Польскія медыі апавядаюць пра «неймавернае» здарэнне з удзелам 35-гадовага беларуса на вуліцах сталіцы. Мужчына пад уздзеяннем наркотыкаў здзейсніў серыю аварыяў, катаўся на даху аўта і голым цягнуўся за цяжкавіком, пакуль яго не затрымалі кіроўцы і не перадалі паліцыі.
Усё пачалося на вуліцы Глэмбцокай, дзе беларус за стырном «Hyundai» урэзаўся ў «BMW», пасля чаго працягнуў рух і сутыкнуўся з аўтацыстэрнай і «Peugeot».
Пасля гэтага мужчына вылез на дах свайго аўта. Паводле сведак, у гэты момант хтосьці, магчыма, сеў за стырно, бо машына працягнула рух і ўрэзалася ў адбойнік. Сам герой упаў на абочыну, а аўтамабіль яшчэ паспеў стукнуцца ў «Iveco».
Побач апынуўся цяжкавік – беларус прыліп да яго ззаду і «праехаўся прычэпам», як апісалі журналісты. Далей – вуліца Марывільска, дзе мужчына цалкам раздзеўся, разбіў шыбу ў «Nissan», а затым заскочыў на дах «Renault». Так ён даехаў ажно да вуліцы Мадліньскай.

На Мадліньскай мужчыну нарэшце затрымалі іншыя кіроўцы і перадалі паліцыі. Медыкі, якія прыбылі на месца, зафіксавалі стан наркатычнага ап’янення – затрыманы прызнаўся, што ўжываў наркотыкі. Яго шпіталізавалі.
Сведкі здарэння знялі фрагменты падзеяў на тэлефоны – відэа і фота разыходзяцца па польскіх і беларускіх сацыяльных сетках.
Хто гэты беларус, адкуль прыехаў і ці быў у легальным статусе на тэрыторыі Польшчы, пакуль невядома. Але відавочна, гісторыя сталася сімвалам таго, як наркотыкі і страчаны кантроль над сабою могуць ператварыцца не толькі ў папулярнасць у сацсетках, але і ў пагрозу для людзей на дарогах.
Надзея Вольная / belsat.eu