навіны

У Беларусі зноў прадаюць здыхляціну з жывёльных могільнікаў? Пракуратура такога не выключае

Карова
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Карова. Фота: Rawpixel.com / CC0
podpis źródła zdjęcia

Генпракуратура ўжо справаздачылася Лукашэнку, што менскіх дашкольнікаў кармілі мясам з жывёльных могільнікаў. Але мноства могільнікаў не ахоўваюць надзейным чынам ад тых, хто жадае прадаць здыхляціну, вынікае з матэрыялу, што здабыў «BELPOL».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: vgr.by

Зліў: менскіх дзяцей кармілі здыхляцінаю

навіны

У снежні «Белсат» расказваў, як беларусаў кармілі здыхляцінаю. Арганізацыя «BELPOL» тады здабыла дакладную запіску, што генеральны пракурор Андрэй Швед скіраваў Аляксандру Лукашэнку: штогод сілавікі выяўляюць сотні фактаў хавання падзяжу, пастаўкі тушаў здохлага быдла пад выглядам жывога на забойныя пляцоўкі, продажу такога быдла. Мясам з могільнікаў, небяспечным для здароўя, кармілі нават дашкольнікаў.


Лукашэнка даручаў разабрацца яшчэ ў пачатку мінулага траўня, Генпракуратура справаздачылася ў канцы траўня. Ды прычыну не зліквідавалі. Арганізацыя «BELPOL» падзялілася з «Белсатам» новым лістом з пракуратуры Гомельскай вобласці, скіраваным 6 снежня 2024 года ў Гомельскі аблвыканкам. 


Органы пракуратуры паведамілі, што правялі правяранні 196 могільнікаў у Гомельскай вобласці і на 70 – больш як траціне – выявілі парушэнні санітарных правілаў. Прывялі мноства прыкладаў. 


  • На прадпрыемстве «Дабрынь» (Ельскі раён) пашкоджаная агароджа могільніку, няма траншэі, на біятэрмічнай яме (яме Бэкары) няма замка. 
  • Ключы ад могільніку прадпрыемства «Людзеневічы» (Жыткавіцкі раён) захоўваюцца проста на могільніку, а не ў адказнай асобы, і вечка ямы не зачыненае.
  • У могільніку прадпрыемства «Зорка Палесся» каля паселішча Баравое (Лельчыцкі раён) не зачыненыя на замок плот і яма, а ёмістасць для ўтылізацыі жывёлы перапоўненая і не апрацаваная спецыяльнымі прэпаратамі.
  • Па тэрыторыі могільніку прадпрыемства «Дубовіца» (Кармянскі раён) раскіданыя трупы жывёлінаў і смецце, яма перапоўненая, брама не зачыненая.
  • Прадпрыемству «Курыцічы» (Петрыкаўскі раён) пракуратура ў ліпені паказвала, што тэрыторыя могільніку не абсталяваная належнымі траншэяй і валам, а праз два з лішнім месяцы праверка паказала, што парушэнне не ліквідавалі.
  • Прадпрыемству «Палескае» (Светлагорскі раён) не хапіла двух месяцаў, каб адрамантаваць агароджу, адзін з бакоў якой проста ўпаў, іншыя хісталіся.
  • Яма могільніку прадпрыемства «Радзіма» (Калінкавіцкі раён) ужо год не выкарыстоўваецца, бо запоўненая, а вечка адчыненае. Жывёлінаў хаваюць у простых ямінах каля могільніку і ў лесе паблізу.
  • У гаспадарках «Неначскае» і «50 гадоў БССР» у тым жа раёне могільнікі дык наагул «не мелі візуальных прыкметаў выкарыстання», а жывёлу хавалі ў звычайных ямінах, а то і проста кідалі на зямлі, не закапаўшы.
  • І яшчэ мноства прыкладаў з падрабязнасцямі і без. 


Шэраг раённых ветэрынарных станцыяў не выконваў усіх прадпісанняў і належных «захадаў тэхнічнага характару», а кармянская і рагачоўская раённыя ветэрынарныя станцыі зусім не праводзілі тых мерапрыемстваў і не выконвалі прадпісанняў.


Яскравы прыклад безгаспадарнасці прыводзяць з прадпрыемства «Прыбалавічы» (Лельчыцкі раён). У канцы красавіка Лельчыцкая райветстанцыя напісала кіраўніцтву прадпрыемстваў, каб паставілі замок на вечка біятэрмічнай ямы могільніку, зрабілі над ёй навес, памяшканне для захоўвання інвентару, спецадзення і спецсродкаў, парамантавалі агароджу. Праз 12 дзён з прадпрыемства папрасілі адтэрмінаванне аж на 7 месяцаў, бо «няма сродкаў». Райветстанцыя пакінула гэтае хадайніцтва без увагі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каровы ў аграгарадку Дзераўная, Стаўбцоўскі раён, Беларусь. 17 ліпеня 2022 года. Скрыншот: CTVBY / Youtube
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каровы ў аграгарадку Дзераўная, Стаўбцоўскі раён, Беларусь. 17 ліпеня 2022 года. Скрыншот: CTVBY / Youtube

