Апошнім часам ледзь не штодня маніторынгавыя каналы пішуць пра беспілотнікі ў беларускім небе. Вайна аказалася бліжэй, чым падавалася.
З канца лета дроны заўважна зачасцілі ў Беларусь. Пра такія выпадкі «Беларускі Гаюн» паведамляў 21, 26, 29 і 31 жніўня, 3, 4, 5, 6 і 7 верасня.
Звычайна беспілотнікі, якімі Расея атакуе Украіну, залятаюць да нас з украінскай тэрыторыі і вяртаюцца да паўднёвых суседзяў. Часам БПЛА проста «знікаюць», калі на мапах траекторыя палёту абрываецца.

Імаверна, першы выпадак знішчэння беспілотніка ў беларускім небе адбыўся 29 жніўня. Як пісаў «Беларускі Гаюн», гэта здарылася на Гомельшчыне: «Знішчальнік ВПС РБ блізу 20 хвілінаў ганяўся за парушальнікам, а каля 03:55 у Ельскім раёне чулі не менш за два выбухі і назіралі яркі выбліск у небе».
Зрэшты, тады дзяржаўныя крыніцы змаўчалі. Затое здарэнне ўначы 5 верасня давялося каментаваць.
«Быў зафіксаваны факт парушэння дзяржаўнай мяжы Беларусі ў паветранай прасторы, імаверна, беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Было прынятае рашэнне на іх знішчэнне. Своечасовымі дзеяннямі дзяжурных сілаў супрацьпаветранай абароны ўсе цэлі парушальнікаў былі знішчаныя», — адсправаздачыўся першы намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА Сяргей Фралоў.
Ён, такім чынам, не ўдакладніў, колькі было «няпрошаных гасцей», адкуль яны прыляцелі, чые былі і колькі цэляў было збіта.
Падобна, тады знішчылі два дроны: пад Гомлем і ў Хойніцкім раёне.

7 верасня сведкі заўважылі беспілотнік, а потым і знішчальнік на захадзе Менскай вобласці. Паводле «Гаюна», гэты «Шагэд» трапіў у Беларусь з Украіны ў раёне Пінску і ўзяў курс на поўнач, даляцеўшы да Наваградку. Там сляды згубіліся.
Аднак пазней міністэрства абароны Латвіі паведаміла пра падзенне на сваёй тэрыторыі расейскага беспілотніка, які заляцеў з Беларусі. Падобна, гэта той самы дрон, што «знік» пад Наваградкам.
«Паводле першапачатковых звестак, гэта вайсковы БПЛА Расейскай Федэрацыі, і ён заляцеў у нашую паветраную прастору з Беларусі. Пра інцыдэнт былі праінфармаваныя адказныя дзяржаўныя чыноўнікі, праваахоўныя органы і краіны NATO», — заявіла латышскае Мінабароны.
На прэс-канферэнцыі 9 верасня ў Рызе кіраўніцтва ўзброеных сілаў рэспублікі абвесціла, што гэта быў «Шагэд» з выбухоўкаю, ён абясшкоджаны, цяпер трывае аналіз. Плануецца таксама высветліць, ці мае БПЛА заходнія дэталі.
Мінабароны не лічыць гэты інцыдэнт атакаю на Латвію, бо цэллю дрона-камікадзэ была Украіна. Але супрацьпаветраную абарону на ўсходніх межах пастанавілі ўсё-ткі ўзмацніць, перадае «Delfi».

