Беларускі Мінінфарм прызнаў «экстрэмісцкай» Instagram-старонку беластоцкага музыкі Sw@da, чыя песня «Люстэрка», выкананая супольна са спявачкаю Niczos, выйшла ў фінал польскага «Еўрабачання».
Старонку Sw@da ўнеслі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» згодна з пастановаю суда Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы ад 6 лютага 2025 года.
Sw@da – польска-калумбійскі прадзюсар, які жыве ў Беластоку. Разам з Niczos – этнічнай полькай Нікай Юрчук – музыкі адлюстроўваюць у сваёй творчасці культуру Падляшша, спалучаючы сучасныя рытмы з мясцовым фальклорам. Выканаўцы спяваюць на падляскай мове.
«Sw@da х Niczos» пракаментавалі ўнясенне старонкі Sw@da ў беларускі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
,,«Калісьці крутыя хлопцы з беластоцкага фестывалю "UpToDate" зрабілі вялікі мурал "Музыка – гэта ўсё". Не ведаем яшчэ, ці ўсё, але, напэўна, гэта свабода», – напісалі музыкі ў Інстаграме.
Музыкі зазначылі, што не хацелі б моцна канцэнтравацца на хвалі гэйту, якая абрынулася на іх за тое, што яны рабілі штосьці «па-свойму».
«Мы не хацелі танных сенсацыяў і спрашчэнняў, бо адчувалі найперш падтрыманне. На кожны каментар, каб мы «валілі на Украіну», атрымлівалі 10 іншых, пазітыўных з усёй Польшчы, – распавялі спевакі. – <…> Podlasie B.O.U.N.C.E. мусіць аб’ядноўваць, а не падзяляць. Калі вы былі на нашым канцэрце, вы ведаеце, што ў нашай музыцы вядзецца пра тое, каб вытанцаваць эмоцыі, агульныя для ўсіх людзей, незалежна ад мовы, колеру скуры ці светапогляду».
Беластоцкія музыкі падзяліліся, што самі не ведалі, калі пісалі свае песні, што такім чынам задаюць пытанні пра ідэнтычнасць, нацыянальнасць, прыналежнасць.
,,«І што гэтыя пытанні настолькі важныя, што беларускі аўтарытарны рэжым прызнаў сёння нашыя дзеянні экстрэмісцкімі і забараніў падпіску і прагляд кантэнту на Instagram-старонцы @swadamusic. Бо нянавісць ідзе рука ў руку са страхам. Няважна, аўтакрат ён ці шавініст, калі адзінае, што здолеў зрабіць для краіны – гэта абражаць нас у каментарах. Атакі і забароны – гэта доказ таго, што музыка мае моц. Калі яе баяцца, гэта значыць, што яна гучыць гучна. Не перастаём ствараць, спяваць і казаць. Так прыгожа, як умеем, ці «па-свойму». Дзякуем вам, што вы ёсць», – напісалі музыкі.
Асобна Sw@da і Niczos звярнуліся да падпісчыкаў з Беларусі:
«Не хочам, каб вы мелі праблемы падчас паездак у краіну. З таго, што мы разумеем, беларускі рэжым прызнаў «нелаяльнымі» наш Інстаграм і Тэлеграм».
Фінал польскага «Еўрабачання-2025» адбудзецца 14 лютага.
Марыя Міхалевіч belsat.eu