Толькі ў адной з шасці вобласцяў Беларусі за адзін год 58 разоў судзіліся за шкоду ў выніку падзяжу і крадзяжу буйной рагатай жывёлы, а сума шкоды склала больш за 67 тысячаў рублёў.
Пракуратура Віцебскай вобласці абагуліла статыстыку пра суды аб шкодзе буйной рагатай жывёле. За 2024 год у Віцебскай вобласці выставілі 58 позваў у звязку з кампенсацыяй шкоды вінаватымі ў падзяжы ці крадзяжы буйной рагатай жывёлы на суму больш за 67 тысячаў рублёў. Добраахвотна кампенсавалі больш за 7 тысячаў , прымусова спагналі 11 тысячаў, а што з рэштаю, не паведамляюць.
Колькі з гэтых справаў датычаць падзяжу праз нядбайнасць, а колькі – крадзяжу, пракуратура не ўдакладняе. Паведамляе толькі, што падзёж жывёлы ў вобласці вырас у 2024 годзе на 12 %. І прыводзіць прыклады.
У Лепельскім раёне чатыры цёлкі з групы дарошчвання памерлі, бо іх перавялі на выпас у поле, каб заашчадзіць на корме, а на полі проста не было дастаткова травы. За гэта спагналі 3 тысячы рублёў.
У Мёрскім раёне аднадзённае цяля ўпала ў навозны латок і захлынулася – шкоду спагналі з вартаўніка, які быў абавязаны мыць кароўнік.
Са справаздачы Камітэту сельскай гаспадаркі і харчавання Віцебскага аблвыканкаму, з якім «Белсат» раней змог азнаёміцца дзякуючы «BELPOL», вынікала: гаспадаркі пазбавіліся 9685 жывёлінаў праз паморак.
Згодна з маніторынгам, на некаторых з гаспадарках умовы вельмі дрэнныя. Напрыклад, у СУП «Пражэктар-агра» мала травы, солі для жывёлы не было. З чысцінёю таксама ёсць праблемы: «сродкаў даіць і пасля даення няма, сурвэтак аднаразовых няма», гаворыцца ў справаздачы. Ва УП «Сафійскія дары», мяркуючы з фота са справаздачы, у хворых кароў скура адвальваецца кавалкамі, пры гэтым жывёліны спяць па шыю ў гноі.
Раней выданне «Zerkalo» са спасылкаю на дакументы, якія здабыў «BELPOL», паведамляла, што на кастрычнік 2024 года ў 19 з 21 раёну Віцебскай вобласці назіраецца змяншэнне колькасці буйной рагатай жывёлы, а пракуратура бачыць прычынаю безгаспадарнасць і нядбайнасць.
Тады пракуратура расказвала аб правяраннях кароўнікаў: ва Ушацкім раёне каровы «ляжалі ў гнойнай жыжы», таксама «загноеныя» кароўнікі знайшліся ў Дубровенскім і Аршанскім раёнах; ва Ушачах хворых кароў не лекавалі і трымалі разам са здаровымі; у Чашнінскім раёне цялятаў кармілі гнілым і зацвілым сенам…
Паводле іншага дакументу ад «BELPOL», які аналізавала «Еўрарадыё», падобныя праблемы назіраюцца ўва ўсёй Беларусі: у першыя пяць месяцаў 2024 года рост смерцяў буйной рагатай жывёлы назіралі ў 89 са 118 раёнаў.
У гэтым дакуменце таксама прыводзіліся страшныя прыклады. У Лідскім раёне дамкі для цялятаў былі запоўненыя гноем, у Слонімскім раёне цялятаў трымалі на дварэ, прывязанымі вяроўкаю за нагу да плота, без вады і камбікорму…
«Жэстачайшыя патрабаванні» замест рэформаў
Летам 2024 года Аляксандр Лукашэнка расказваў, што за 2023-і падзёж кароў дасягнуў у Беларусі рэкорду – 122,5 тысячы галоваў. Падобна, за 2024-ы рэкорд пабілі.
Лукашэнка тады чарговы раз абураўся тым, што цяляты дохнуць праз «пачварнае і амаральнае стаўленне да жывёлы», патрабаваў «жэстачайшым чынам разабрацца і дакласці».
Праўда, патрабаванні Лукашэнкі і заявы, што «каровы – гэта святое», не азначаюць сістэмных рэформаў. Яшчэ ў 2019 годзе ён учыніў «разнос у кароўніку», які стаўся мэмам і прычынаю звальнення кіраўніка аблвыканкаму і віцэ-прэм’ера. Ды навіны пра «абасраных кароў» яшчэ не раз з’яўляліся з таго часу.
І праблемы не толькі з жывымі каровамі: могільнікі таксама трымаюць недагледжанымі, жывёлу хаваюць у ямах па-за могілкамі. Пракуратура не выключае, што ў Беларусі зноў прадаюць здыхляціну з жывёльных могільнікаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu