навіны

Беларусы багацеюць, але ўжо не так шпарка. Белстат падлічыў рост прыбыткаў

img
Людзі стаяць у чарзе да банкамату. Менск, Беларусь. Верасень 2021 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Статыстычны камітэт падлічыў, на колькі ў Беларусі выраслі рэальныя прыбыткі людзей за два першыя месяцы года. Рост запавольваецца, але ўсё яшчэ імклівы.

Белстат паведаміў, што ў студзені – лютым рэальныя прыбыткі беларусаў год да года выраслі на 12,5 %. Асобна ў студзені павелічэнне было большым: на 13,8 %.


Рэальныя прыбыткі – грошы, што застаюцца на руках пасля выплаты падаткаў і ўнёскаў ды ўлічваюць інфляцыю. Доля заробкаў у гэтых прыбытках – 64,3 %, на пенсіі, стыпендыі, грашовую дапамогу прыпадае 22,9 %. 7,5 % – прыбыткі ад прадпрымальніцкай дзейнасці, 5,3 % – прыбыткі ад уласнасці ды іншыя прыбыткі.


Асобна Белстат лічыць, як растуць ці падаюць рэальныя заробкі. Тут бярэцца сярэдні налічаны заробак, адкідаюцца падаткі ды ўнёскі, а таксама інфляцыя, і параўноўваецца з папярэднім годам.


Гаманцы беларусаў заўважна схуднелі ў 2022 годзе, калі пачалася поўнамаштабная вайна, а за ёю – і санкцыі. Тады пайшла ўніз расейская эканоміка, услед – і беларуская. Гэта расплата за моцную залежнасць ад суседняй краіны.

Наступствы абстрэлу Херсону расейскімі войскамі. 19 лютага 2025 года. Фота: Kherson Regional Military Admin./Anadolu via Getty Images

Каму бяда, а каму і каляда. Як пачуваюцца эканомікі Беларусі, Расеі і Украіны праз 3 гады вайны

Аналітыка

Зрэшты, Расея пакрысе да абмежаванняў прыстасавалася, недзе залезла ў рэзервы, заліла грашыма абаронную прамысловасць – і справы пайшлі ўгору. Беларуская эканоміка рушыла следам, не толькі прадаючы на суседнім рынку спажывецкія тавары, але і зарабляючы на вайне. Арганізацыя «BELPOL» раней сцвярджала, што ўсе прамысловыя прадпрыемствы нашае краіны так ці іначай працуюць на расейскую «абаронку».


У выніку беларусы пачалі багацець, гэта вынікае з афіцыйнай статыстыкі. Прычым заробкі павялічваліся хутчэй за рост эканомікі: працаўнікоў не стае, каб яны не разбегліся, кампаніі вымушаныя раздаваць грошы.


Да таго ж прывабныя лічбы прыбыткаў, якімі хваляцца ўлады, сталіся магчымымі дзякуючы ў тым ліку штучнаму стрымліванню цэнаў. «Белсат» не раз пісаў пра тое, чаму гэтая папулісцкая захада дзяржавы шкодная і насамрэч марная, бо такое рэгуляванне толькі адтэрміноўвае рост цэнаў, а не адмяняе яго.

Кіёск на Валгаградскай вуліцы ў Менску, Беларусь, Верасень 2021 года. Фота: ПБ / Белсат
Кіёск на Валгаградскай вуліцы ў Менску, Беларусь, Верасень 2021 года. Фота: ПБ / Белсат

Дарэчы, цяпер вядомая статыстыка рэальных прыбыткаў і заробкаў за студзень – люты, а ў сакавіку гадавая інфляцыя паскорылася, таму ёсць падставы чакаць, што хуткасць, з якою багацеюць беларусы, працягне запавольвацца.


Тым больш што незалежныя эканамісты папярэджвалі: такі «грашовы банкет» – не назаўжды.

Людзі ў чарзе да банкамата на Камароўскім рынку ў Менску, Беларусь. Верасень 2021 года. Фота: Белсат

Беларусы чакаюць, што разбагацеюць яшчэ больш, і дарэмна. Эксперты BEROC – пра сітуацыю ў эканоміцы

Аналітыка

Адная з галоўных праблемаў звязаная з Расеяй, залежнасць ад якой за апошнія гады катастрафічна ўзмацнілася. Тамтэйшы Цэнтрабанк намагаецца астудзіць эканоміку і запаволіць рост цэнаў жорсткаю манетарнаю палітыкаю. Крэдыты там цяпер дарагія, таму і прадпрыемствы, і грамадзяне купляюць усяго менш. Адпаведна, і беларускіх тавараў цяпер не патрабуецца ў Расеі столькі, як раней. Такім чынам, уладам трэба прыдумаць, каму прадаваць прадукцыю «Made in Belarus», бо калі не знайсці новых рынкаў замест Расеі, зусім швах будзе.


З увагі на тое, што беларуская эканоміка прышпіленая да расейскай як вагон цягніка і таксама запаволіць рост, спадзявацца на ранейшы разгон заробкаў не выпадае.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10