У суд накіраваная крымінальная справа ў дачыненні арганізатараў фонду салідарнасці «BYSOL» і структурных падраздзяленняў, якія ў яго ўваходзяць: «Voices from Belarus» і «Digital Solidarity» – паведамляе Генеральная пракуратура Беларусі.
Расследаванне справы ішло ў рамках спецыяльнага вядзення пад наглядам Гомельскай абласной пракуратуры.
,,«Абвінавачаныя не пазней за студзень 2020 года папярэдне аб’ядналіся ў злачынную супольнасць – экстрэмісцкае фармаванне "By_help". Таксама ў яго склад увайшлі такія структурныя падраздзяленні, як "Media Solidarity Belarus" і "Беларусам.pl". Затым у жніўні 2020 года для пашырэння супрацьпраўнай дзейнасці яны аб’ядналіся з іншымі абвінавачанымі ў экстрэмісцкае фармаванне "Фонд салідарнасці BYSOL / Belarus solidarity foundation". А ў далейшым стварылі структурныя падраздзяленні "Voices from Belarus" і "Digital Solidarity"», – апісвае сутнасць справы на сваім сайце Генеральная пракуратура.
Паводле матэрыялаў справы, дзейнасць «BYSOL» і яго падраздзяленняў «была накіраваная на стварэнне ў Беларусі незаконнага маштабнага пратэснага руху, развіццё экстрэмісцкай і дэструктыўнай дзейнасці ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года».
Бок абвінавачання сцвярджае, што названыя ў справе арганізацыі мелі на мэце «дэстабілізацыю грамадскага парадку, стварэнне пагрозаў грамадскай бяспецы», правакавалі «ўскладненне крымінагеннай абстаноўкі ў краіне, арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», што пацягнула «парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, установаў і арганізацыяў».
,,«Як у перыяд электаральнай кампаніі, так і пасля яны ўцягвалі ў названую дзейнасць іншых асобаў. Здабывалі з гэтага маёмасную выгаду для сябе шляхам шматлікіх збораў сродкаў пад выглядам стварэння і працы ўяўных "фондаў салідарнасці, дапамогі"», – гаворыцца ў паведамленне пракуратуры.
Фігурантаў справы абвінавачваюць паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:
• ч. 2 арт. 361-2 («Прадастаўленне або збор грашовых сродкаў і іншай маёмасці для забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці»);
• ч. 3 арт. 130 («Распальванне нацыянальнай і сацыяльнай варожасці»);
• ч. 2 арт. 368 («Знявага Лукашэнкі»);
• ч. 2 арт. 361-3 («Вярбоўка, навучанне, іншая падрыхтоўка ці выкарыстанне людзей для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні, а таксама фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці»);
• ч. 1 арт. 289-1 («Прапаганда тэрарызму і яго публічнае апраўданне, у тым ліку з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт»).
Беларускі фонд салідарнасці «BYSOL» – некамерцыйная арганізацыя, створаная 14 жніўня 2020 года ў якасці адказу на гвалт, які адбыўся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. «BYSOL» накіраваны на збор сродкаў для фінансавай дапамогі ахвярам рэпрэсіяў у Беларусі. Кіраўнік фонду – Андрэй Стрыжак.
Марыя Міхалевіч belsat.eu