І яшчэ адзін прыклад – з прадпрыемства «Імя Кутузава» (Калінкавіцкі раён). У чэрвені кіраўніку выставілі прадпісанне, бо на могільніку не была зачыненая брама, а таксама не было звестак пра адказную асобу. Праз два месяцы прыйшлі праверыць. Пабачылі, што парушэнні не зліквідаваныя, а на дадатак да таго на ўсёй тэрыторыі могільніку раскіданыя трупы жывёлінаў. І ў выніку райветстанцыя нават не пачала адміністратыўны працэс за «парушэнне ветэрынарных патрабаванняў» (арт. 16.28 КаАП РБ), хоць мела ўсе падставы.


Пракуратура нагадала, што ў 2023 годзе ў Гомельскай вобласці былі выяўленыя выпадкі ўскрыцця могільнікаў з мэтай вымання трупаў жывёлінаў. «Асаблівую занепакоенасць» пракуратуры выклікала высокая імавернасць далейшага продажу здыхляціны прадпрыемствам і траплянне яе ў крамы і ўстановы харчавання.


У выніку пракуратура вынесла прадстаўленні і прадпісанні, дамаглася прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці двух кіраўнікоў прадпрыемства і аднаго ветэрынара, прыцягнення яшчэ аднаго кіраўніка да дысцыплінарнай адказнасці. У аблвыканкаму пракуратура прасіла прыняць захады да ліквідацыі парушэнняў і выканання заканадаўства.


Ці выканаюць – пакажуць наступныя правяранні. Ды не факт, што ўвага пракуратуры або нават Лукашэнкі гэта зменяць. Так, Лукашэнка ў 2019 годзе зладзіў чыноўнікам «разнос» за «абасраных кароваў» у Шклоўскім раёне, а ў 2023-м Гомельская пракуратура ўсё яшчэ знаходзіла гаспадаркі, з якіх гной даводзілася вывозіць поўнымі грузавікамі.


Чаму незачыненыя могільнікі – гэта кепска


З ранейшага ліста Генпракуратуры вядома, што былі выяўленыя сотні фактаў хавання падзяжу, пастаўкі тушаў здохлага быдла пад выглядам жывога на забойныя пляцоўкі, продажу такога быдла. Паводле гэтых фактаў парушэнняў пракуроры завялі больш за 450 крымінальных справаў, яшчэ больш за 600 – іншыя праваахоўныя органы. Адна са злачынных групаў прадала не менш за 22 тоны мяса здохлых жывёлінаў пад выглядам дабраякаснай ялавічыны арганізацыям гандлю і грамадскага харчавання Менску, Менскай вобласці і ў Расею. Генпракурор пісаў Лукашэнку, што «недабраякасная мясная прадукцыя рэалізоўвалася таксама ў дашкольныя ўстановы Менску і Менскага раёну».


Доктарка-нутрыцыёлаг Алеся Трыфан тлумачыла «Белсату», што мяса з жывёламогільнікаў можа змяшчаць трупныя яды, патагенныя мікраарганізмы кшталту кішачнай палачкі і сальманелы, гельмінты, вірусы, антыбіётыкі, хімікаты… Гэта можа выклікаць атручанне з ванітамі, дыярэю, абязводжванне, парушэнне мікрафлоры кішачніка, цяжкія інфекцыйныя захворванні. Асабліва гэта небяспечна для дзяцей, у якіх можа быць не да канца сфармаваная мікрафлора, таму заражэнне можа нанесці шкоду як стрававальнай, так і імуннай сістэме.


Адмысловец у сельскай гаспадарцы, колішні старшыня калгасу Мікалай Лысянкоў выказваў больш аптымістычную тэорыю: можа, гэта карупцыйная справа. Магчыма, добрую жывёлу пускалі на забой, спісвалі як паморак і толькі на паперы закідвалі ў яму, а насамрэч прадавалі камерцыйным структурам. Ды што Гомельская пракуратура, што Генеральная пракуратура пра карупцыю не пішуць.


А пакуль у Беларусі не могуць павесіць замок на кожны могільнік, нават у Расеі і Казахстане думаюць зусім адмовіцца ад могільнікаў на карысць спальвання мёртвых жывёлінаў у інсінератарах, крэматарах і іншых адмысловых печах. У Расеі ад 1 верасня 2024 года забаранілі стварэнне новых могільнікаў, а выкарыстанне старых дазволілі толькі да 2030 года. Гэта тлумачаць тым, што могільнікі могуць раскапаць не толькі людзі, але і жывёліны, а адтуль могуць разнесціся шматлікія хваробы. 


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10