Самаабвешчанае Прыднястроўе адмовілася ад дапамогі Еўрапейскага Звязу ў куплі прыроднага газу. Замест гэтага Расея праз арабскую кампанію будзе набываць газ для рэгіёну ў Вугоршчыне. Пры гэтым Тыраспаль вымушаны пайсці на саступкі Кішынэву, які гарантуе атрыманне сыравіны.
«У сярэднетэрміновай перспектыве прапанова ЕЗ памерам 60 мільёнаў еўраў была развязаннем для вызвалення прыднястроўскага рэгіёну ад шантажу і энергетычнай нестабільнасці. Тыраспаль адмовіўся ад гэтага развязання. Расея не дазволіць ім прыняць еўрапейскую дапамогу, баючыся страціць кантроль над рэгіёнам. Асноўная ўмова, ад якой адмовіўся Тыраспаль, – паступовае павышэнне спажывецкіх тарыфаў. У выніку яны не змогуць атрымаць грошай з 60 мільёнаў еўраў еўрапейскай дапамогі», – паведаміў прэм'ер Дарын Рэчэан, перадае «NewsMaker».
Паводле палітыка, прыднястроўскія ўлады выбралі варыянт, у выніку якога жыхары рэгіёну «будуць працягваць жыць у стане непрадказальнасці і турбавацца пра атрыманне газу». Яно не развязвае праблемы ў доўгатэрміновай перспектыве, але Кішынэў не будзе блакаваць паступлення газу і не дазволіць людзям на левым беразе змерзнуць, адзначыў Рэчэан.
Як будзе паступаць газ?
Кіраўнік Прыднястроўя Вадзім Краснасельскі ў сваю чаргу адзначыў, што рэгіён будзе атрымліваць газ праз вугорскую кампанію пры ўдзеле «Moldovagaz».
,,«Вугорская пастаўка сталася магчымай пры расейскім крэдытным і функцыянальным падтрыманні. Дзякую прадстаўнікам Міністэрства энергетыкі РФ за дапамогу. Прыднястроўцаў хачу супакоіць. Рэспубліка будзе забяспечаная газам. Энергасістэма стабілізуецца», – адзначыў ён.
Паводле «NewsMaker», дубайская кампанія «JNX General Trading» заплаціць вугорскай кампаніі «MET Gas and Energy Marketing», якая даставіць газ да малдаўскай мяжы на падставе кантракту, падпісанага з «Moldovagaz».
Тыраспаль будзе загадзя аплачваць транзітныя выдаткі за газ, які транспартуецца ад мяжы Малдовы ў рэгіён у адпаведнасці з пагадненнем паміж «Moldovagaz» і «Тираспольтрансгаз».
,,«Афіцыйны Кішынэў дазволіць гэты транзіт, а Тыраспаль зробіць шэраг дзеянняў, каб прадэманстраваць адкрытасць: вызваліць палітвязняў, развяжа праблему сярэдняй школы ў Рыбніцы, захавае ў сетцы трансляцыі грамадскае малдаўскае тэлебачанне, дэмантажуе створаныя ў 2022 годзе кантрольна-прапускныя пункты», – паведамляе выданне.
Энергетычны крызіс у рэгіёне
1 студзеня Расея спыніла падачу газу ў Малдову, у выніку чаго без яго застаўся і прарасейскі сепаратысцкі рэгіён Прыднястроўе. Гэта выклікала энергетычны крызіс у самаабвешчанай рэспубліцы.
1 лютага, пасля пачатку падачы ў Прыднястроўе газу, набытага Кішынэвам на грошы ЕЗ, у рэгіёне спынілі веерныя адключэнні электрычнасці і пачалі падачу цяпла ў дамы спажыўцоў. Еўразвяз прапаноўваў дапамогу яшчэ памерам 60 мільёнаў еўраў на набыццё газу, але для гэтага рэгіёну выставілі ўмовы: абмеркаваць і ўзгадніць з Кішынэвам спосабы захавання правоў чалавека і асноўных свабодаў у рэгіёне; паступова прывесці тарыфы ў рэгіёне да рынкавых коштаў; буйныя экспарцёры Прыднястроўя павінны будуць плаціць за энергію паводле рынкавых цэнаў; энергаёмістую прамысловасць выключаць з праграмы падтрымання. Але Тыраспаль у выніку адмовіўся ад дапамогі.
Якуб Хруст belsat.eu