Кампанія «Малдовагаз» пачала дастаўляць газ у Прыднястроўскі рэгіён 1 лютага, праз месяц без паступлення расейскага газу, піша «Europa Liberă Moldova».
Выканальнік абавязкаў дырэктара кампаніі «Малдовагаз» Вадзім Чэбан паведаміў «Free Europe», што газ далі а 08:30, а аб'ёмы дастатковыя «для падтрымання ціску» ў сістэме.
Цягам месяца пасля спынення расейскага газу Прыднястроўе выкарыстала ўсе запасы.
Вадзім Чэбан адзначыў, што пакуль праз Днестр ідзе газ, які ўжо быў у трубаправодах на правым беразе, то бок гэта не новыя закупкі на еўрапейскім рынку.
Урад Малдовы паабяцаў рэгіёну пакуль толькі 3 млн кубаметраў газу, каб ціск у прыднястроўскіх трубаправодах не ўпаў да небяспечнага ўзроўню.
Прыднястроўе павінна вярнуць 3 млн кубаметраў газу да 1 сакавіка 2025 года.
Кіраўнік Прыднястроўя Вадзім Краснасельскі заявіў, што «запазычаны» газ прызначаны для «тэхнічных» мэтаў і не ёсць «гуманітарнай дапамогай».
Расейскі газ не паступаў у Прыднястроўе з 1 студзеня 2025 года. Гэта адбылося пасля таго, як Украіна спыніла транзіт расейскага газу праз сваю тэрыторыю. «Газпром» на гэтым фоне перастаў пасылаць газ праз Малдову, спасылаючыся на доўг памерам $ 709 млн. Урад Малдовы не прызнае запазычанасці.
Збой у паступленні газу быў катастрафічным для жыхароў Прыднястроўя, якія засталіся без газу, святла і цяпла.
Арсен Рудэнка belsat.eu