Белстат паведаміў, што ў снежні гадавая інфляцыя склала 5,2 %, пры гэтым улады планавалі рост цэнаў летась максімум на 6 %. Эканамістка Настасся Лузгіна растлумачыла «Белсату», што такога паказніку дамагліся толькі дзякуючы штучнаму стрымліванню коштаў, і радавацца гэтаму не варта.
У снежні інфляцыя год да года склала 5,2 %, прычым найбольш падаражэлі харчы: на 6,5 %. Нехарчовыя тавары выраслі ў цане на 3,4 %, а паслугі – на 5 %.
Сярод харчоў у лідарах – безалкагольныя напоі (падаражэлі за год на 13,5 %), піва (на 13 %), рыба і морапрадукты (на 9,3 %). Цэны на цыгарэты і тытунь выраслі на 10,5 %.
Сярод нехарчовых тавараў самае істотнае падаражэнне зазналі газеты і часопісы (плюс 13,4 % за год) і ювелірныя вырабы з гадзіннікамі (12,5 %).
У паслугах найбольш падаражэлі «збор і выдаленне адкідаў» – на 18,7 % за год. На 17,3 % выраслі кошты паслугаў бібліятэк і музеяў, на 16 % – паслугі кінатэатраў, тэатраў, канцэртных пляцовак, цыркаў.
Аўтамабільны пасажырскі транспарт і перавозы грузаў падаражэлі на 14,8 %.
Улады планавалі, што летась інфляцыя не перавысіць 6 %, і гэтая задача выкананая. Хаця асобна ў харчах утрымаць рост цэнаў у вызначаных межах не ўдалося, адзначыла ў каментары «Белсату» эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна:
«Тут ужо ўмешваліся вонкавыя чыннікі, на якія ўлады маглі ўплываць вельмі абмежавана. Калі цэны, напрыклад, на каву, ікру, рыбу актыўна раслі на вонкавых рынках і не павышаліся на ўнутраным рынку, то гэтага б проста не завозілі або завозілі б у малых аб'ёмах, што стварала б дэфіцыт. Гэтага ўлады не хацелі, таму былі вымушаныя павышаць цэны на гэтыя тавары больш хуткімі тэмпамі, чымся, напрыклад, на малочку».
Адмыслоўца растлумачыла, што ўтаймаваць цэны ўдалося толькі дзякуючы дзяржаўнаму рэгуляванню, таму дасягнутаму такім шляхам паказніку няма чаго радавацца:
,,«Паралельна адбывалася пагаршэнне эфектыўнасці працы кампаніяў, падала рэнтабельнасць у параўнанні з 2023 годам. Гэта кажа пра тое, што нагрузка на кампаніі павялічвалася з увагі на тое, што яны балансавалі паміж выдаткамі на тыя ж заробкі, што раслі, і неабходнасцю ўпісацца ў гэтае рэгуляванне коштаў».
Не варта думаць, што праблемы прадпрыемстваў – гэта толькі іх праблемы і не датычаць беларусаў, якія могуць адно цешыцца нізкай для нашай краіны інфляцыяй, папярэдзіла Лузгіна. У выпадку, калі кампанія пачне дыхаць на ладан, работнікам перастануць павышаць заробкі або наогул будуць звальняць персанал.
Ва ўмовах татальнага рэгулявання коштаў вытворцы вымушаныя эканоміць дзе толькі можна, і як следства – пагаршэнне якасці прадукцыі. У кампаніяў не застаецца выбару, і яны выкарыстоўваюць больш танныя складнікі – гэта яшчэ адно наступства папулісцкай захады ўладаў:
,,«Прадпрыемствы пачынаюць замяняць больш дарагія кампаненты больш таннымі, не заўсёды добрымі. Гэта можа паўплываць на якасць прадуктаў. Або, калі кажам пра імпарт, завозіць таксама больш танныя тавары, аднак зноў жа не вельмі якасныя. Гэта датычыць кожнага – што мы ямо, чым карыстаемся».
