Той выпадак, калі відэа з пакупкамі ва ўмоўнай польскай краме «Biedronka» выклікала сапраўдную буру ў TikTok. Беларуска, якая паехала ў Польшчу ў справах і заадно набыла тавары першай неабходнасці, нават не чакала, што відэа са звычайнымі пакупкамі перарасце ў інтэрнэт-бітву. У выніку дзяўчына нават закрыла каментары, каб спыніць плынь крытыкі. Але TikTok ужо ўсё запомніў. Апавядаем, чаму беларусаў так крануў чужы харчовы кошык.
У час, калі палітыка пранікае нават у шакаладку, звычайны паход у польскі супермаркет можа справакаваць шырокую дыскусію: дзе танней, дзе смачней, дзе радзіма, а дзе здрада. Бо ўжо сёння розныя беларусы па-рознаму глядзяць на набыткі ў Еўропе: для адных гэта эканомія і якасць, для іншых – ледзьве не пытанне нацыянальнага гонару.
Апавядаем, што здарылася.
Усё пачалося з таго, што беларуска, якая была ў Польшчы ў справах, зняла відэа і паказала ў TikTok пра свае пакупкі. Пральны парашок, апаласквальнік, сродкі для пасудамыйкі, зубную пасту, вітаміны, «Nutella», сыр, каўбасу з белаю плесняю, спецыі, какосавы і рапсавы алей, гарбату, арэхі, шакалад, памідоры чэры ды іншае. Нічога, падавалася б, незвычайнага.
Паводле аўтаркі, кілаграм чэры ў Польшчы абышоўся ў 21 беларускі рубель, у Беларусі ж аналагічны аб’ём, паводле яе, каштуе каля 50 рублёў. Таксама яна адзначыла, што вітаміны ў Польшчы значна таннейшыя і «лепшай якасці».
Ужо праз некалькі дзён відэа сабрала амаль 400 тысяч праглядаў, а ў каментарах распачалася віртуальная бойка.
«За такія пакупкі бацька разгневаецца»
Шмат якія карыстальнікі пачалі шэйміць дзяўчыну за тое, што яна паказала кошык з польскаю «хіміяй» і ежаю. Хтосьці нават абвінаваціў у здрадзе радзіме:
«Беларусь – не Паўночная Карэя, каб везці ўсё з-за мяжы».
«Што ты там купіла асаблівага? У нас усё гэта ёсць – і танней».
«Навошта везці гарбату з Польшчы? Я, наадварот, з Украіны яе вязу ў Польшчу – там даражэй!»
«За грошы на дарогу можна было б у Беларусі закупіцца максімальна».
«Ты што, здрадніца?!»
«Чэры ў «Еўраопце» – за 28 рублёў. Што ты прыдумляеш?»
Нехта з іроніяй прапаноўваў захапіць яшчэ пару мяхоў бульбы. Хтосьці ледзьве не пагражаў:
«Калі цябе пабачыць бацька, адразу з Беларусі выкінуць».

Гэтак, сярод каментатараў знайшлося нямала тых, хто падтрымаў дзяўчыну, але іх чамусьці было значна меней:
«Польская "хімія" – гэта неба і зямля ў параўнанні з нашай. У нас – як вада», – напісаў адзін з карыстальнікаў.
«Вітаміны шыпучыя ў Польшчы – 4 рублі, у нас – ад 12», – пацвердзіў іншы.
«Нават смак "Nutella" адрозніваецца, у Еўропе яна нашмат смачнейшая», – запэўнівае яшчэ адна каментатарка.
«Калі ёсць магчымасць купіць лепш і танней – чаму б і не», – выказаў меркаванне яшчэ адзін чалавек.
Спачатку дзяўчына паспрабавала супакоіць каментатараў і патлумачыла, што ёй падабаецца і беларуская ежа, але паездка ў Польшчу – звычайная практыка, бо можна з’ездзіць у справах і заадно закупіцца. Тым не менш рэзананс аказаўся мацнейшым за матывацыю. Дайшло да таго, што аўтарка была вымушаная закрыць каментары.
Выглядае, што ўся гэтая гісторыя – зусім не пра пакупкі, а пра моцную палярызацыю беларускага грамадства за апошнія некалькі гадоў. У чымсьці нават падобна на той момант, калі чалавек піша, што падпісаны на «Белсат», – і атрымлівае каментары з двух лагераў: «Змагары!» супраць ««Патрыётаў» з радзімы». Цяпер, як відаць, пад раздачу трапляе нават гандлёвы кошык.
Ці развязваюць такія канфлікты хоць штосьці? І як вы думаеце: ёсць сэнс везці з Польшчы вітаміны, каўбасу і пральны парашок ці ўсё гэта можна набыць у Беларусі не горшай якасці? Калі вы ў бяспецы, падзяліцеся з намі меркаваннем, але мірна, без вайны за памідоры.
Надзея Вольная / belsat.eu