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет.


Адзначаецца, што толькі за студзень 2025 года зваротаў на легалізацыю ад беларусаў было больш за 4 тысячы.


Цытрыновіч паведаміў, што польскі бок намагаецца скараціць тэрміны разгляду справаў для легалізацыі беларусаў у Польшчы. У прыватнасці, у другой палове 2025 года плануецца ўнесці змены ў закон аб замежніках, каб увесці электронную сістэму падачы дакументаў.


Павел Латушка прапанаваў разгледзець магчымасць выдачы польскіх падарожных дакументаў для замежнікаў на тэрмін, большы за год, бо на сёння існуе такое абмежаванне.


Прадстаўнік польскага боку адзначыў, што магчымасць унясення зменаў у заканадаўства з мэтай павялічыць тэрмін дзеяння дакументу разглядаецца.


Нагадаем, нядаўна стала вядома, што ў 2023 годзе грамадзянства краінаў ЕЗ атрымалі 6520 беларусаў. Гэта вынікае з абноўленай інфармацыі Еўрастату.


Краінаю, што выдала беларусам найбольшую колькасць нацыянальных пашпартоў, стала Польшча – там грамадзянства атрымалі 4411 беларусаў.


За Польшчаю ідзе Нямеччына, якая выдала беларусам 425 пашпартоў. На трэцім месцы – Італія, дзе грамадзянамі зрабіліся 365 беларусаў.


Далей ідуць Нідэрланды (271 асоба), Іспанія (191), Чэхія (168), Швецыя (166), Францыя (130). У астатніх еўрапейскіх краінах колькасць станоўчых разглядаў заяваў на грамадзянства значна меншая. Гэтак, эстонскія пашпарты атрымалі 17 беларусаў, латышскія – 16 асобаў, па адной асобе зрабіліся грамадзянамі Харватыі і Мальты.


Увогуле не давалі грамадзянства беларусам у 2023 годзе ў Літве і Ліхтэнштэйне.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10