навіны

Навошта лівійскія спецназаўцы трэнаваліся ў Беларусі

Трэнаванне лівійскага спецназу ў Беларусі.
Трэнаванне лівійскага спецназу ў Беларусі. Фота: facebook.com / Libya.WID
podpis źródła zdjęcia

Лівійскія вайскоўцы прайшлі ў Беларусі курсы падвышэння кваліфікацыі. Усё адбывалася ў цэнтры МУС «Валоўшчына», дзе звычайна навучаюцца і беларускія спецназаўцы.

Паводле фотаздымкаў, што размясціла ў сваіх сацыяльных сетках лівійская нацыянальная армія (ЛНА), рыхтаванне вайскоўцаў 36-га батальёну спецназу ЛНА адбывалася ў Беларусі яшчэ ў канцы лютага 2025 года.


Вядома, што батальён спецназу падпарадкоўваецца сыну лідара Лівійскай нацыянальнай арміі Садаму Хафтару. У паведамленні гаворыцца, што рыхтаванне лівійцаў у Беларусі праходзіла ў адпаведнасці з загадам кіраўніка ЛНА Халіфы Хафтара.


Нагадаем, 18 лютага вярхоўны галоўнакамандуючы Лівійскай нацыянальнай арміяй Халіфа Хафтар быў з візітам у Менску. У аэрапорце яго асабіста сустракаў кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель.


З паведамлення прэс-службы Лівійскай нацыянальнай арміі вынікала таксама, што Халіфу Хафтара суправаджаюць ягоны сын генерал-лейтэнант Садам Хафтар, начальнік штабу сухапутных войскаў, кіраўнік канцылярыі Халіфы Хафтара генерал-лейтэнант Аюб Бусэйф і генерал-маёр Басэм аль-Буайшы.

Трэнаванне лівійскага спецназу ў Беларусі. Фота: facebook.com / Libya.WID
Трэнаванне лівійскага спецназу ў Беларусі. Фота: facebook.com / Libya.WID


Паводле здымкаў, зробленых у аэрапорце, у Менск тады лівійскага генерала ды іншых чальцоў дэлегацыі даставілі з Бэнгазі на самалёце Аляксандра Лукашэнкі «Boeing 737−800».

Вядома, што Хафтар Хафтар мае цесныя сувязі з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным і менавіта ў Лівію, на кантраляваную ім тэрыторыю, цяпер пераводзяцца войскі з базаў у Сірыі, якім зрабілася там няўтульна пасля зрынання рэжыму Башара аль-Асада ў канцы мінулага года.


Раней паведамлялася, што Беларусь праз заблытаныя маршруты завозіць у Лівію загадкавыя грузы, а ў пачатку лютага сталася вядома, што «Белавія» запусціла схаваныя рэйсы ў Бэнгазі.


Таксама нагадаем, што цяпер у Лівіі ідзе грамадзянская вайна і цэнтральны ўрад у Трыпалі не кантралюе большай часткі тэрыторыі краіны. На непадкантрольнай тэрыторыі ўладарыць якраз Лівійская нацыянальная армія на чале з Халіфам Хафтарам, таму ён не проста вайсковы начальнік, а фактычна кіраўнік гэтае тэрыторыі.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10