Транзітныя беспілотнікі і ракеты: ці пачне Украіна збіваць над Беларуссю расейскія паветраныя цэлі?
12.07.2024, 18:10
Belsat
podpis źródła zdjęcia
Увечары 11 ліпеня расейскі дрон знаходзіўся ў беларускім небе каля гадзіны.
Увечары 11 ліпеня над тэрыторыяй Беларусі праляцеў беспілотнік, якім Расея атакавала Украіну. Паводле Telegram-каналу «Беларускі Гаюн», дрон знаходзіўся ў беларускім небе каля гадзіны. Былы добраахвотнік Андрэй Кушняроў у каментары «Белсату» не выключыў, што, калі такая практыка пашырыцца, Украіна пачне збіваць расейскія паветраныя цэлі над тэрыторыяй Беларусі.
Імаверны маршрут руху расейскага беспілотніка над Беларуссю 11 ліпеня. (Крыніца: Hajun_BY / Telegram)
«Shahed» трапіў у беларускую паветраную прастору з Чарнігаўскай вобласці. Паводле «Беларускага Гаюна», беспілотнік праляцеў праз Лоеў, узяў курс на Мазыр, павярнуў у бок Хойнікаў і вярнуўся ва ўкраінскае неба ў раёне Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Над тэрыторыяй нашай краіны дрон прабыў каля гадзіны.
З увагі на беспілотнік у неба ўзнялі знішчальнік і гелікоптар.
«Не выключана, што войскі Беларусі былі ў курсе надыходзячых манеўраў і кантралявалі паветраную прастору над тэрыторыяй Беларусі на выпадак пазапланавых паводзінаў аднаго з “шагэдаў”», – заўважае «Беларускі Гаюн».
Былы добраахвотнік ЗСУ, спікер фракцыі «Беларусы» у Каардынацыйнай радзе Андрэй Кушняроў у каментары «Белсату» адзначыў, што пакуль такіх інцыдэнтаў не багата, таму яшчэ не выпадае казаць «пра нейкую тэндэнцыю»:
,,
«Для Украіны гэта непрыемная гісторыя, бо над тэрыторыяй Беларусі паводле нейкіх негалосных дамоўленасцяў расейскія паветраныя цэлі не збіваюцца. Аднак жа сітуацыя можа змяніцца. Калі такія манеўры будуць працягвацца, калі “шагэды” будуць спрабаваць збегчы на тэрыторыю Беларусі ад украінскай супрацьпаветранай прасторы, то лёгка можна сабе ўявіць, што над Беларуссю пачнуць збіваць».
Кушняроў пры гэтым звярнуў увагу на небяспеку для нашай краіны, калі ўкраінцы наважацца знішчаць варожыя цэлі ў беларускім небе:
,,
«Для Беларусі гэта не вельмі добрая гісторыя ў сэнсе яшчэ большага ўцягвання ў вайну, існуе пагроза падзення абломкаў, ракетаў, што не разарваліся, – гэта вельмі дрэнная гісторыя, асабліва для прымежных раёнаў».
Суразмоўца «Белсату» мяркуе, што беларуская супрацьпаветраная абарона бачыла расейскі беспілотнік, таму сюрпрызу не было.
«Мяркуючы па ўсім, беларусы ведалі пра тое, што будзе гэты заход. Імаверна, неяк былі папярэджаныя, то бок наўрад ці гэта было нейкай істотнай нечаканасцю, што зноў жа добра кажа пра ўцягнутасць Беларусі ў вайну не наўпрост войскам, але надаваннем інфармацыі, тэрыторыі і гэтак далей», – падсумаваў Андрэй Кушняроў.
Раней пра расейскі беспілотнік, што праляцеў праз Беларусь транзітам, паведамлялася 5 ліпеня; уначы 22 чэрвеня над Гомельскай вобласцю праляцелі некалькі крылатых ракетаў Х-101, а ў ноч на 27 красавіка – тры гіпергукавыя ракеты «Кінжал».