У Вайсковай акадэміі Беларусі пачаліся першыя заняткі ў кіраванні беспілотнікамі. Кафедра спецыяльнага рыхтавання і баявога выкарыстання БПЛА адкрылася ў канцы мінулага года.
Ужо вядома, што навучанне пройдуць усе курсанты Вайсковай акадэміі, пасля чаго атрымаюць пасведчанні аператараў беспілотных лятальных апаратаў. Фотарэпартаж з практычных заняткаў курсантаў апублікавала БелТА.
У Мінабароны Беларусі паведамляюць, што ў найбліжэйшыя гады паспрабуюць закрыць патрэбу ў аператарах беспілотнікаў для Узброеных сілаў. Кваліфікацыю аператара БПЛА будуць мець усе афіцэры запасу. Дзеля гэтага на вайсковых факультэтах і кафедрах усіх ВНУ будуць створаны спецыялізаваныя класы іх рыхтавання.
Нагадаем, таксама ў Беларусі працуюць над стварэннем новых цэнтраў рыхтавання аператараў FPV-дронаў.
Найбольш актыўна ў гэтым кірунку працуе Заходняе аператыўнае камандаванне Узброеных сілаў Беларусі. Згаданыя цэнтры ёсць на базе механізаваных злучэнняў. Таксама заняткі з такімі спецыялістамі рэгулярна праходзяць у розных падраздзяленнях беларускага войска.
Летась Беларускае добраахвотнае таварыства спрыяння арміі, авіяцыі і флоту паабяцала да 2026 года «цалкам забяспечыць сілавыя структуры аператарамі дронаў». Мінулаю восенню рыхтаванне аператараў беспілотнікаў абмяркоўвалася з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.
Надзея Вольная belsat.eu