Залёты БПЛА ў Беларусь можна растлумачыць рознымі версіямі. Такія транзітныя маршруты, напрыклад, дазваляюць хавацца ад украінскай супрацьпаветранай абароны. Як казаў раней «Белсату» былы добраахвотнік ЗСУ, спікер фракцыі «Беларусы» ў Каардынацыйнай радзе Андрэй Кушняроў, «над тэрыторыяй Беларусі паводле нейкіх негалосных дамоўленасцяў расейскія паветраныя цэлі не збіваюцца».
Беларускія вайскоўцы, натуральна, бачаць беспілотнікі на радарах, дый расейскія калегі папярэджваюць пра запускі, таму гэтыя цэлі і не чапаюць. Знішчэнне двух дронаў 5 верасня можа быць следствам тэхнічных праблемаў з імі.
Аглядальнік украінскай даследчай суполкі «Інформаційны спротив» Аляксандр Каваленка ў сваім Telegram-канале раней выказваў здагадку, што калі аб’ект страчвае кіраванне, то беларусы пасля ўзгаднення з расейскімі «куратарамі» могуць збіваць такія небяспечныя цэлі.
Украінскі вайсковы эксперт Іван Ступак у размове з «Белсатам» не выключыў таксама версію, што расейскія беспілотнікі ляцяць у Беларусь з увагі на радыёлакацыйную барацьбу:
,,«Мая асабістая думка, што, імаверна, нейкі невядомы нам бок, я не буду сцвярджаць, што гэта Украіна, мае або тэстуе звышмагутныя сродкі РЭБ або іншую сістэму падаўлення, якая перахоплівае кіраванне беспілотнікам і накіроўвае яго ў іншы бок. Я не гатовы сказаць, што гэта стала адбываецца, аднак такіх выпадкаў усё болей і болей. І няма як ад іх адмахвацца і казаць: ой, дык усё гэта глупства, нешта адбылося выпадкова».
Акрамя таго, залёты дронаў-камікадзэ могуць быць спробаю правакацыі, маўляў, вось Украіна атакуе Беларусь, разважае аналітык. Аднак адразу дадае: «Шагэдаў» у ЗСУ няма, і абвінаваціць паўднёвых суседзяў будзе немагчыма.
Зрэшты, адзін палітык ужо абяцаў паказаць, «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад». Гэтак жа галаслоўна ён можа абвінаваціць Украіну ва ўсіх грахах.

«Шагэды» — адзін з галоўных інструментаў паветранай вайны супраць Украіны: яны масава выкарыстоўваюцца супраць аб’ектаў цывільнай інфраструктуры з восені 2022 года. Беспілотнік можа несці да 40 кг выбухоўкі і біць па цэлях на адлегласці да 1000 км (афіцыйна – нават да 2000). Гэта досыць просты і танны апарат.
Іван Ступак папярэджвае: падчас атакі беспілотніка «не варта лезці ў акно, даставаць тэлефон і пачынаць усё здымаць»:
,,«Так, яно гучыць цікава, выглядае вельмі дзіўна, аднак нічога смешнага і цікаўнага ў гэтым няма. Беспілотнік нясе столькі выбухоўкі, колькі хопіць, каб знішчыць пакой у стандартнай кватэры».
Адмысловец раіць хавацца ў пакоі за двума сценамі, у залежнасці ад планіроўкі жытла гэта можа быць калідор або ванная.
«Калі вайна прыйдзе да вас нашмат бліжэй, чымся цяпер, то толькі склеп, толькі падземны паркінг, калі маецца ў вашым доме. Гэта смертаносная зброя, багата людзей у нас загінула. Калі беспілотнік прылятае ў стары дом, можна знесці цэлы паверх», — канстатаваў суразмоўца «Белсату».
Парады, як паводзіцца падчас атакі дронаў, у сваім Telegram канале раней публікавала прадпрыемства «Гомельэнерга» з пазнакай «важна вывучыць жыхарам прымежных тэрыторыяў».
Калі вы ў гэты момант надворку, мае сэнс схавацца ў капітальным будынку падалей ад вокнаў і шкляных вітрынаў.
Калі дрон вельмі блізка і бракуе часу хавацца, варта прыгнуць у яміну ці якую траншэю, калі ёсць блізка, — гэта ўратуе ад аскепкаў і выбуховай хвалі. Калі няма, застаецца толькі легчы на зямлю, прыціснуўшы локці да цела. Ляжаць належыць да тае пары, пакуль выбухі не сціхнуць.
Калі атака заспела ў аўтамабілі, раяць адразу ж спыніцца і выйсці. Далей дзеяць, як апісана вышэй: або капітальны будынак, або яміна, або проста легчы на зямлю.
Дрон, што ўпаў, чапаць нельга, лепей за ўсё і блізка не падыходзіць і нікога да абломкаў не пускаць.
Алесь Яшчанка, Сцяпан Кубік belsat.eu