навіны

Навошта генерала лівійскай арміі прывезлі ў Беларусь, ды яшчэ і на самалёце Лукашэнкі

Іван Церцель асабіста сустракае прадстаўнікоў лівійскай дэлегацыі ў Менску.
Іван Церцель асабіста сустракае прадстаўнікоў лівійскай дэлегацыі ў Менску. Фота: belta.by
podpis źródła zdjęcia

З візітам у Менск прыляцеў вярхоўны галоўнакамандуючы Лівійскай нацыянальнай арміяй Халіфа Бэлькасім Хафтар. У аэрапорце яго асабіста сустракаў кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель.

Афіцыйная мэта візіту Халіфы Хафтара звязаная з узаемадзеяннем Лівіі і Беларусі ў гуманітарнай і сацыяльнай сферах, а таксама з эканамічнай супрацай.


У аэрапорце фельдмаршала сустракаў старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі генерал-лейтэнант Іван Церцель.


З паведамлення прэс-службы Лівійскай нацыянальнай арміі таксама вынікае, што Халіфу Хафтара суправаджаюць ягоны сын генерал-лейтэнант Садам Хафтар, начальнік штабу сухапутных войскаў, кіраўнік канцылярыі Халіфы Хафтара генерал-лейтэнант Аюб Бусэйф і генерал-маёр Басім аль-Буайшы.


Дарэчы, што датычыцца сына Халіфы Хафтара, Садама Хафтара, то ён быў у Беларусі і ў кастрычніку мінулага года. Пры гэтым ні прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі, ні беларускія дзяржаўныя СМІ афіцыйна пра гэты візіт не паведамлялі.


Садам Хафтар разглядаецца ў Лівіі як відавочны пераемнік Халіфы Хафтара. У студзені 2023 года Халіфа Хафтар нават паабяцаў зняць сваю кандыдатуру з прэзідэнцкіх выбараў пры ўмове, што ягоным сынам Садаму і Бэлькасіму будзе дазволена балатавацца.


Паводле здымкаў, зробленых у аэрапорце, у Менск лівійскага генерала і іншых чальцоў дэлегацыі даставілі з Бэнгазі на самалёце Аляксандра Лукашэнкі «Boeing 737−800».

Лівійская дэлегацыя ў менскім аэрапорце. Фота: belta.by
Лівійская дэлегацыя ў менскім аэрапорце. Фота: belta.by


Да чаго такая пашана?



Падчас сустрэчы з лівійскім генералам Лукашэнка заявіў, што ў Менску Хафтар павінен адчуваць сябе «як у гасцях у сяброў, як удома».


«Усё, пра што мы дамовімся сёння, у гэтыя дні вашага знаходжання ў Беларусі, мы выканаем своечасова. Таму дазвольце вас вітаць у Беларусі, а таксама ўсіх чальцоў дэлегацыі. Мы гатовыя да працы», – дадаў Лукашэнка.


Хафтар жа падзякаваў Лукашэнку за запрашэнне, адзначыўшы, што хоча супрацы:


«Мы вельмі хочам развіваць супрацу з вамі, каб гэта было ўзаемавыгадна, на карысць абедзвюх краінаў і абодвух народаў. У нас вельмі вялікае жаданне пабудаваць стратэгічную супрацу паміж намі, спадару прэзідэнту, на будучыню», – сказаў лівійскі фельдмаршал.


Мяркуючы з фота, з беларускага боку, акрамя Лукашэнкі, у перамовах удзельнічаюць міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін і старшыня КДБ Іван Церцель.


Раней паведамлялася, што Беларусь праз заблытаныя маршруты завозіць у Лівію загадкавыя грузы, а ў пачатку лютага сталася вядома, што «Белавія» запусціла схаваныя рэйсы ў Бэнгазі.


Вядома, што галоўнакамандуючым Лівійскай нацыянальнай арміяй Халіфа Хафтар быў прызначаны яшчэ ў 2015 годзе. Ён жа ёсць прадстаўніком усходняга ўраду як на міжлівійскіх перамовах, так і на сустрэчах з афіцыйнымі асобамі іншых дзяржаваў. Таксама вядома, што Хафтар мае цесныя сувязі з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, і менавіта ў Лівію, на кантраляваную ім тэрыторыю, цяпер пераводзяцца войскі з ваенных базаў у Сірыі, якім зрабілася там няўтульна пасля звяржэння рэжыму Башара аль-Асада ў канцы мінулага года.


Нагадаем, што цяпер у Лівіі ідзе грамадзянская вайна, і цэнтральны ўрад у Трыпалі не кантралюе большай часткі тэрыторыі краіны. На непадкантрольнай тэрыторыі ўладарыць якраз Лівійская нацыянальная армія на чале з Халіфам Хафтарам, таму ён не проста военачальнік, а фактычна кіраўнік гэтай тэрыторыі.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
апошнія
Item 1 of 10