У Сейме Польшчы 21 лютага разглядаўся закон аб часовы і тэрытарыяльным абмежаванні права на прыём прашэнняў аб міжнароднай абароне. Законапраект быў падтрыманы большасцю дэпутатаў, піша Rzeczpospolita.
За прыняцце абмежаванняў на прыём заяваў аб прытулку прагаласавалі 386 дэпутатаў Сейму, супраць – 38. Ніхто не ўстрымаўся. Далей законапраект пойдзе ў Сенат.
Таксама дэпутаты падтрымалі папраўку, што забараняе разлучэнне сем’яў на мяжы, але адхілілі шэраг паправак, прапанаваных фракцыяй «Lewica» – адна з іх датычыла пашырэння ўразлівых групаў і далучэння ў іх усіх няпоўнагадовых, а не толькі тых, хто не мае апекі. Памежная служба не можа адмовіць у прыняцці заяваў ад прадстаўнікоў уразлівых групаў. На цяперашні момант да ўразлівых групаў належаць цяжарныя жанчыны, няпоўнагадовыя без апекі і асобы, якія маюць патрэбу ў асаблівым абыходжанні.
Часовае абмежаванне права на падачу прашэння міжнароднай абароны было прапанаванае пастановаю Рады Міністраў. Перыяд абмежавання не можа перавышаць 60 дзён, аднак ён можа быць працягнуты яшчэ на 60 дзён паводле ўхвалення Сейму.
Рада Міністраў вызначыць участак мяжы, на якім будуць працаваць новаўвядзенні. На іншых участках будуць дзеяць агульныя правілы.
Законам таксама прадугледжанае пашырэнне падставаў для пазбаўлення статусу ўцекача. Пасля таго, як законапраект набудзе моц, страціць прытулак могуць асобы, якія нясуць пагрозу дзяржаўнай бяспецы, а таксама замежнікі, якія маюць прысуд за здзяйсненне асабліва цяжкіх злачынстваў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu