Меркаваннi

Пасля Мюнхенскай канферэнцыі: Еўропа застаецца без ЗША

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс выступае з прамовай на 61-й Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Мюнхен, Нямеччына. 14 лютага 2025 года. Фота: Tobias Schwarz / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс выступае з прамовай на 61-й Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Мюнхен, Нямеччына. 14 лютага 2025 года. Фота: Tobias Schwarz / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы 2025 года стала арэнай для гучных заяваў і трывожных сігналаў. Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс, які прадстаўляе адміністрацыю Доналда Трампа, выразна пазначыў пазіцыю ЗША ў дачыненні да Еўропы: час «безумоўнай падтрымкі» прайшоў. Яго словы выклікалі шок у еўрапейскіх палітыкаў і аналітыкаў, паколькі гэта стала афіцыйным пацвярджэннем разрыву трансатлантычных сувязяў, які даўно наспяваў.

У сваёй прамове Джэй Дзі Вэнс падкрэсліў, што ЗША больш не маюць намеру несці асноўную фінансавую і ваенную нагрузку па забеспячэнні еўрапейскай бяспекі. Паводле яго, Еўропа павінна ўзяць на сябе больш адказнасці за ўласную абарону. «Мы не можам працягваць абараняць Еўропу, калі яна не хоча абараняць сябе сама», – заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША. Гэтыя словы сталі працягам палітыкі «Амерыка ў першую чаргу», якую адміністрацыя Дональда Трампа паслядоўна прасоўвае з моманту яго вяртання ў Белы дом.


Еўрапейскія лідары адрэагавалі на выступ Вэнса стрымана, але іх занепакоенасць была відавочная. Міністр замежных спраў Нямеччыны Аналена Бэрбак выказала шкадаванне з нагоды такой рыторыкі і падкрэсліла, што «супраца з ЗША застаецца краевугольным каменем еўрапейскай бяспекі». Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон заклікаў да тэрміновай кансалідацыі намаганняў краін ЕЗ у сферы абароны і паскоранага стварэння адзінай еўрапейскай арміі.


Разрыў трансатлантычных адносін можа прывесці да сур'ёзных геапалітычных зменаў. Еўропа вымушаная будзе істотна павялічыць выдаткі на абарону, што непазбежна адаб'ецца на эканамічнай сітуацыі ўнутры ЕЗ. Магчымая актывізацыя Расеі на ўсходніх межах Еўрасаюза, а таксама ўзмацненне кітайскага ўплыву, асабліва ва Усходняй і Паўднёвай Еўропе.

,,

NATO, аснова заходняй бяспекі пасля Другой сусветнай вайны, рызыкуе ператварыцца ў фармальную структуру без рэальных механізмаў стрымлівання.


Палітыка Трампа ў дачыненні да Еўропы прадыктаваная шэрагам фактараў. Адміністрацыя ўказвае на велізарныя выдаткі ЗША на NATO, а еўрапейскія партнёры, на думку Трампа, недастаткова інвестуюць у абарону. Акрамя таго, Белы дом арыентуецца на Азію, дзе Кітай застаецца галоўным геапалітычным супернікам ЗША.


Усё гэта не было ні сакрэтам, ні сюрпрызам. Пра магчымы дрэйф ЗША да ізаляцыянізму казалі даўно, гэтак жа як і пра тое, што Трамп наўрад ці будзе сур'ёзна ставіцца да разнастайных фармальных дамоваў з мінулага, патрабуючы падмацоўваць іх матэрыяльнай выгадай. Але ўсё роўна да пагроз ставіліся ў Еўропе відавочна несур'ёзна, чакаючы, што, у канчатковым рахунку, нічога не зменіцца. Еўрапейскія палітыкі, падобна, проста не верылі, што ЗША іх могуць пакінуць сам-насам з выклікамі бяспекі. Але рэальнасць ніколі не падпарадкоўваецца «добрым намерам».


Пры гэтым на кантыненце ўзрастае нестабільнасць. Тры гады для Еўропы выйграла Украіна, стрымліваючы расейскія войскі, да якіх на фронце ўжо дадаліся і паўночнакарэйскія. Але Еўропа не выкарыстоўвала гэты час належным чынам. Так, некалькі павялічылася вытворчасць снарадаў і вайсковай тэхнікі, але да тэмпаў вытворчасці той жа Расеі (і яе паўночнакарэйскіх і іранскіх саюзнікаў) вельмі далёка. Усё гэтак жа спадзяваліся, што ЗША не пакінуць саюзнікаў сам-насам з Расеяй, а Вашынгтон, тым часам, рыхтуецца «перазагружаць» адносіны з Масквой. Пры тым зусім не ўлічвае меркаванне еўрапейцаў, якіх, па заявах амерыканскіх дыпламатаў, ніхто нават не плануе падключаць да перамоваў з расейскім бокам.


Фактычна, гэта крах усёй сістэмы, якая выбудоўвалася пачынаючы з канца 40-х гадоў ХХ стагоддзя ў Еўропе, і якая набыла завершаны выгляд ужо ў пачатку ХХІ стагоддзя. Не існуе больш таго самага «калектыўнага Захаду», якім так любяць палохаць сваіх грамадзян расейскія прапагандысты. Захад распаўся на еўрапейскую і амерыканскую часткі, якія знаходзяцца за крок ад вайны. Пакуль – гандлёвай, але ніхто не ведае, што будзе заўтра, калі Трамп зноў прад'явіць прэтэнзіі на дацкую Грэнландыю.

,,

«Для ЗША ў ізаляцыянізме няма нічога новага. Ён дамінаваў у грамадска-палітычнай думцы краіны доўгія дзесяцігоддзі, перарываючыся перыядамі глабалізму і экспансіянізму. Вяртанне да яго можна было прадказаць, але калі ты закалыханы «канцом гісторыі» і шматгадовай стабільнасцю, думаць пра горшае не хочацца, прасцей яго ігнараваць».


Еўропа стаіць перад гістарычным выбарам. Альбо краіны ЕЗ кансалідуюцца і створаць уласную сістэму бяспекі, альбо будуць шукаць новых партнёраў, напрыклад, у асобе Вялікай Брытаніі і, магчыма, Турцыі. Вядома, і без Украіны тут будзе складана абысціся, бо менавіта Украіна мае войска з рэальным баявым вопытам прымянення сучасных тэхналогіяў на полі бою. Нездарма менавіта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Мюнхене прапанаваў стварыць еўрапейскую армію. Каму як не лідару Украіны разумець значэнне падобнага рашэння.


Пры гэтым існуе і рызыка палітычных рознагалоссяў унутры самога саюзу, якія нікуды не дзеліся, і якія ўвесь час перашкаджаюць Еўропе прэтэндаваць на статус важнага суб'екта сусветнай палітыкі.


Мюнхенская канферэнцыя 2025 года паказала, што эпоха безумоўнай падтрымкі Еўропы з боку ЗША завяршылася. Стары кантынент цяпер павінен самастойна вызначаць свой стратэгічны лёс у свеце, дзе больш няма звыклых гарантый бяспекі, дзе кожны сам за сябе, а хто моцны, той і мае рацыю. Еўропа відавочна была да гэтага не гатовая, але да такога наогул складана быць гатовым. Даводзіцца проста прымаць рашэнні. І часу на іх прыняцце ўсё менш.


/ІР

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
апошнія
Item 1 of 10