Фармальна цэны ў Беларусі не растуць гэтак хутка, як меліся б. Аднак фактычна інфляцыя нікуды не падзелася, проста цяпер яна набыла адкладзены эфект. Гэта падобна на вулкан, што нібыта спіць, а насамрэч лава ў ім працягвае назапашвацца. Такую сітуацыю адмыслоўцы называюць інфляцыйным навесам. Іншы эксперт цэнтру BEROC, Анатоль Харытончык, ацэньвае яго ў 10 % – гэта і ёсць тая самая патэнцыйная інфляцыя, калі цэны адпусціць, то бок удвая большая за леташнюю.
Нягледзячы рызыкі, што нясе рэгуляванне коштаў, улады ад гэтай ідэі фікс адмаўляцца не плануюць, толькі што прыдумляюць нейкую новую сістэму. 14 студзеня падчас прызначэння міністрам антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артура Карповіча (былы, Аляксей Багданаў, узначаліў амбасаду Беларусі ў Казахстане), Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што новая формула, якая рыхтуецца, не мае аналагаў у свеце, і адначасова даручыў чыноўніку «вывучыць савецкі досвед»:
«Вашая задача – вывучыць досвед савецкага гандлю і зрабіць усё, каб на прылаўках быў асартыментны пералік тавараў. І цэны ні ў якім разе не скакалі, асабліва ўверх. Гэта вы мусіце бачыць на аб'ектах гандлю, у крамах. Няважна, якой яны ўласнасці – дзяржаўныя або прыватныя».
Лукашэнка таксама растлумачыў, што значыць «справядлівыя цэны»:
«Не мусіць быць так, што нейкія заснавальнікі, дырэктары і начальнікі ходзяць з кішэнямі, грашыма набітымі, а кантралёр-касір ці грузчык на складзе мадзеюць. Такога быць не мусіць. Мусіць быць справядліва».
Міністр Карповіч паведаміў, што новая сістэма рэгулявання коштаў яшчэ не гатовая, але ўжо вось-вось праца завершыцца:
«Формула мае ўлічваць інтарэсы ўсіх удзельнікаў рынку. Перакос у той ці іншы бок не дасць належнага эфекту. Яна мае быць справядліваю для ўсіх: і для нас як спажыўцоў, і для вытворцы, які разумее, што ён працуе не ў страту сабе і, фармуючы цану на прадукцыю, дае магчымасць зарабіць свайму прадпрыемству, калектыву, павысіць заробак у тых межах, у якіх гэта магчыма».

Эканамістка Настасся Лузгіна прызнаецца, што не ведае, як улады дадуць рады, расцягнуўшыся ў шпагаце паміж больш жорсткім планам інфляцыі сёлета (не больш за 5 %) і тым, каб не забіць кампаніі. Імаверна, дзяржава адмовіцца ад рэгулявання цэнаў на пэўныя групы тавараў, але ўсё адно прынцыпова сітуацыю гэта не зменіць, і інфляцыйны навес працягне пагрозліва вісець над эканомікаю:
«Калі захоўваецца рэгуляванне, хай сабе і частковае, – гэтыя элементы планавасці і кантролю працуюць насуперак аб'ектыўным законам эканомікі. Цэны фармуюцца рынкам, свабодным гандлем, свабодным попытам і прапановаю, на грунце высокай канкурэнцыі паміж вытворцамі».
Пра тое, што інфляцыя ў Беларусі штучна заніжаная, ускосна сведчыць адмысловы індэкс цэнаў вытворцаў. Гэта гуртавыя кошты, паводле якіх сваю прадукцыю прадаюць прадпрыемствы. Дык вось, напрыклад, вытворцы сельскагаспадарчых прадуктаў за мінулы год павысілі цэны на 11,7 %, у тым ліку ў раслінаводстве – на 10,5 %, а ў жывёлагадоўлі – на 12 %, падлічыў Белстат.
Пры гэтым у крамах, як сведчыць той жа Белстат, мяса і мясапрадукты падаражэлі за год толькі на 4,4 %, а малако, малочныя прадукты і яйкі – на 4,7 %.
За гэты беларускі эканамічны «цуд», калі кошты вытворцаў растуць шпарчэй за кошты ў крамах, расплачваюцца ў тым ліку гандлёвыя арганізацыі. Рэнтабельнасць продажаў у раздробным гандлі ў студзені – кастрычніку склала 1,5 % год да года, а ў гуртавым – толькі 0,3 %. З такімі паказнікамі пра развіццё бізнесу не ідзецца: абы выжыць.
Сцяпан Кубік belsat.eu