Жудасныя кадры забойства расейскімі салдатамі двух параненых украінскіх вайскоўцаў ускалыхнулі грамадскасць. Расстрэл на свой тэлефон здымаў адзін з агрэсараў. Відэа трапіла спачатку ў расейскія Z-паблікі, а потым і ва ўкраінскія. Аднаго з забітых апазналі. Гэта Аляксей Жукаў з пазыўным Амур з 82-й дэсантна-штурмавой брыгады. «Белсат» высветліў падрабязнасці таго трагічнага дня і паразмаўляў з жонкаю забітага Аляксея Жукава і ягонымі сябрамі.
Аляксею было 40 гадоў. У яго засталіся двое дзяцей. Усё адбылося недалёка ад Чаркаскай Канапелькі, вёскі каля Суджы ў Курскай вобласці. Баявыя таварышы Аляксея апавялі, што ў дзень гібелі ён з яшчэ пяццю байцамі ехаў у раён Чаркаскай Канапелькі эвакуяваць параненых пабрацімаў. У аўтамабіль з дрона ўдарыла міна. Усе атрымалі кантузію. Разбягаліся ў розныя бакі. Арыентавацца ў той сітуацыі было складана. Выведнік, штурмавік і Аляксей пайшлі ў бок поля, а іхныя тры пабрацімы – у іншы бок. Група Жукава сутыкнулася з расейскімі вайскоўцамі. На кадрах відаць, што расейцы прастрэлілі ім ногі і патрабавалі сказаць, дзе астатнія байцы. Аляксей не выдаў таварышаў, якія тым часам прабіраліся да сваіх, і паўтараў, што ўсяго было чацвёра, толькі два ацалелі.
Сябар Аляксея Жукава, Арцём С., жыве ў Дняпры ў суседнім доме. Ён апавёў, што суседзі, а гэта прыватны сектар, з болем успрынялі вестку пра смерць. Жудасныя кадры нікога не пакінулі абыякавым. Арцём успамінае сябра: «Лёха вылучаўся сярод нас уменнем трымаць сябе ў руках. Ён ніколі не падвышаў голасу, што б ні здарылася. Такі ў яго характар – пажартаваць, супакоіць. Ён заўсёды хаваў свае перажыванні.
Скончыў суднарамонтны, але працаваў вышыннікам. Гэта добры заробак. Заўсёды дапамагаў усім. Рукасты быў. Купіў я неяк шафу, а яе ж трэба сабраць. Думаў выклікаць майстра, а ён: «Ды ну, усё самі збяром, не трэба». І сабраў за паўдня. Суседка з іншай вуліцы ўчора сказала, што Лёша і ім удома рамонт дапамог зрабіць. Быў такі заўсёды: камусьці нешта трэба – і ён дапаможа. Неяк мы з ім ішлі па вуліцы, і да нас прыблудзіўся малады бяздомны сабака. Я пажартаваў: «Забяры сабе». Той кажа, што яму не трэба. Але скончылася тым, што прывёў яго ў двор, і жыве ён там да гэтага часу. Чарлі назвалі».

Сябар Жукава Ігар К. кажа, Аляксей быў самавукам: «Вось уявіце, што ён не меў аўтамабільных правоў, а пры гэтым быў высакакласным кіроўцам. Спакойна мог з легкавіка перасесці ў фуру і не проста ехаць, а яшчэ і манеўры рабіць. Ну, хто так яшчэ можа? Ён нам перад сыходам у войска зрабіў душавую. Ніколі раней кафлі не клаў, а тут паглядзеў недзе, паназіраў і зрабіў ідэальна. Такіх мужыкоў на свеце ўвогуле мала, якія могуць столькі рабіць сваймі рукамі. У нас на працы, калі ўбачылі, як Лёшу па-зверску забілі, мужчыны плакалі. Разумееце?»
Аляксей Жукаў у першы ж дзень поўнамаштабнага ўварвання пайшоў у ваенкамат, каб запісацца на фронт. Але не прайшоў медкамісіі. Медыкі сказалі, спачатку трэба паправіць здароўе. Праз год ваенкамат скіраваў яго ў частку СПА памочнікам зенітчыка. Служыў на харкаўскім кірунку. Летась у лістападзе Аляксея перавялі ў 82-цю дэсантна-штурмавую брыгаду. У заданне Жукава ўваходзіла эвакуацыя параненых баявых таварышаў з перадавой у шпіталь. Ён быў добрым кіроўцам, і гэта шанавалася. У той трагічны дзень за стырном быў сябар Аляксея, а сам ён быў наверсе з кулямётам.
Жонка Аляксея Жукава, Вольга, з дзецьмі жыве ў Варшаве. Апошні раз на сувязі з мужам была 6 лютага. Вольга кажа, што ўвесь час пісала яму: «Лёша, адгукніся». Яна ўзгадвае: «Неяк была сітуацыя, калі ён знік. Я спалохалася моцна, пісала яму ўвесь час. І ён адказаў: «Усё ў парадку. Мы ўдваіх «адпятлялі»». Тады не было сувязі, і ён некалькі дзён быў у Суджы ў Курскай вобласці. Фота даслаў. Яго кантузіла і ён ляжаў у шпіталі ў Сумах».
Гэтым разам Вольга спадзявалася, што зноў праблема з сувяззю.
,,«Гэтае жудаснае відэа трапілася сыну. Ён прынёс яго мне... Паглядзелі некалькі разоў... Потым прыйшло апавяшчэнне, што Аляксей знік без вестак. Матулі ягонай мы сказалі, што Лёша ў палоне. Яна ж пасля інсульту. Інакш не перажыве. А так яна чакае, калі яго абмяняюць», – кажа Вольга.
Вольга згадвае, што пазнаёмілася з Аляксеем у 2004 годзе: «Мая сяброўка ўгаварыла мяне прыйсці да яе сустракаць стары Новы год. Я прыйшла і там убачыла Лёшу. Ён пайшоў мяне праводзіць і застаўся ў мяне назаўжды. Спачатку нарадзіўся сын Лёша, а потым, у 2015 годзе, дачка Маша. Ужо было ўварванне на Данбас. Я была цяжарная, не глядзела навінаў, але яшчэ тады разумела, што насоўваецца вялікая бяда… На тым відэа бачна, што забойцы цела не забралі. Я разумею, што туды не дабрацца. Увесь час думаю, што ён ляжыць там, не пахаваны... Ведаеце, раней я ніколі ў сваім жыцці не адчувала такой нянавісці».
20 лютага выданне «Financial Times» паведаміла, што ўстанавіла асобу расейскага вайскоўца, які браў удзел у пакаранні смерцю ўкраінскіх ваеннапалонных. Гэта 32-гадовы Алег Якаўлеў з пазыўным Сара з 30-й асобнай мотастралковай брыгады. Падраздзяленне Якаўлева датычнае і да іншых пакаранняў смерцю ўкраінскіх ваеннапалонных.
У лістападзе 2024 года пасля публікацыі кадраў расстрэлу ўкраінскіх ваеннапалонных прэс-афіцэр 1-й асобнай танкавай Северскай брыгады Дзіна Вонг заявіла, што расейцы атрымалі «беспасярэдні загад не браць у палон украінскіх вайскоўцаў» у Курскай вобласці. Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны ў справе правоў чалавека Дзмітрый Лубінец паведаміў, што па факце злачынства распачалі крымінальную справу.
Любоў Лунёва belsat.eu