навіны

Польшча: «Міграцыйная стратэгія» не зачэпіць бальшыні беларусаў

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, кіраўніца ініцыятывы «Partyzanka» Ганна Маціеўская і кіраўнік Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томаш Цытрыновіч
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, кіраўніца ініцыятывы «Partyzanka» Ганна Маціеўская і кіраўнік Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томаш Цытрыновіч. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2024 года. Фота: Павел Латушка / Telegram
podpis źródła zdjęcia

У Польшчы цяпер каля 200 тысяч беларусаў – і ім абяцаюць, што новая стратэгія ў дачыненні міграцыі іх не закране.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія пашпарты. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Ці можна атрымаць паўторны гуманітарны ВНЖ і ці не згорнуць выдачу гуманітарных візаў для беларусаў?

навіны

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка і кіраўніца ініцыятывы «Partyzanka», юрыстка Ганна Маціеўская сустрэліся 31 кастрычніка з кіраўніком Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томашам Цытрыновічам. Пра вынікі сустрэчы расказалі на сайце НАУ.


Рада міністраў Польшчы 15 кастрычніка ўхваліла новую міграцыйную стратэгію Польшчы на 2025–2030 гады. Вакол стратэгіі вяліся гарачыя спрэчкі, у тым ліку між прэм’ерам і прэзідэнтам Польшчы. Найбольш пытанняў выклікала заяўленае часовае тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак.


Латушка на сустрэчы падкрэсліў неабходнасць захавання магчымасці для беларусаў атрымліваць міжнародную абарону ў Польшчы і звярнуў увагу на праблемныя пытанні, якія патрабуюць урэгулявання ў святле новай міграцыйнай стратэгіі Польшчы.


Томаш Цытрыновіч праінфармаваў Латушку пра тое, што 137 тысяч беларусаў ужо валодаюць правам пражывання на тэрыторыі Польшчы. Усяго з улікам справаў, якія разглядаюцца, можна казаць пра 200 тысяч беларусаў на тэрыторыі Польшчы.


Кіраўнік Упраўлення па справах замежнікаў адзначыў, што абсалютнай большасці беларусаў, якія легалізаваліся або плануюць легалізавацца ў Польшчы, новая стратэгія не закране. Яна разлічаная, у першую чаргу, на стварэнне надзейнай заслоны ад нелегальнай міграцыі. Цытрыновіч падкрэсліў, што варта прытрымлівацца дзейных нормаў польскага заканадаўства і своечасова атрымліваць дакументы, якія адпавядаюць рэальным абставінам перабывання на тэрыторыі Польшчы.


«Тыя, хто маюць легальную працу, сям'ю ў Польшчы або адстойвалі дэмакратычныя каштоўнасці ў Беларусі і вымушана пакінулі тэрыторыю краіны, а галоўнае – выконваюць польскае заканадаўства, не павінны перажываць за будучыя змены ў міграцыйнай палітыцы Польшчы, – запэўніў Цытрыновіч. – Змены накіраваныя перадусім на супрацьдзеянне нелегальнай і некантраляванай міграцыі».


У межах новай міграцыйнай стратэгіі, расказаў Цытрыновіч, будуць надаваць больш увагі мэтаваму выкарыстанню візаў: напрыклад, забароне на працу ў Польшчы чалавеку, які прыехаў з турыстычнай візай.


Плануецца, што на падставе новай міграцыйнай стратэгіі будзе прыняты імплементацыйны дакумент, які будзе прадугледжваць хранаграму змянення дзейнага заканадаўства Польшчы, дадаў Цытрыновіч.


Тэрмін дзеяння падарожнага дакументу і часовага пасведчання могуць падоўжыць


Беларусам, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта, могуць выдаваць «замяняльнік пашпарта» – падарожны дакумент. Пакуль яго выдаюць толькі на адзін год, але Цытрыновіч паведаміў Латушку, што разглядаецца магчымасць выдаваць гэтыя дакументы тэрмінам на два гады. Працяг выдачы такіх дакументаў беларусам пасля 1 студзеня 2025 года ўжо ініцыяваны. У 2024 годзе беларусам у Польшчы выдалі каля 1500 падарожных дакументаў, за мінулы год – 450.


Апрача таго, у Польшчы плануюць падоўжыць тэрмін дзеяння часовага пасведчання асобы замежніка, якое цяпер выдаюць на шэсць месяцаў. Гэтая ідэя звязаная з больш працяглым разглядам справаў аб легалізацыі. Асаблівая праблема з тэрмінамі – ва Вроцлаве. Цытрыновіч запэўніў Латушку, што дасягнутыя «пэўныя станоўчыя зрухі» ў выдачы падарожных дакументаў, але пакуль праблемная сітуацыя яшчэ захоўваецца. Для таго каб у цэлым у Польшчы спрасціць падачу дакументаў на легалізацыю, з наступнага года плануецца ўвесці электронную сістэму падачы дакументаў на жыхарства.


Эміграцыя з Беларусі можа павялічыцца на тле перадвыбарчых рэпрэсіяў


Латушка таксама звярнуў увагу на тое, што на тле росту інтэнсіўнасці рэпрэсіяў у Беларусі можна чакаць павелічэння колькасці грамадзянаў Беларусі, выгнаных з радзімы, якія будуць звяртацца з просьбай пра міжнародную абарону ў Польшчы. Латушка падкрэсліў, што гэты крок ёсць адзінай магчымасцю пазбегчы пераследу і палітыкі гвалту, якую ажыццяўляе рэжым Аляксандра Лукашэнкі.


Сярод іншага Латушка згадаў пра праблемы беларусаў з наяўнасцю дакументаў і доказаў, якія пацвярджаюць іхны палітычны пераслед, а беларуская дыяспара можа дапамагаць у верыфікацыі выпадкаў пераследу. Цытрыновіч выказаў гатовасць улічваць гэта пры разглядзе заяваў на атрыманне міжнароднай абароны.


Бакі таксама абмеркавалі доступ да працэдуры атрымання прытулку на мяжы агулам і ў прыватнасці цяжкасці ў падачы заявак на прытулак на польска-ўкраінскай мяжы; умовы перабывання ў цэнтрах затрымання; пытанне прымянення Дублінскай сістэмы. 


Латушка звярнуўся з просьбай запрасіць прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету і грамадзянскай супольнасці да ўдзелу ў круглым стале на тэму зменаў у заканадаўстве, звязаных з міграцыйнай палітыкай Польшчы. АПК плануе таксама скіраваць адпаведны зварот польскай міністарцы ў справах грамадзянскай супольнасці Адрыяне Пароўскай. На дадатак, Латушка плануе правесці сустрэчу на тэму легалізацыі і міграцыі ў Міністэрстве ўнутраных справаў і адміністравання Польшчы.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10