навіны

Беларусь на падставе «бязвізу» наведалі за тры гады больш як мільён еўрапейцаў – літоўцы ў лідарах

Беларуская мяжа
Беларуская мяжа. Фота: lrt.lt
podpis źródła zdjęcia

Больш як мільён еўрапейцаў скарысталіся бязвізавым рэжымам, каб пабываць у Беларусі. Найчасцей да нас прыязджалі грамадзяне Літвы, Латвіі і Польшчы.

Пра гэта паведаміў Дзяржаўны памежны камітэт. Адпаведны рэжым спрошчанага мінання мяжы дзее з 2022 года. Паводле афіцыйнай статыстыкі, Беларусь наведалі ўжо 1 085 599 асобаў.


Найбольш актыўна ў Беларусь едуць грамадзяне Літвы – іх прыехала больш за 610 тысяч. На другім месцы – латышы, якіх было больш за 261 тысячу. Трэцяе месца занялі палякі: 110 тысяч асобаў заехалі на беларускую тэрыторыю без візы. Найперш гэта жыхары прымежных рэгіёнаў, якія прыязджаюць у Беларусь на закупы, да сваякоў ці проста з цікаўнасці.


Сваю гісторыю «бязвіз» пачаў 15 красавіка 2022 года для жыхароў Літвы і Латвіі. У ліпені таго ж года да іх далучыліся і грамадзяне Польшчы. А ў ліпені 2024-га ўлады Беларусі пашырылі гэты рэжым на жыхароў яшчэ 35 еўрапейскіх краінаў. Праўда, сярод прадстаўнікоў гэтых новых краінаў актыўнасць значна ніжэйшая – за ўвесь час «бязвіз» скарысталі толькі 22 853 асобы.


Нягледзячы на палітычнае напружанне паміж Беларуссю і Еўразвязам, афіцыйны Менск працягвае называць «бязвіз» крокам насустрач «народнай дыпламатыі». У снежні 2024 года рэжым быў падоўжаны яшчэ на год – да канца 2025-га. Гэта, на думку ўладаў Беларусі, мусіць спрыяць развіццю рэгіянальных сувязяў і падтрыманню эканомікі памежных вобласцяў.


Тым часам у еўрапейскіх краінах стаўленне да «бязвізу» неадназначнае. У Літве і Латвіі яго нярэдка крытыкуюць як спробу выкарыстання «мяккай сілы» рэжымам Лукашэнкі. Тым не менш, для многіх простых людзей магчымасць наведаць Беларусь без візы стала зручным спосабам заашчадзіць на паездцы – асабліва ў перыяд росту цэнаў у краінах Балтыі.

Пашпарт. Фота: atta.travel
Пашпарт. Фота: atta.travel

Наколькі доўгатэрміноваю застанецца гэтая ініцыятыва – пакажа час. Але факт застаецца фактам: мільён еўрапейцаў заехалі ў Беларусь, нягледзячы на ўсе палітычныя бар’еры. І пакуль «бязвіз» працуе, гэта адзін з нешматлікіх пунктаў судакранання афіцыйнага Менску і еўрапейскага грамадства.


Нагадаем: тым часам у Расеі працягваюць прасоўваць законапраект, які істотна спросціць арганізацыю тураў у Беларусь, але можа закрануць пачуцці беларусаў.


Дэпутатка Дзяржаўнай думы Расеі, намесніца старшыні думскага камітэту ў справе турызме Наталля Касценка на ІІІ беларуска-расейскім турыстычным кангрэсе ў Менску расказала пра законапраект, датычны паездак у «прыязныя краіны».


Паводле расейскай дэпутаткі, Расея зацікаўленая ў тым, каб выязны турызм быў скіраваны на беларускі напрамак. Яна адзначыла, што Расея «ўзмацніла транспартную даступнасць аўтадарог» для беларускіх турыстаў, пашырае сетку авіязлучэння, адкрывае новыя чыгуначныя рэйсы.


Папраўдзе, законапраект пра «ўнутраны турызм для прыязных краінаў» унеслі ў расейскую Дзярждуму яшчэ ў 2023 годзе, Касценка была сярод ініцыятараў. У 2024 годзе законапраект адправілі на дапрацоўванне, бо не пабачылі дастатковых падставаў для вызвалення тураператараў ад патрабаванняў заканадаўства для вонкавага турызму, а таксама таму, што не ўлічылі заканадаўства пра рэзервовыя фонды і не прапісалі спісу «прыязных краінаў». Цяпер жа паездкі ў Беларусь Расея збіраецца называць «унутраным турызмам».


Надзея Вольная / belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10