Беларускі дзяржаўны медуніверсітэт плануе павялічыць набор на мэтавае навучанне. Гэта значыць, што месцаў на бюджэце стане яшчэ меней і ўсе выпускнікі будуць яшчэ больш прывязаныя да месцаў працы, не змогуць з'ехаць за мяжу ці пайсці ў прыватную медыцыну.
Летась у медуніверсітэтах краіны мэтавікам аддалі каля 70 % бюджэтных месцаў. Цяпер жа іх стане яшчэ больш, паведамляе «Еўрарадыё». А гэта значыць, што колькасць бюджэтных месцаў у агульным конкурсе скароціцца яшчэ болей.
Каб паступіць на мэтавае навучанне, абітурыенту неабходна знайсці замоўцу – арганізацыю, якая пасля вучобы гарантуе яму працоўнае месца. Студэнт будзе вучыцца за кошт дзяржавы, але пасля абавязаны адпрацаваць у арганізацыі, што яго накіравала, не менш за 5 гадоў. Калі ён захоча скасаваць дамову раней, каб, напрыклад, зʼехаць з краіны ці пайсці ў прыватную медыцыну, то прыйдзецца «кампенсаваць выдаткі» за бясплатнае навучанне. А такіх грошай у маладых спецыялістаў няма.
Нагадаем, у шпіталях па ўсёй краіне цяпер вельмі не стае санітарак, дактароў-спецыялістаў і медычнага персаналу сярэдняга звяна. Найбольшы недахоп адчуваюць Гарадзеншчына і Магілёўшчына. Пра гэта сведчыць унутраная справаздача Міністэрства аховы здароўя, якую ў кастрычніку мінулага года атрымала ініцыятыва «BELPOL».
«Гэта дастаткова вялікі дакумент, і была апублікаваная толькі першая частка, вытрымка гэтага дакументу. У ёй можна звярнуць увагу, што 14 тысяч вакансіяў цяпер у медыцыне. Гэта агромністая лічба для не такой вялікай Беларусі», – пракаментаваў прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Уладзімір Жыгар.
14 тысяч працаўнікоў, якія патрабуюцца медыцыне, – гэта 9 % ад усіх медыкаў у нашай краіне. Паводле звестак на 1 студзеня 2024 года, кажа Мінздароўя, у шпіталях і паліклініках працавалі 47,5 тысяч дактароў-спецыялістаў і 112 тысяч медычных працаўнікоў сярэдняга звяна. Уладзімір Жыгар упэўнены, што дактары там працуюць больш чым на адну стаўку – і пры гэтым усё роўна іх заробак не дацягвае нават да 800 еўраў.
Надзея Вольная belsat.eu